Пьяная дорожка привела в суд четверых несознательных жителей района
За 9 месяцаў на тэрыторыі раёна зарэгістравана 228 злачынстваў. З іх па лініі крымінальнага вышуку – 179. Большаць з іх здзейснена ў стане алкагольнага ап’янення.
Смерць на матацыкле
26-гадовы жыхар Гарадзішча, нягледзячы на малады ўзрост, з алкаголем сябраваў даўно. Быў п’яны і тады, калі ідучы з сужыцелькай па вуліцы, сустрэў аднавяскоўца, які ехаў на матацыкле. На сваю бяду матацыкліст спыніўся ля парачкі і п’яны маладзец тут жа пажадаў сесці за руль. Уладальнік матацыкла паспрабаваў адмовіць, ды дзе там! Моцна п’янага, а таму агрэсіўнага юнака было не спыніць. Вось ён ужо ўскарабкаўся на матацыкл, завёў яго і… Гэта, напэўна, была самая кароткая дарога ў яго жыцці. Яшчэ на вясковай вуліцы ён не справіўся з кіраваннем, перакуліўся і забіўся насмерць.
“Ратуйцеся, Лёшка з турмы выйшаў!”
Калі Лёшку першы раз прывялі ў суд, пасадзілі на стул, то ногі хлопца да полу не даставалі. Нават суддзя, які шмат чаго пабачыў, не мог стрымаць свайго здзіўлення юным ўзростам злодзея. Зараз хлопцу 22 гады, а кніга яго жыцця складаецца толькі з двух старонак: воля – калонія, якія з зайздроснай перыядычнасцю зменьваюць адна адну.
Як толькі Лёшка выходзіць на волю, у вёсках Бярозкаўскага сельсавета вэрхал. Пажылыя людзі на сяло адзін да аднаго не ходзяць, хаты не кідаюць, бо Лёшка — тут як тут. Бярэ ўсё, што пад руку трапіць. Моцна спаць ноччу таксама не рэкамендуецца, злодзей улазіць праз вакно і, нягледзячы на прысутнасць гаспадароў, бярэ тое, што яму спадабаецца. З нядаўняга часу вяскоўцам наступіла палёгка. Лёшка — за 7 эпізодаў крадзяжу ўласнай маёмасці грамадзян зноў пайшоў звыклым шляхам на зону.
Есці хочацца, а пахмяліцца яшчэ больш
Вялікай непрыемнасцю закончылася падарожжа ў райцэнтр для пенсіянера з Гняздзілава. Дзядуля зайшоў у краму, накупляў прадуктаў, прыхапіў і бутэльку піва. Да аўтобуса яшчэ быў час, таму вырашыў пасядзець на плошчы на лавачцы, паглядзець на прыгожы фантан. Сумку з купленым паставіў пад лаўку і загледзеўся на праходзячых міма людзей. Калі зірнуў пад лаўку, то сумкі там ужо не было. Стары ўскочыў, кінуўся туды-сюды і ўбачыў, як з плошчы з яго сумкай у руках уцякае невядомы мужчына. Дзядуля паспрабаваў бегчы за ім, ды дзе там, праз пару хвілін злодзей знік з вачэй.
Але ад міліцыі яму так лёгка ўцячы не ўдалося. Знайшлі, затрымалі і нават вярнулі дзядулю купленае сала. А вось піва злодзей выпіў, казаў, што надта хацелася апахмяліцца, «трубы гарэлі».
Напіўся да страты памяці
Падобным сцвярджэннем малады жыхар адной з вёсак Бягомльскага пассавета прыкрывае свой паскудны ўчынак, які ён зрабіў у адносінах да старшакласніцы адной са школ суседняга раёна. Толькі гэта не апраўданне. Здзяйсненне злачынства ў стане алкагольнага ап’янення з’яўляецца абцяжваючымі віну абставінамі.
Дзяўчына з сяброўкамі прыехала на свята ў Бягомль і трапіла ў пераплёт, які будзе, пэўна, памятаць усё жыццё. Ля ГДК да яе прычапіўся моцна п’яны хлопец. Дзяўчына адбівалася, як магла. Ды што можа зрабіць непаўналетняя са здаровым дзяцюком? Тое, што з дзяўчынай адбываецца нешта нядобрае, зразумелі дзеці, якія бегалі непадалёку. Яны пабеглі за міліцыяй. Праз некалькі хвілін міліцыянеры былі на месцы і ўбачылі тое, што называецца згвалтаваннем.
У. ВІШНЕЎСКІ,
начальнік раённага аддзялення Следчага камітэта Рэспублікі Беларусь падпалкоўнік юстыцыі.