Семиклассники Бегомльской школы признаны лучшими инспекторами движения
У Бягомльскай школе больш за 10 год працуе гурток “матацыклістаў і юных вадзіцеляў мапедаў”. З дапамогай Уладзіміра Глазко дзеці вывучаюць Правілы дарожнага руху, спрабуюць сябе ў ролі вадзіцеляў і пешаходаў, вучацца хутка і правільна рэагаваць на разнастайныя сітуацыі на дарогах. Кожны год яны правяраюць свае веды на тэматычных злётах-конкурсах, якія заўсёды ператвараюцца ў відовішчнае, цікавае мерапрыемства.
На чарговы злёт-конкурс 20 кастрычніка ў Бягомльскую школу прыехаў кампетэнтны госць – старшы дзяржаўтаінспектар аддзела ДАІ Докшыцкага РАУС маёр Аляксандр Сташэвіч. У школе ён перыядычна выступае з лекцыямі аб Правілах дарожнага руху. Дзеці яго ведаюць і паважаюць, таму стараліся паказаць добрыя веды.
Аляксандр Вячаслававіч прызнаўся, што вельмі рад прысутнічаць на мерапрыемстве, таму што бачыць зацікаўленасць настаўнікаў і дзяцей у вывучэнні Правілаў дарожнага руху і іх выкананні. Патлумачыў, што ўвага гэтай тэме ў цяперашні час вельмі актуальная, бо з надыходам восені і скарачэнні светлавога дня сітуацыя на дарогах ускладняецца. Інспектар нагадаў дзецям і дарослым пра неабходнасць насіць флікеры, быць на дарогах уважлівымі і асцярожнымі.
Намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце Алена Ярмола таксама ўзяла слова. Яна адзначыла важнасць дадзенага мерапрыемства, пажадала ўдзельнікам поспехаў і сказала, што незалежна ад вынікаў пераможа сяброўства.
Уладзімір Глазко растлумачыў парадак і правілы спаборніцтваў. Конкурс праходзіў паралельна ў чатыры этапы. Каманды правяраліся на веды Правілаў дарожнага руху: рашалі тэсты. Здавалі тэарэтычны экзамен па асновах медыцынскай падрыхтоўкі, адказвалі на пытанні па аказанні першай медыцынскай дапамогі пацярпеламу ў ДТЗ. Спаборнічалі ў кіраванні веласіпедам. Самым відовішчным было агітацыйна-мастацкае прадстаўленне. Агітбрыгады паказалі музычна-харэаграфічныя і тэатралізаваныя нумары, у якіх ратавалі за веданне і выкананне Правілаў дарожнага руху. Ацэнцы журы былі прадстаўлены і насценныя газеты, якія вучні падрыхтавалі спецыяльна да злёту.
Найбольш пераможцаў ва ўсіх конкурсах было з каманды 7 “А” класа “Дарожны ералаш”. Ім і аддалі першае месца. Каманда “БЭМС” 8 “А” класа заняла другое месца, а “Клаксон” 6 “А” – трэцяе.
Найбольш эрудзіраванымі ў пытаннях Правілаў дарожнага руху былі сямікласнікі Маша Глазко і Валера Бабака. Добрыя медыцынскія веды паказалі таксама сямікласнікі Юля Герасімёнак, Віка Чачуковіч і пацікласнікі Саша Марцінкевіч і Коля Супрановіч. Віртуознае кіраванне веласіпедам прадэманстраваў Эдуард Шпэт, вучань 6 “Б” класа.
Ва ўрачыстай абстаноўцы Аляксандр Сташэвіч уручыў пераможцам граматы аддзела ДАІ Докшыцкага РАУС і падарункі.
Таццяна СТАДОЛЬНІК.
НА ЗДЫМКУ: на старце іспытаў па кіраванні веласіпедам.