Варганская гора — историческое место в Докшицком районе
Вельмі часта пры паездках па Беларусі можна ўбачыць з трасы пагоркі правільнай формы. Не пагорачак, а сапраўдную гару бачна ўжо на выездзе з аграгарадка Порплішча Докшыцкага раёна. Яна ўзнікае на гарызонце з левага боку і суправаджае нас да самай мяжы з Глыбоцкім раёнам. Нават знешні выгляд прываблівае, кожнаму зразумела, што тут не абышлося без нейкіх таямніц і легенд. Спыняешся, напрыклад, у тых жа Варганах, і табе з радасцю выдаюць гісторыю пра тое , што некалі была вялікая бітва са шведамі ( французамі, туркамі). Было шмат забітых. Іх пахавалі. На месца пахавання салдаты шапкамі нанасілі з ваколіц зямлю. З той пары і ўзвышаецца Варганская гара.
Пачнём з паходжання. Навука звязвае фарміраванне сучаснага рэльефу Докшыцкага раёна і ўсёй Поўначы Беларусі з апошнім, Валдайскім, зледзяненнем, якое дасягнула найбольшай магутнасці 92-85 тысяч год таму назад. Затым ледавік паступова стаў таяць. Канчаткова знік каля 13 тысяч год таму. Пасля сябе ён пакінуў глыбокія ўпадзіны і ўзгоркі, што захаваліся да сучаснасці. Упадзіны паступова запоўнілі талыя воды і воды падземных крыніц. Маляўнічыя азёры — Нарач, Сэрвач — плады яго дзейнасці, Узвышшы — Сянцянская града, Варганская гара — таксама зрабіў ледавік.
Назва гары і ўзнікшага пазней на ёй і ля яе паселішча мае балцкія карані. Яе значэнне звязана з чарадзействам, варажбой, гаданнем.
Не заўсёды гэта была “Варганская гара”. У 19-м — пачатку 20 стагоддзя панавала назва “Гара Варганіца”. Іменна так яе называе мастак Драздовіч.
Варганіцы прысвечаны дзве яго гравюры, дзе гара паказана з розных пунктаў.
Гістарычная навука адносіць гарадзішчы — умацаваныя паселішчы – да ранняга жалезнага веку. Ён пачаўся на нашай тэрыторыі прыкладна за пяцьсот гадоў да нараджэння Хрыста. Людзі паступова сталі асвойваць выраб новага матэрыялу для прылад працы — жалеза. У мясцовага насельніцтва не было магчымасці карыстацца меднымі або бронзавымі прыладамі працы. Бліжэйшая медзь — у Карпатах або на Каўказе, волава – на Брытанскіх астравах. Калі што трапляла выпадкова, то гэты металічны прадмет вельмі шанаваўся і перадаваўся з пакалення ў пакаленне.
А сыравіна для вытворчасці жалеза — балотная руда — сустракаецца даволі часта. Кожны, хто восенню хадзіў па журавіны або касіў на балоце сена, заўважаў карычневыя разводы на вадзе, своеасаблівую плёнку. Старыя людзі называлі такія месцы ржаўкамі. Гэта адзін з паказчыкаў наяўнасці балотнай руды. Яе даставалі, высушвалі. Атрымліваўся парашок бурага колеру. Не кожны мог гэта рабіць. У любой мясцовасці былі свае “рудазнаўцы”. З палівам таксама праблем не было. Раней клімат быў крыху цяплейшы, хапала лісцёвых дрэў, з якіх можна было падрыхтаваць асобым спосабам драўляны вугаль, што мог даць дастатковую для спякання руды тэмпературу. Трэба падкрэсліць слова “спяканне”, бо каб атрымаць метал у вадкім выглядзе, тэмпературы ў прымітыўнай домніцы не хапала. Атрыманы “блін” даставалі, разабраўшы печку, разбівалі на некалькі частак для зручнасці апрацоўкі, зноў награвалі і кавалі каменнымі малаткамі. Атрымлівалася нешта падобнае на серп, нож або наканечнік кап’я. Паверхня атрыманай прылады была вельмі грубай, але гэта было жалеза!
Вось такім гарадзішчам жалезнага веку і з’яўляецца Варганская гара. На схілах добра прасочваюцца рэшткі абарончых валоў, ды і самі схілы вельмі крутыя. Даследваць Варганскую гару ў якасці помніка даўніны пачалі яшчэ ў канцы 19 стагоддзя. Першым гэта зрабіў расійскі археолаг Фёдар Васільевіч Пакроўскі, складальнік археалагічных карт Гродзенскай, Віленскай і Ковенскай губерняў, адзін з ініцыятараў і арганізатараў прайшоўшага ў 1893 годзе ў Вільні дзевятага археалагічнага з’езда.
Надавалі ўвагу Варганам і беларускія археолагі ў пасляваенны час. Тры разы — у 1949, 1965, 1972 гадах — наведваўся Аляксей Рыгоравіч Мітрафанаў, даследчык археалагічных культур жалезнага веку, асабліва культуры штрыхаванай керамікі і днепра-дзвінскай культуры. Суцэльных раскопак ён не праводзіў, а разведвальныя шурфы далі штрыхаваную кераміку і рэшткі ляпнога гладкасценнага посуду. Знаходкі адносяцца да 3-4 стагоддзяў нашай эры. У1997 годзе на гарадзішчы працаваў Э.М. Зайкоўскі, даследчык культавых месцаў Беларусі.
Сапраўдныя раскопкі праводзіў толькі Георгій Васільевіч Штыхаў. Ён даследаваў селішча і два курганы. Раскопкі праходзілі ў 1965 годзе. Яны выявілі сляды наземнага жылля з печкай-каменкай, жалезныя сярпы, жалезныя нажы, гліняныя формы для ліцця з медзі або бронзы, прасліцы, фрагменты глінянага посуду. Вучоны датаваў гэтыя знаходкі шостым стагоддзем. Так што Варганы маюць сталае насельніцтва не менш, чым на працягу тысячы чатырохсот год, а на ўмацаванай гары абараняліся ўжо праз трыста гадоў пасля нараджэння Хрыста. На жалезных прыладах бачны сляды грубай коўкі, яны шурпатыя, у ямачках ад удараў каменным малатком. Домніцу Штыхаў не знайшоў, але ж і раскоп у яго быў не вельмі вялікі, а тэрыторыя селішча даволі значная.
Зараз гара перажывае не самыя лепшыя часы. Нашы продкі наладжвалі на ёй Купалле, у пэўныя веснавыя і восеньскія дні палілі кастры, вадзілі карагоды, маліліся і шапталі заклінанні ля таямнічага каменя. Але ж яны не выкідвалі туды смецце, не білі там бутэлек. Зараз гэта — самая звычайная з’ява.
Групы вучняў са школ раёна там бываюць даволі рэдка. Але гэта месца настолькі прыкметнае і знакамітае, што рана ці позна туды пажадаюць узняцца турысты, і не толькі беларускія. Я ўяўляю рэакцыю японца, чэха або швейцарца. Гэта гістарычная каштоўнасць, і нам яе шанаваць і аб ёй клапаціцца.
Аўтар выказвае глыбокую ўдзячнасць фотамастаку Сяргею Аляксандравічу Васько, Ларысе Вацлаваўне Ждановіч, Канстанціну Шыталю за дазвол карыстацца іх фотаматэрыяламі.
Сцяпан Целеш.