Возле деревни Юхновка Докшицкого района находится большой Медведь-камень

Ёсць ля Юхнаўкі камень-Мядзведзь,
Мы ўсім класам хадзілі глядзець.
Як нам юхнаўскі Саўка казаў,
Француз золата там закапаў…
(З верша вучаніцы Прудніцкай школы Людмілы Мікалаевай.)

Сапраўды, у ваколіцах вёскі  Юхнаўка ёсць вялікі валун ледавіковага паходжання, які мясцовыя жыхары называюць Мядзведзь-каменем. З ім звязаны некалькі мясцовых легенд і традыцый, якія сваімі каранямі паходзяць з глыбокай старажытнасці.

Бягомльскі рэгіён наогул вельмі цікавы тым, што фактычна да сучаснасці на яго тэрыторыі шанавалі і шануюць мядзведзя — татэмную жывёлу гэтай мясцовасці.

 Гранітны валун, які потым сталі называць “Мядзведзь-камень”, трапіў на тэрыторыю нашага раёна прыкладна 80 — 11 тысяч гадоў таму назад падчас так званага Валдайскага зледзянення. Яно стварыла ўсыпаны валунамі рэльеф, маляўнічыя грады, пагоркі, азёры і ўзвышшы. Валуны звычайна гранітныя або кварцытавыя. “Мядзведзь” якраз гранітны, з буйназярністага ружовага граніту. Бачная вышыня валуна крыху больш за 2 метры, даўжыня — 3,7 метра, шырыня — 2,4 метра. На якую глыбіню камень схаваны ў глебу, сказаць цяжка, толькі відавочна, што “пад зямлёй” яго намнога больш, чым на паверхні. Знешне ён нечым сапраўды нагадвае мядзведзя.

Валуноў з такой назвай на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь усяго тры. “Цёзкі” нашага валуна ёсць ля вёскі Пушкары  Сенненскага і ля вёскі Знаменка Крупскага раёнаў.

Самае цікавае паданне, звязанае з Мядзведзь-каменем, мне распавядала кожны раз з новымі цікавымі падрабязнасцямі  жыхарка вёскі Юхнаўка Анастасія Юхнавец. Па яе словах французскі “ампіратар” конна ўцякаў з Расіі, везучы з сабой “купу” награбленага там золата. Недалёка ад вескі Юхнаўка на конніка напаў вялізны мядзведзь, які здолеў забіць каня, але “ампіратар” застрэліў мядзведзя. Ісці з золатам далей было нельга, бо яго было шмат, і імператар французаў зняў з мядзведзя скуру, закруціў у яе золата і закапаў недалёка ад тушы забітага ім звера. Прычым закапаў вельмі хітра, там, дзе ў паўдзён падае канец цені ад тушы мядзведзя. Сам жа, мабыць пешым парадкам, накіраваўся да сябе ў Францыю. Мядзведзь, як гаварыла бабуля Наста, быў не просты. Яго туша не згніла, а закамянела. З той пары і ляжыць Мядзведзь-камень у лесе.

На гэтым месцы расказу бабуля надоўга замаўкала. Затым, панізіўшы голас, гаварыла, што мядзведзь жыў у лесе не адзін. З ім была мядзведзіца з двума медзведзянятамі. Яны не змаглі перажыць смерць мядзведзя-велікана і таксама закамянелі.

Пра гэту падрабязнасць яна расказвала не заўсёды. Мабыць, у залежнасці ад настрою і натхнення. У літаратуры ніякіх звестак пра мядзведзіцу я не знайшоў і лічыў, што мядзведзіцу бабуля дабавіла для прыгажосці. Аднак восенню, калі лісця на дрэвах амаль не было і лес праглядваўся намнога далей, чым летам, я сапраўды знайшоў даволі вялікі валун і ля яго два меншыя камяні. Не ведаю, як даўно яны там ляжаць, але легенда, расказаная  Анастасіяй Юхнавец, знайшла нечаканае пацвярджэнне.
Мясцовыя бабулі, калі бывалі  ў лесе, кармілі “мядзведзьку”. Ля яго часта былі рассыпаны ягады. Не шмат. Жменька. Зараз гэтай традыцыі ніхто не падтрымлівае. Мабыць, таму і ягад стала менш.
Пацвярджае адносіны да мядзведзя як да татэмнай жывёлы жыхароў ваколіц Бягомля і існаваўшая яшчэ ў другой палове 19 стагоддзя традыцыя святкаваць Камаедзіцу. На гэта зусім не хрысціянскае свята, якое традыцыйна спраўлялі жыхары вёскі Ваўча, быў нейкім чынам дапушчаны свяшчэннік з Бягомля Пётр Васюковіч. Ён зрабіў апісанне ўсяго, што адбывалася ў Ваўчы падчас Камаедзіцы, і апублікаваў гэта апісанне ў “Мінскіх епархіяльных ведамасцях”. Але гэта ўжо іншая гісторыя.
На жаль, памёр Саўка.  Не стала і Анастасіі Юхнавец. Але расказаныя імі легенды застануцца ў памяці людзей.

Сцяпан Целеш.

2 комментариев для “Возле деревни Юхновка Докшицкого района находится большой Медведь-камень

  • 28.10.2012 в 12:31 пп
    Permalink

    Сцяпан Целеш, дзякуй Вам за цікавыя артыкулы!

  • 27.09.2019 в 1:31 пп
    Permalink

    Шаноўны спадар Целеш, з прыемнасцю азнаёміўся з Вашум артыкулам. Добра, што Вы занатавалі тое, што застаецца толькі на паперы, ці сайце, а сведкі ды апавядальнікі ўжо далёка ад нас. Гэтых легендаў я ня ведаў і таму прашу Вашага дазволу працытаваць Вас ў другім выданьні кнігі «Культавыя і гістарычныя валуны Беларусі», якое мы рыхтуем. Таксама прашу дазволу на змяшчэння ў кнізе Вашай ілюстрацыі «Мядзведзь-камень». Я асабіста фатаграфаваў камень у 1991 годзе і пажадана прывесці больш сучасную выяву легендарнага валуна.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *