Ирина Крук из ОАО «Барсучанка» не выдержала испытания лёгким трудом
Часта бываюць выпадкі, калі чалавек становіцца на тую жыццёвую дарогу, пра якую нават і марыць не мог. А праходзіць пэўны час, і сам здзіўляецца, як так здарылася, што шчасце сустрэў там, дзе не чакаў. Штосьці накшталт гэтага адбылося ў жыцці і Ірыны Крук (на здымку) – лепшай даяркі ААТ “Барсучанка”. Яна рана, лічы, адразу пасля школы, выйшла замуж, а таму набыць прафесію не паспела. Пайшлі дзеці. Трэба было зарабляць грошы, каб паставіць іх на ногі. Тагачасны старшыня калгаса Фёдар Іванавіч Маскалёнак прапанаваў маладой жанчыне пайсці на ферму. Спачатку яна вучылася даіць кароў: была чатыры месяцы вучаніцай, а затым стала працаваць самастойна. Праўда, напачатку працоўнай біяграфіі пэўны перыяд была падменнай даяркай: у Пералоях, Барсуках, Масловічах. Задавальняла зарплата, не ўзнікала іншых праблем апрача адной: хацелася мець сваю групу кароў.
Прайшло шмат часу. На рахунку Ірыны Крук не адна група, якую яна раздаіла. Кіраўніцтва ёй смела даручае такую важную справу, бо ўпэўнена, што Іванаўна справіцца. А Ірына Іванаўна ўвогуле спраўляецца з любым даручэннем кіраўніцтва, бо па натуры адказная, любіць парадак і дысцыпліну да педантызму. А таму ні ў якім выпадку не пойдзе з фермы дамоў, пакуль не навядзе належны парадак, не напоіць цялятак, не вычысціць стойламесцы.
У жывёлагадоўлі Ірына працуе амаль усё жыццё, калі не ўлічваць выпрабаванне “лёгкай працай”. Пасля таго, як боль у спіне скаваў рух жанчыны і ёй прапісалі лёгкую працу, яна нейкі год працавала на мясцовым ФАПе, наводзіла парадак у лячэбнай установе. Здавалася б, усё добра: работа побач з домам, не пыльная, не брудная, не цяжкая, паміж справай можна адпачыць. А яе гэта не радавала: хацела на ферму, да той справы, да якой душой прыкіпела. А тут і Сяргей Фёдаравіч – сённяшні дырэктар акцыянернага таварыства – пагутарыў з вопытным жывёлаводам, паабяцаў умовы працы, якія здароўю не нашкодзяць, і Ірына з радасцю пагадзілася вярнуцца на ферму. Зноў узяла групу на раздой і зноў з гэтым справілася выдатна. Калі пачалі цяліцца пяршачкі, у Ірыны было па 40-45 цялятак. Усіх дагледзела жанчына, выпаіла праз пальцы, навучыла піць з вядра, захавала ад хвароб і перадала аператарам на дарошчванне.
Зараз група кароў аператара машыннага даення І.І. Крук пераведзена ў новае памяшканне, а дакладней, у тое, дзе была праведзена рэканструкцыя. Чыста, утульна, прыгожа, светла на ферме, а значыць, так яно будзе заўсёды, бо ў Ірыны інакш быць не можа. Спадзяецца даярка і на павышэнне надояў ад каровак. Сёння некаторыя з іх даюць па 24 кілаграмы ў суткі, а гэта з’яўляецца сведчаннем таго, што ў наступныя гады іх прадуктыўнасць павялічыцца. Увогуле, Ірына на вока вызначае, з якой кароўкі будзе толк. Гэтаму яе вучыла маці-даярка, да нечага дайшла сама з цягам часу.
Нэлі БЯЛЯЎСКАЯ.
Фота А. Варанковіча.