На урожай следующего года в Докшицком районе работают уже сегодня

Ураджайнасць сельскагаспадарчых культур у многім залежыць ад якасці насеннага матэрыялу, па словах намесніка начальніка райсельгасхарчу па раслінаводстве Людмілы Бальчэўскай. Для сяўбы неабходна браць зярняты з высокай жыццястойкасцю, лабараторнай усходжасцю і добрай энергіяй пачатковага росту. Насенны матэрыял павінен адпавядаць патрабаванням, якія ўстаноўлены дзяржаўнымі стандартамі, быць ачышчаным ад смецця і адсартаваным па велічыні зярнят.  Такое насенне хутка дае дружныя ўсходы і пры правільна праведзеных доглядных работах – высокую ўраджайнасць.

Да ачысткі насеннага матэрыялу прыступілі ўсе сельгаспадаркі раёна. Праўда, справіліся з гэтым толькі ў ДП “Гняздзілава-Агра”, дзе ўжо здалі пробы зерня ў лабараторыю раённай інспекцыі па насенняводству, каранціне і хімічнай абароне раслін і чакаюць вынікаў аналізу. Актыўна працуюць над ачысткай насення ў ААТ “Таргуны” і ДП “АграСітцы”, а вось тэмпы работ у ДП “АграБераснёўка” выклікаюць трывогу. Тут ачышчана толькі 10 працэнтаў ад усяго аб’ёму насеннага фонду.

На цэнтральным складзе ДП “Гняздзілава-Агра”, куды мы наведаліся на днях, быў поўны парадак. Аграном-насеннявод Кацярына Пашкевіч расказвала:

– Сушку зерня вялі адначасова з уборкай ураджаю. Задзейнічаны ў гэты перыяд былі дзве зернесушылкі: старая “М-819” і новая “КЗСВ-30”. Пазменна працавалі Віктар Калбасіч, Дзяніс Папоў, Яўген Ерашэвіч, Максім Асаёнак, Сяргей Каляга і Андрэй Касцюк. За якасцю работ пільна сачыў галоўны аграном прадпрыемства Мікалай Міхайлавіч. Ён  і ўчасткі адводзіў для жніва зерня на насенныя мэты, а затым асаблівую ўвагу звяртаў на якасць падрыхтоўкі насеннага матэрыялу. Зараз на складзе знаходзіцца 109 тон ячменю “стратус”, 89 тон – ячменю “бровар”, 196 тон – пшаніцы “Дар’я” і 155 тон аўса сорту “багач”.

– Згодна з рашэннем аблсельгасхарчу, – гаворыць Людміла Бальчэўская, – усе сельскагаспадарчыя арганізацыі раёна павінны завяршыць чыстку насеннага матэрыялу  да 1 снежня. Час пакуль ёсць. Ёсць і людзі, якія не задзейнічаны неадкладнымі сельскагаспадарчымі работамі, і сартавальная тэхніка, а не хапае аднаго – арганізаванасці. Тым не менш, з даведзеным заданнем трэба справіцца.  

Нэлі БЯЛЯЎСКАЯ.

НА ЗДЫМКУ: у складзе ДП “Гняздзілава-Агра” аграном-насеннявод Кацярына Пашкевіч.

Фота В. Чарвінскага.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *