Озеро раздора в Докшицком районе между санаторием «Боровое» и местными властями

Воблік раёна складваецца з гістарычных помнікаў, храмаў, населеных пунктаў і дарог,  камфартабельных месцаў адпачынку і іншай інфраструктуры. Важна, каб людзям было камфортна жыць. Усё, што датычыцца гэтага пытання, знаходзіцца пад пільнай увагай улады. Кожны год радуе новымі здабыткамі. Сёлетні – разбітым у ваколіцы райцэнтра скверам, пракладзенай пешаходнай дарожкай, добраўпарадкаваным месцам адпачынку “Калоды”, прыгожым куточкам у стылі “кантры” ля Бярозкаўскай сярэдняй школы і шмат чым іншым, што робіць наш быт больш зручным, адпачынак – актыўным, а зямлю – прыгожай. У гэтай вялікай працы па навядзенні парадку, чысціні і прыгажосці прымаюць актыўны ўдзел усе суб’екты гаспадарання: прадпрыемствы, установы, камерцыйныя структуры і, канечне, само насельніцтва.

Таму такой нязвыклай падалася карціна, якую давялося бачыць на беразе вадаёма ў вёсцы Будачы (мясцовыя яго горда называюць возерам). Прыбярэжную паласу адгароджвалі… бетонныя слупы з рэшткамі калючага дроту на іх і ржавай металічнай сеткай, шматкі якой там-сям тырчалі з зямлі (здымак 1). Гэты “помнік” запушчанасці і безгаспадарчасці крыху аздаблялі дзве альтанкі для адпачынку і туалетныя кабінкі непадалёку. Як аказалася, так званая агароджа, якую некалі ўстанаўліваў санаторый «Баравое», менавіта ён арандуе  гэту зямлю, у тым ліку і частку возера, у Бягомльскага пассавета, прыйшла ў непрыгоднасць шмат год таму. Але, пэўна, па той прычыне, што знаходзіцца яна на супрацьлеглым беразе і таму не псуе агульны, дарэчы, вельмі прывабны воблік здраўніцы, да яе рамонту ў кіраўніцтва рукі так і не дайшлі. Чаго не скажаш пра паўночны бераг, які адведзены пад санаторны пляж (здымак 2). Між іншым пасля таго, як знікла перашкода ў выглядзе агароджы, бераг аблюбавалі “дзікія” адпачываючыя, бо хоць і знаходзіцца санаторый у маляўнічым густым  сасновым бары, але да яго рукой падаць ад трасы Мінск – Віцебск. Каб крыху акультурыць гэта месца, Бягомльскі лясгас, выконваючы рашэнне раённага выканаўчага камітэта № 361 ад 17 мая 2012 года, якое датычылася добраўпарадкавання наводных аб’ектаў,  паставіў альтанкі. Гэтым жа рашэннем санаторыю “Баравое” прадпісвалася адрамантаваць агароджу або прыбраць тое, што ад яе засталося. Можна было б адмовіцца ад арэнды гэтага кавалка зямлі наогул, і тады яго ўладальнік меў бы ўсе правы на арганізацыю месца адпачынку для ўсіх жадаючых. Тым больш, што іншага зручнага месца, каб  падысці да вады, тут і няма.  Але за лета не было зроблена ні тое, ні другое. Галоўны ўрач санаторыя Алег Ранейскі тлумачыць сваю бяздзейнасць тым, што ён, маўляў, і кроку зрабіць не можа без дазволу вышэйстаячага кіраўніцтва. Яно ж, па яго словах, ніякага рашэння наконт агароджы яшчэ так і не прыняло. Начальнікам раённай інспекцыі аховы прыродных рэсурсаў і навакольнага асяроддзя Віктарам Апанасевічам складзены пратакол агляду прыбярэжнай паласы возера, у якім адміністрацыі санаторыя ўказваецца на неабходнасць выдалення цвёрдых адходаў (дроту, металічнай сеткі), размяшчэнне якіх на зямлі не санкцыянавана. За невыкананне заканадаўствам прадугледжаны штрафныя санкцыі.

Тамара АЛЬШЭЎСКАЯ.

Фота В. Чарвінскага.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *