У Натальи Сакович из Нестеровщины есть любимая профессия

Шчупленькая, невысокая ростам, Наташа выглядае гадоў так на 30, не больш. А ў яе ўжо  сыны – старшакласнікі: Дзяніс вучыцца ў 11 класе, Вадзім – у 10-м. Трэцяга Мікіту мама лічыць маленькім, хаця і ён ужо сямікласнік. Жыве сям’я ў Несцераўшчыне, у вялікім  доме, які пяць год таму выдзеліла ёй гаспадарка. Муж працуе на пілараме, а сама Наташа – аператарам машыннага даення на МТФ “Стараселле”.

– Гэта мая адзіная прафесія, – расказвае маладая жанчына. – У 20 год як прыйшла на ферму, так да гэтага часу і працую тут. Шаснаццаць год ужо мінула. Сваю працу лёгкай не магу назваць: тры разы доім кароў, устаць трэба рана, а легчы позна. Уся ўборка ў хляве – таксама  работа даярак. Раз у тыдзень – санітарны дзень. Мыем вокны, трубы. Стамляешся за дзень. Таму калі ў мяне пытаюцца, чым займалася ў водпуску, адказваю: адсыпалася.

І ўсё ж занятак, які выбрала ў свой час Наталля, ёй падабаецца. Дружны, хаця і невялікі калектыў, нядрэнныя заробкі, любоў да жывёлы – усё гэта важныя складаемыя яе прафесіі. А калі яшчэ ўсё атрымліваецца ў выбранай справе, то і працаваць ахвота. Ад 50 кароў сваёй групы Наталля Леанідаўна атрымлівае самы высокі надой малака па ферме і з’яўляецца перадавой даяркай гэтага калектыву. Вельмі старанна даглядае цялятак, а таму захаванасць іх заўсёды высокая, маладняк поўнасцю перадаецца на дарошчванне. Не бывае выпадку, каб цяля загінула па яе віне. За поспехі ў працы імя стараннай працаўніцы  Наталлі Леанідаўны Саковіч занесена на раённую Дошку гонару.

Ганарацца сваёй мамай дзеці і ўжо з’яўляюцца нядрэннымі памочнікамі сваіх бацькоў. У час уборкі ўраджаю Дзяніс з Вадзімам працавалі на зернетаку,  нядрэнна зарабілі: – у ліпені больш  чым па 2 мільёны рублёў атрымаў кожны, у жніўні  – каля 2-х, бо рабочых дзён было менш. Заробленыя грошы вельмі дарэчы прыйшліся  ў час падрыхтоўкі да школы: самі сябе забяспечылі вопраткай, абуткам, вучэбнымі прыналежнасцямі. “Будзем і на наступнае лета працаваць на сушцы зерня”, – у адзін голас сцвярджаюць заахвочаныя поспехам хлопцы. А Дзяніс, як выпускнік у хуткім часе, ужо мае свае планы на будучыню. “Хачу вывучыцца на будаўніка, – кажа, – закончу вучылішча і буду будаваць дамы”. Яго рашэнне падтрымлівае і Вадзім. Па ўсім бачна, ён таксама пасля заканчэння школы не супраць атрымаць гэту ж прафесію.

А малодшы Мікіта, дык той ужо і на практыцы даказвае сваю зацікаўленасць да малярскай справы: такім самастойным і дзелавітым выглядаў хлопчык з пэндзлем у руках, калі ў дзень нашага наведвання гэтай сям’і старанна фарбаваў сцяну ў падсобным памяшканні, дзе ўстаноўлены кацёл для ацяплення. І ўвогуле ўсе члены  сям’і Саковічаў сваё жытло ладзяць уласнымі рукамі. Ленолеум на падлозе, плітка на столі, мэблевыя гарнітуры для залы,  кухні – усё гэта набывалі за ўласныя сродкі, майстравалі самі. Каб дом саграваў цяплом і ўтульнасцю.

Анна ЖОЎТКА.

НА ЗДЫМКУ: Наталля Леанідаўна Саковіч.

Фота В. Чарвінскага.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *