В Докшицкой школе № 1 растят экологов

Ці пагражае планеце энергетычнае зніштажэнне? Па якіх прычынах можа наступіць глабальнае пацяпленне? Якім спосабам можна захаваць прыродныя рэсурсы? Над гэтымі пытаннямі ў Докшыцкай школе № 1 граматна можа паразважаць нават першакласнік. Асабліва гэта стала для яго  лёгкім  пасля правядзення ў пачатковых класах тыдня экалогіі.

Арганізацыю тэматычнага мерапрыемства ўзяла на сябе класны кіраўнік 2 “А” класа Алена Вахавіч. Экалагічны тыдзень яна прымеркавала да  правядзення другога этапу рэспубліканскай акцыі “Дзень зямлі”.   Кожны дзень быў насычаны мерапрыемствамі, нетрадыцыйнымі заняткамі, творчымі і інтэлектуальнымі гульнямі і конкурсамі.

Пачаўся тыдзень урачыстым адкрыццём. На школьнай лінейцы дзеці атрымалі заданні падрыхтаваць насценгазеты і вырабы з прыроднага матэрыялу. За выкананне даручэнняў узяліся заўзята і натхнёна.

– Дзеці далучылі да працы мам і тат, старэйшых братоў і сясцёр, сяброў і знаёмых  – расказвае Алена Іванаўна.

– Карысталіся разнастайнымі падручнікамі, хадзілі ў бібліятэку, шукалі інфармацыю ў Інтэрнэце. Насценгазеты прыносілі не толькі ад класа, але і ад індывідуальных аўтараў. Яны былі цікавымі, арыгінальнымі і  інфармацыйна насычанымі. Вырабы з прыродных матэрыялаў таксама захапілі. За дапамогу сваім дзецям удзячнасці заслугоўваюць іх бацькі.

За час правядзення тыдня дзеці паспелі паглядзець відэафільм “Запаведныя тэрыторыі Беларусі”, здзейсніць віртуальную экскурсію ў музей экалогіі і прыроды, згуляць у інтэлектуальныя і конкурсныя гульні, КВЗ, “Поле цудаў”, якія былі індывідуальна распрацаваны з улікам узроставых магчымасцяў удзельнікаў. Цікава прайшлі экалагічныя алімпіяды, гульнятэка. Малышы рыхтаваліся і спаборнічалі ў ведах па тэмах “Дзіўныя жывёлы”, “Лекавыя расліны”, “Таямніцы прыроды”, “Вывучай і беражы прыроду роднага краю” і многіх іншых.

– Было бачна, што дзеці вельмі зацікавіліся працэсам падрыхтоўкі да конкурсаў і  экалагічнай тэмай.  На перапынках рэпеціравалі, правяралі адзін у аднаго вершы, раіліся наконт правільных адказаў, хваляваліся, падтрымлівалі адзін аднаго, – дзеліцца сваімі прафесійнымі назіраннямі Алена Іванаўна. – Гэта, безумоўна, вельмі станоўча паўплывала на згуртаванасць, пачуццё адказнасці, а самае галоўнае – дало перакананне ў важнасці экалагічнай граматнасці і выхаванасці. Многія вучні прызналіся, што даведаліся шмат новага і настолькі зацікавіліся некаторымі экалагічнымі тэмамі, што будуць іх вывучаць самастойна. Я і мае калегі з задавальненнем ім у гэтым дапаможам.

Тэматычны тыдзень завяршыўся экалагічным святам “Наша Зямля – у нашых руках”. Правялі яго вучні Алены Іванаўны – другаклашкі. На “вялікай” сцэне яны былі ўпершыню і асабліва хваляваліся з нагоды прысутнасці ў зале паважанага госця – начальніка раённай інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Віктара Апанасевіча. Але дэбют удаўся. Вучні, апрача таго, што даказалі, як многа яны ведаюць пра прыроду і  як заўзята гатовы яе ахоўваць, яшчэ і прадэманстравалі свае сцэнічныя таленты. Спявалі, чыталі вершы, паказвалі інсцэніроўкі, праводзілі гульні.  Усіх пераможцаў конкурсаў і алімпіяд ушанавалі апладысментамі і ўручылі ім заслужаныя ўзнагароды.

Віктар Ільіч выступіў перад дзецьмі, падзякаваў ім і настаўнікам за старанні і за любоў да прыроды. Ён сказаў, што правільнае экалагічнае выхаванне вельмі станоўча ўплывае на развіццё  асобы і дае ўпэўненасць у будучыні.

Таццяна СТАДОЛЬНІК.

НА ЗДЫМКУ: ідзе інтэлектуальная гульня “Таямніцы прыроды” для  чацверакласнікаў.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *