29 учеников Докшицкой школы № 2 стали победителями районной олимпиады
29 прызёраў раённай алімпіяды падрыхтавалі ў гэтым годзе педагогі гарадской школы № 2. Гэта самы высокі паказчык сярод усіх школ раёна. Удзельнічалі ў інтэлектуальным конкурсе 32 вучні школы, і толькі тры з іх не дацягнулі да прызавога месца.
– 16 педагогаў нашай школы рыхтавалі дзяцей да алімпіяды. Практычна ва ўсіх вызначыліся прызёры, – з гонарам расказвае дырэктар Іван Аляксандравіч Шкелка. – Ёсць настаўнікі, у якіх па два і больш пераможцаў. Напрыклад, настаўніца інфарматыкі Людміла Яўгенаўна Лукашэвіч падрыхтавала 6 пераможцаў. Кацярына Валер’еўна Копыл, настаўніца хіміі, – 3. Вучні Мікалая Уладзіміравіча Пранько занялі два першыя месцы па астраноміі і фізіцы. Па два прызёры ў Надзеі Анатольеўны Петрашкевіч, Аляксандра Сяргеевіча Манукова, Ліліі Казіміраўны Махонь. Называць можна ўсіх настаўнікаў. Яны правялі каласальную работу, з году ў год карпатліва ішлі да мэты. Я вельмі ўдзячны ўсім педагогам, якія рыхтавалі дзяцей да алімпіяд. Яны і іх вучні – гонар нашай школы.
– Як удалося падрыхтаваць 6 прызёраў? – папрасілі мы падзяліцца сакрэтам Людмілу Яўгенаўну Лукашэвіч.
– Сакрэт? – заўсміхалася настаўніца. – Вопыт і праца – вось увесь сакрэт. Я ў школе амаль 20 год, назапашана вялікая метадычная база. Здольных да праграміравання дзяцей бачу адразу, як пачынаю выкладаць прадмет. Ведаеце, праграміраванне – гэта як і музычнае мастацтва: ноты ведаюць усе, а музыку пісаць можа не кожны. Так выбіраю адораных дзяцей і пачынаю рыхтаваць іх да алімпіяды. Для гэтага ў мяне ёсць 14 гадзін пазаўрочнай працы, плюс пастаянныя індывідуальныя заняткі.
Легендай школы даўно стала настаўніца беларускай мовы і літаратуры Валянціна Сцяфанаўна Бальшунова. Яе вучні пастаянна ўдзельнічаюць ва ўсіх этапах інтэлектуальных іспытаў, паказваюць высокі ўзровень ведаў. Летась яе вучаніца Дар’я Абірала ўзяла прызавое месца на рэспубліканскай алімпіядзе. У гэтым годзе яна зноў паспяхова прайшла раённы этап і рыхтуецца ехаць у вобласць.
– У Дашы аналітычны склад розуму, яна ніколі не адказвае спантанна. Уважліва выслухае, падумае – толькі потым дае адказ, – расказвае пра сваю вучаніцу Валянціна Сцяфанаўна. – Гэтыя матэматычныя якасці дапамагаюць ёй і ў мове. Дашу я прыкмеціла яшчэ ў 5 класе, калі яна з лёгкасцю рашыла моўную задачу на логіку, з якой не маглі справіцца нават вучні старэйшых класаў. З той пары не магу нарадавацца з гэтай дзяўчыны. Яна сціплая, стрыманая, часам нават непрыкметная на ўроках – а такая адораная, разумная і высакародная! Прычым, паспявае не толькі ў філалогіі, яна моцная па ўсіх школьных прадметах. Кожны дзень мы з Дашай займаемся дадаткова. Поспех наш у тым, што мы з ёй сышліся характарамі і адчуваем вялікую адказнасць адна перад другой.
Словы сваёй настаўніцы пацвердзіла і сама Даша:
– Я не магу падвесці Валянціну Сцяфанаўну. Яна аддае мне столькі часу, столькі сіл! Я ўдзячна ёй за тое, што дапамагла мне праявіцца, адчуць упэўненасць у сабе. У мяне ёсць галоўная мэта, да якой па прыступках вядзе мяне любімая настаўніца.
На абласны этап алімпіяды разам з Дашай Абірала паедзе і яе аднакласніца Кацярына Зінькевіч. Будзем чакаць іх з перамогай.
Таццяна СТАДОЛЬНІК.
На ЗДЫМКАХ: 1. Так, настойлівай працай, В.С. Бальшунова і Дар’я Абірала “пакараюць” рэспубліку. 2. Л.Я. Лукашэвіч падрыхтавала 6 прызёраў раённай алімпіяды школьнікаў.