Сколько стоит Дед Мороз в Докшицах?
Адразу папярэджваем вас, шаноўныя бацькі, гэты артыкул не павінен трапіць на вочы вашых дзяцей у тым выпадку, калі яны ўжо ўмеюць чытаць і яшчэ вераць у Дзеда Мароза.
Самым запамінальным святам з нашага дзяцінства з’яўляецца Новы год, нават дзень нараджэння не так чакаецца. Новы год – гэта не толькі падарункі пад ёлкай, але і казачныя сустрэчы з яго галоўнымі героямі – Дзедам Марозам і Снягуркай. Стварыць гэту цудоўную казку для дзяцей стараюцца не толькі выхавацелі ў дзіцячых садках, настаўнікі ў школах, але і бацькі. Што не зробіш для свайго любімага нашчадка, каб ён паверыў у навагодняе цуда. Яшчэ з дзясятак год таму нашы бацькі пераапраналі суседскіх татаў і мам у Дзеда Мароза і Снягурку, каб тыя віншавалі нас са святам, а потым самі чаплялі бараду і забаўлялі суседскую дзетвару. Сёння паслугі Дзеда Мароза і Снягуркі аказваюць некалькі арганізацый. Якія і колькі яны каштуюць – гэта пытанне сёння хвалюе многіх бацькоў.
Вось ужо некалькі год запар карыстаецца папулярнасцю паслуга “Ліст ад Дзеда Мароза”, якую прапаноўвае Белпошта. Напярэдадні Новага года паштальён дастаўляе на дом пасылку, у якой дзіця знойдзе не толькі ліст ад самога дзядулі, але і падарункі. Кошт такой паслугі 75 тысяч рублёў. Як паведамілі ў аддзяленні Белпошты, сёлета ўжо паступіла больш за 50 заказаў, і гэта колькасць яшчэ павялічыцца. Тут жа прапаноўваецца і такая паслуга, як візіт на дом Дзеда Мароза і Снягуркі. Гульні, загадкі, карагоды ля ёлкі – праграма на 20-30 хвілін будзе каштаваць у будні 160.000, у выхадныя і святочныя дні – 200.000 рублёў. Гэта толькі цана за візіт, падарунак бацькі перадаюць Дзеду Марозу ўласны. Зрабіць заказ на гэтыя паслугі можна па тэлефонах 2-10-33 ці 2-16-50. Паштальёнаўскі Дзядуля можа выехаць і ў сельскую мясцовасць, але толькі не ў аддаленыя вёскі ад райцэнтра.
Аддзел культуры райвыканкама таксама прапаноўвае арганізаваць у вас дома для дзіцяці неверагодную сустрэчу з Дзедам Марозам і Снягуркай. Такая паслуга з году ў год карыстаецца ўсё большай і большай папулярнасцю ў культработнікаў. У пераднавагоднія дні заказаў вельмі шмат, а таму неабходна загадзя паклапаціцца пра гэта, каб паспець. Тым больш, што візіт Дзеда Мароза і Снягуркі ў іх самы танны, а менавіта 50.000 рублёў. Праграма, якую прапаноўваюць культработнікі, таксама складаецца з некалькіх конкурсаў, карагодаў і традыцыйных расказаў, вершыкаў, уручэння падарункаў (загадзя падрыхтаванага бацькамі). Запрасіць навагодніх герояў можна пазваніўшы па нумары 2-17-20.
Зразумела, не ўсе бацькі маюць фінансавую магчымасць стварыць такое свята на даму. У выпадку, калі вашае дзіця не трапіць на навагодні ранішнік (у дзіцячым садку, школе, ці на карпаратыўны ранішнік ад вашай арганізацыі), а жаданне сустрэцца з Дзедам Марозам, Снягуркай і іншымі казачнымі героямі ў яго вельмі вялікае, не перажывайце – выйсце ёсць. У кінаканцэртнай зале “Іскра” 3 студзеня ў 12.00 гадзін адбудзецца гарадскі навагодні ранішнік, дзе вас і вашых дзяцей будзе чакаць цудоўнае казачнае прадстаўленне з навагоднімі героямі і падарункамі.
Таццяна ШУЛЬГАТ.