Свиновод из Порплищ Докшицкого района получил дом за хорошую работу

2012 год для свінавода ДП “Порплішча” Дзмітрыя Уліцкага выдаўся надзвычай удалым. Жыццё склалася так, што ён задаволены як справамі дома, так і на вытворчасці. Пры падвядзенні вынікаў раённага спаборніцтва сярод аператараў па догляду парасят ён выйшаў пераможцам. На свяце работнікаў сельскай гаспадаркі і перапрацоўчай галіны яго запрасілі на раённую сцэну, і ў прысутнасці лепшых з лепшых начальнік райсельгасхарчу Н.П. Бортнік выказала яму ўдзячнасць за працу.  Такой павагі да сваёй сціплай персоны Дзмітрый ніяк не чакаў, а таму быў вельмі ўзрушаны і задаволены. Па яго словах, зараз ён гатоў працаваць яшчэ лепш, каб апраўдаць высокі гонар і адзнаку сваёй працы.

За працу свінавода зацікавілі з двух бакоў: маральна і матэрыяльна. Пару дзён назад ён атрымаў дом у аграгарадку. Да нядаўняга часу жыў пад адным дахам з бацькамі жонкі і нават не марыў пра сваё асобнае  жыллё. І вось табе радасць дык радасць. Пакуль маладыя людзі не плануюць пераязджаць на новае месцажыхарства з немаўляткам. Трэба давесці да ладу дом, абставіць яго належным чынам. З гэтымі прыемнымі думкамі і жывуць маладыя жывёлаводы ДП “Порплішча” Дзмітрый і Валянціна Уліцкія.

Дзмітрый Уліцкі нарадзіўся пад Мінскам, у адной з невялікіх вёсак. Але лёс распарадзіўся так, што жыццёвая дарога прывяла яго не ў гарадскую сталіцу, а вясковую – аграгарадок. За жонкай паехаў у правінцыю. І не пашкадаваў. Спачатку ўладкаваўся на працу ў будаўнічую брыгаду, але неяк заўважыў яго загадчык свінафермы Уладзімір Дзехцяронак і прапанаваў работу ў свінагадоўлі. Малады чалавек нядоўга разважаў над прапановай. Прыняў парасятак ва ўзросце ад двух да чатырох месяцаў, пабыў вучнем у сваёй залоўкі, а ў хуткім часе і ў пераможцы выйшаў.

– Справу ў жывёлагадоўлі лічу больш мужчынскай, чым жаночай, – выказаў сваю думку ў час размовы малады свінавод. – На ферме праца, лічы, поўнасцю ручная. Толькі кармы ў хлеў падвозяць на трактары. А далей у ход ідуць ваганеткі, вёдры, лапаты. Мне, скажу чэсна, гэта не цяжка. Паспяваю хутка раздаць корм, вычысціць клеткі, дапамагчы ветурачу правесці вакцынацыі.

Стараннасць і ініцыятыва Уліцкага не засталася не заўважанай. Кожны месяц ён атрымлівае да асноўнага заробку прыкладна 700 тысяч рублёў дадаткова, бо на прадпрыемстве дзейнічае каэфіцыент працоўнага ўдзелу. А па словах загадчыка фермы, як не ўлічыць тое, як працуе работнік, з якой ініцыятывай і адказнасцю падыходзіць да справы? З Дзмітрыем няма праблем: парасяткі ў яго групе дагледжаныя. На 400-420 грамаў прыбываюць за  суткі. Практычна, не хварэюць. Урэшце, калі здараюцца адзіночныя выпадкі, то свінавод адразу заўважыць і пры своечасовым умяшанні ветурача яны хутка становяцца на ногі. У хляве парадак. Ён сам уключыць транспарцёр, не чакаючы, калі прыйдзе слесар, выдаліць з памяшкання гной. А калі сказаць адным сказам, то працуе мужчына сумленна.

За плячамі ў нас застаўся спецыфічны водар свінафермы, яе не зусім прыглядны выгляд, бо памяшканні старыя, а чырвоная цэгла, з якой пабудаваны хлявы, крышыцца, але ўсё ж  засталіся прыемныя ўражанні ад сустрэчы. Вось дзе ўжо справядлівае выказванне: не месца красіць чалавека, а чалавек – месца.

Нэлі БЯЛЯЎСКАЯ.

НА ЗДЫМКУ: вось у гэтым доме будзе жыць сям’я свінавода Дзмітрыя Уліцкага.

Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *