Семейная династия Ломановичей из ГП «Гнездилово-Агро» Докшицкого района

Юрый Ламановіч (на здымку) добра памятае той час, калі ён, як і іншыя хлапчукі яго ўзросту, захапляўся тэхнікай. Старэйшыя самі прапаноўвалі пакатацца на трактары, нават давалі руляваць. Напэўна, гэта акалічнасць і паўплывала на выбар юнака: спачатку ён скончыў Глыбоцкае СПТВ-168, затым у Юрыя з’явілася магчымасць вучыцца далей на майстара вытворчага навучання. Але ён вырашыў спачатку адслужыць у арміі. Два гады праходзіў службу ў  Туркменіі, на іранскай мяжы. А калі вярнуўся, пайшоў працаваць у мясцовую гаспадарку шафёрам. Праз пяць гадоў машыну змяніў на трактар. І цяпер ён – адзін з лепшых трактарыстаў-машыністаў  ДП “Гняздзілава-Агра”.

Прайшло ўжо 22 гады, як Юрый Ягоравіч шчыруе на палях сельгаспрадпрыемства. Сёння, як і ў 90-я гады сваёй маладосці, праца не перастала прыносіць задавальненне. З аднолькавай адказнасцю ён выконвае ўсе сезонныя работы: летам – на ўборцы ўраджаю ён за штурвалам камбайна КЗС-12, на пасяўной – у кабіне трактара “Беларус-3022”. У зімовы перыяд, у асноўным, дае водпуск сваім калегам.

Юрый Ламановіч – адзін з прадстаўнікоў хлебаробскай дынастыі. Яго бацька ў свой час таксама працаваў у гаспадарцы, і, вядома ж, сваім прыкладам паўплываў на далейшы жыццёвы шлях трох сваіх сыноў. Родныя браты Юрыя – Міхаіл і Павел – працуюць побач з ім: адзін – на машыне, другі – на трактары. Усе адносяцца да даручанай работы адказна. Ад кіраўніцтва ў адрас братоў Ламановічаў можна пачуць толькі станоўчыя водгукі.

Калегі па працы Юрыя Ягоравіча характарызуюць яго, як прыкладнага сем’яніна. Партрэт Ю.Я. Ламановіча, як дастойнага хлебароба, змешчаны на  раённай Дошцы гонару  сярод іншых перадавікоў народнай гаспадаркі раёна.

Клапатлівым мужам і бацькам ганарацца яго самыя блізкія людзі: жонка Таццяна, дарослы сын Сяргей, які зараз вучыцца ў ваеннай акадэміі і дзве дачушкі.

Таццяна ПАДБЯРЭЗКАЯ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *