Масленіца — самае смачнае свята

0059

Масленіца – адно з нямногіх старажытных язычніцкіх святаў праводзінаў зімы, якія былі прыняты хрысціянствам. Масленічны тыдзень пачынаецца за тыдзень да пачатку Вялікага Посту. У гэтым годзе – з 11 па 17 сакавіка.

Масленіца – гэта гарэзлівае і вясёлае развітанне з зімой і сустрэча вясны, якая нясе ажыўленне прыродзе і сонечнае цяпло. Людзі спрадвеку ўспрымалі вясну, як пачатак новага жыцця і шанавалі Сонца, якое дае жыццё і сілы ўсяму жывому. У гонар Сонца спачатку пяклі праснакі, а калі навучыліся гатаваць цеста з закваскі, сталі пячы бліны. Нашы продкі верылі, што разам з круглым, румяным бліном, так падобным на сонца, яны з’ядаюць часцінку яго цяпла і магутнасці.

Падчас Масленіцы гулянні працягваліся ўвесь тыдзень. Ніводнае свята не праходзіла так весела і разгульна. Лічылася, што калі ўволю не пацешыцца на Масленіцу – жыць у горкай бядзе.

Па вуліцах вазілі саламяную ляльку – Масленіцу – апранутую ў кафтан, шапку, перавязаную паяском, і ў лапцях. Пад канец Масленіцы яе спальвалі, так развітваліся з зімой.

Масленіца – гэта перш за ўсё сытная і багатая ежа. Бліны на Масленіцу пякуць кожны дзень з панядзелка, але асабліва многа з чацвярга да нядзелі (гэты час завецца шырокай Масленіцай). Начынка іх можа быць самай рознай, галоўнае – смачнай і багатай. Кожны мог знайсці сабе пачастунак і забаву на свой густ.

На плошчах усталёўваліся арэлі, каруселі, ішлі прадстаўленні скамарохаў, лялечнікаў. Праводзіліся самыя розныя спаборніцтвы: адны штурмавалі гладкі слуп, каб здабыць прывязаны ўверсе прыз, іншыя выходзілі памерацца сілай у кулачным баі. Баі праводзіліся па строгіх і справядлівых правілах: нельга было нападаць удваіх на аднаго, біць ляжачага.

Ва ўсіх забавах, што дарыла снежная зіма, з аднолькавым задавальненнем удзельнічалі і дзеці, і дарослыя. Каталіся з ледзяных гор на санках, санях, каньках.

Масленіца заканчваецца выдатным хрысціянскім звычаем прасіць адзін у аднаго прабачэння ў Даравальную нядзелю. Прасіць прабачэння трэба ва ўсіх, нават не адчуваючы віны. А ў адказ неабходна казаць: “Бог даруе”.

Ученики Янковской школы Докшицкого района распрощались с зимой

Пах бліноў і травяной гарбаты вітаў у перадапошні дзень зімы над вёскай Янкі. Так, з песнямі, гульнямі і добрым настроем развітваліся з зімой вучні і настаўнікі мясцовай школы. Прыйшлі на свята і мясцовыя жыхары, каб разам са школьнікамі спаліць саламяную ляльку – Масленіцу, і такім чынам сустракаць вясну.

Пакуль адны каталіся на санях (на здымку), іншыя ласаваліся румянымі блінамі з тваражком, варэннем і згушчонкай, грэліся духмяным чаем і паскаквалі ў рытм музыкі. Бавілі школьнікаў і гасцей скамарохі і іншыя казачныя героі, запрашалі ўсіх у гульні, карагоды.

Таццяна ШУЛЬГАТ.

Фота А. Варанковіча.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *