Не рабіце птушкам «мядзведжай» паслугі

1264450370_1264427086854

Часта на замерзлых вадаёмах можна ўбачыць лебедзяў ці качак. Сядзяць яны нахохліўшыся, слізгаюць па лёдзе і, напэўна, скардзяцца на сябе за тое, што не паляцелі з іншымі сабратамі ў цёплыя краіны. Прычынай іх неабдуманага рашэння часта бываюць людзі, якія з самых шчырых пабуджэнняў прынадзілі іх кармленнем. Зімой у такіх птушак адзіны шанец выжыць – дачакацца пачастунку, што прынясе чалавек. Удача, калі ежа не будзе шкоднай.

Начальнік Бягомльскай міжраённай інспекцыі аховы жывёльнага і расліннага свету Сяргей Захарэвіч расказаў, што кожны год на тэрыторыі Беларусі застаюцца на зімоўку дзясяткі тысяч вадаплаўных птушак. Шмат іх гіне з-за траўм, голаду і нярэдка – з-за няправільнага кармлення.

Канечне, карміць птушак зімой трэба. Холад і снег з’яўляюцца для іх сур’ёзным выпрабаваннем. Пахвальна, калі людзі робяць кармушкі, рэгулярна напаўняюць іх кормам. Аднак пры гэтым вельмі важна ведаць, якія пачастункі трэба выключыць з птушынага меню.

Вядучы ветурач-эпізаатолаг раённай ветэрынарнай станцыі Дзяніс Пацёмкін назваў ежу, якая для крылатых сяброў нашых меншых можа стаць атрутай:

– Птушкам нельга даваць салёную ежу. Нават некалькі салёных семачак ці кавалак салёнага сала могуць прывесці да смерці птушкі, бо яе арганізм не здольны выводзіць соль (выключэнне – толькі марскія птушкі). Небяспечна карміць іх кашамі, смажанымі, вострымі і кіслымі прадуктамі. Чорны ржаны хлеб закісае ў валлі птушак, дрэнна пераварваецца, асабліва ў мароз. Небяспечным кормам для іх лічацца лупіны бананаў і цытрусавых.

Найбольш карысным і любімым кормам для многіх пеўчых птушак з’яўляюцца зерні сланечніку. Гэта высокакаларыйны тлушчаўтрымальны корм, які з задавальненнем дробняць дзюбай зерняедныя птушкі і лузгаюць – насякомаедныя, якія зімой перастройваюцца на харчаванне зернем.

Зерняедныя птушкі (вераб’і, снегіры і іншыя) любяць зярняткі рапсу і льну. На такую ежу можна прынадзіць нават чыжоў, чачотак і шчыглоў. Свежыя ці сухія фрукты і ягады (марожаная вішня, парэчкі, рабіна, каліна, брусніцы і іншыя) не застануцца без увагі драздоў, заранак, сініц, снегіроў.

Сініцы, вераб’і, зелянушкі, попаўзні, чыжы і дзятлы любяць багаты на тлушч арахіс. Не адмовяцца ад яго нават пужлівыя сойкі. Ахвотна птушкі дзюбаюць проса і авёс. Многія любяць несалёнае сала.

Пеўчыя птушкі з задавальненнем наведваюць кармушкі, хоць і не трапляюць у поўную залежнасць ад прыкорму, як вадаплаўныя. Лебедзі і качкі не падыходзяць блізка да жылля людзей і ўвогуле не пакідаюць вадаёмаў, заложнікамі якіх становяцца. Менавіта таму карміць вадаплаўных птушак вясной, летам і восенню не трэба. Гэта для іх толькі горш, бо яны адмаўляюцца ад міграцыі і потым трапляюць у поўную залежнасць ад чалавека. Часта такія птушкі не здольныя перажыць марозную зіму нават з дапамогай людзей.

Таццяна СТАДОЛЬНІК.

НА ЗДЫМКУ: ахвяры неапраўданай шчодрасці.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *