Приключения итальянцев в Торгунах Докшицкого района
Яшчэ доўга будуць дзяліцца ўражаннямі жыхары аграгарадка Таргуны ад канцэрта, які адбыўся ў адзін з лютаўскіх дзён у мясцовым сельскім доме культуры. Ад усіх іншых іх адрознівала многае, але перш за ўсё – мова і самі артысты. Песні вядомых італьянскіх спевакоў выконваў італьянскі хлопец Крысціян, а дапамагалі яму ў гэтым беларускія дзяўчаты Дар’я Паплёўка і Ганна Пяцько.
І не адбылося б такога канцэрта, каб ні адзін выпадак. А пачыналася ўсё так…
У 2001 годзе, калі Дар’і было 11 год, яна ўпершыню паехала ў Італію на аздараўленне. Прымала беларускую дзяўчынку італьянская сям’я. Моўны бар’ер перашкаджаў толькі спачатку, але пакрыху Даша вывучала мову, і гэта дазволіла ёй пазнаваць новую краіну лепш. У 2007 годзе выпускніца Тумілавіцкай СШ паступіла на філфак БДУ, але па-ранейшаму яе цягнула туды. Так, праз тры з паловай гады Дар’я паступіла на турыстычны факультэт ва Універсітэт ведаў горада Турына. Як правіла, з’явіліся новыя сябры, знаёмыя. Безумоўна, яны цікавіліся, адкуль дзяўчына з акцэнтам, з якой краіны, бо на факультэце была толькі адна беларуска. У мінулым годзе італьянскіх сяброў Даша ўпершыню запрасіла на сваю радзіму. Прыезд замежных гасцей не абышлі ўвагай настаўнікі, якія запрасілі італьянцаў у мясцовую школу. Хто лепш раскажа пра Італію, як не людзі, якія там нарадзіліся і жывуць. Як аказалася, Крысціян нядрэнна спявае, тут жа гэтым скарысталіся тумілавіцкія культработнікі, якія ў той жа вечар арганізавалі канцэрт у СДК. Чуткі пра італьянцаў і пра іх спевы дайшлі да суседняга аграгарадка Таргуны, але Клаўдзіо і Крысціян ужо пакінулі Беларусь. Дар’я паабяцала, што ў наступны візіт канцэрт абавязкова адбудзецца. І стрымала сваё слова.
– Гэта я тут зорка, а ў Італіі я звычайны чалавек, працую адвакатам, – перакладае італьянца Дар’я падчас выступлення ў Таргунах.
Трэба адзначыць, што спявае ён выдатна. Калі заплюснуць вочы, то можна было ўявіць, што знаходзішся на сапраўдным канцэрце Тото Кутуньо ці Андрыяна Чэлентана. Акрамя гэтага, Крысціян з задавальненнем адказваў на пытанні гледачоў. А яны ў асноўным датычыліся таго, як адчувае сябе італьянец у Беларусі.
– Ваша краіна не падобная на іншыя, яе адрознівае нацыянальны каларыт і самабытнасць. Беларусы – гэта вельмі добразычлівыя людзі. Тут чыстае паветра і неверагодна прыгожыя пейзажы, асабліва ў вёсцы. Смачная ў вас і ежа. Асабліва спадабаліся дранікі, агуркі, каўбаса і сала. Калі яшчэ запросяць, то мы абавязкова прыедзем, – адказваў на пытанні Крысціян.
Наступны візіт у Беларусь італьянцы запланавалі на ліпень. На гэты раз, магчыма, іх будзе чакаць ужо сцэна “Іскры”. А чаму б і не?
Таццяна ШУЛЬГАТ.
На здымку: Дар’я Паплёўка і яе сябра з Італіі Клаўдзіо.
Фота А. Варанковіча.