Бегомльский музей народной славы бережёт память истории района

бмнс

Бягомльскі музей народнай славы быў заснаваны 17 сакавіка 1968 года ў гарадскім пасёлку Бягомль у адпаведнасці з рашэннем ЦК КП(б)Б і Савета Міністраў БССР. Аснову яго экспазіцыі склаў краязнаўчы школьны музей мясцовай школы. А 8 мая 1970 года з нагоды 25-годдзя перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне музей быў адчынены для наведвальнікаў. Цікава, што ўваход у яго быў бясплатным.

Экспазіцыя першапачаткова размяшчалася ў аднапавярховым будынку былой канторы саўгаса “Бягомльскі” (зараз тут знаходзіцца пасялковая бібліятэка). На момант адкрыцця музей меў 1763 прадметы, якія былі сабраны на працягу двух год. У пошуку гістарычных матэрыялаў вялікую дапамогу аказалі мясцовыя партыйныя і савецкія органы, Бягомльскія сярэдняя школа і школа-інтэрнат, лясгас, Бярэзінская сярэдняя школа, грамадскасць, камандаванне былой партызанскай брыгады “Жалязняк” і многія іншыя. Першым дырэктарам музея стаў Р.П. Марозаў, а яго памочнікамі былі навуковыя супрацоўнікі П.М. Добыш, А.І. Карэнька, У.Л. Шыла. За першыя тры месяцы з дня адкрыцця музей наведалі 20029 чалавек.

На момант яго адкрыцця экспазіцыя складалася з чатырох аддзелаў, якія займалі 6 залаў. Тут можна было даведацца аб прыродзе краю, гісторыі Бягомльшчыны дасавецкага і савецкага перыядаў. Асаблівая ўвага надавалася гісторыі Вялікай Айчыннай вайны і партызанскага руху, а таксама экспанаты музея расказвалі аб гісторыі пасляваеннага сацыялістычнага і камуністычнага будаўніцтва.

У 1979 годзе музей атрымаў двухпавярховы з чырвонай цэглы будынак былой Бягомльскай школы, пабудаваны памешчыкам Булгаком у 1890 годзе і быў прыстасаваны для вырабу спірту. Нанава былі састаўлены ўсе экспазіцыі, і музей у новым абліччы быў адчынены для наведвальнікаў у снежні 1985 года. З 1 сакавіка гэтага ж года ўваход у яго становіцца платным.

Філіялам Бягомльскага музея народнай славы з’яўляецца мемарыяльны комплекс “Праклён фашызму” на ўшанаванне памяці жыхароў Шунеўкі і іншых вёсак раёна, што былі знішчаны разам з насельніцтвам у 1941 – 1944 гадах нямецка-фашысцкімі акупантамі. 3 ліпеня 1983 года на месцы вёскі Шунеўка, якая пасля вайны так і не аднавілася, узведзены мемарыял. У 2010 годзе мемарыяльны комплекс быў рэканструяваны і зараз вітае наведвальнікаў у абноўленым абліччы.

Сёння Бягомльскі музей народнай славы – гэта сучасная ўстанова культуры, якая паспяхова выкарыстоўвае новыя метады работы і лепшыя дасягненні беларускай музейнай справы. Колькасць яе супрацоўнікаў – 9 чалавек.

Вядома, што народ, які не памятае свайго мінулага, не мае будучыні. Менавіта таму галоўным напрамкам работы музея з’яўляецца зберажэнне памяці аб гісторыі нашага раёна і падзеях Вялікай Айчыннай вайны. Супрацоўнікі прымаюць удзел у праграме “Абеліск на карце раёна” па ўвекавечванні ахвяр Вялікай Айчыннай вайны. Акрамя гэтага вядуць работу па зборы звестак пра жыхароў нашага раёна, якія былі спалены ў гады ВАВ. Высветлены больш за 30 імён салдат, пахаваных у брацкіх магілах раёна. Музей таксама займаецца патрыятычным выхаваннем моладзі раёна, падтрымлівае сувязь з ветэранамі вайны і працы, школамі і працоўнымі калектывамі.

Супрацоўнікі актыўна займаюцца навукова-фондавай работай. На сенняшні дзень колькасць прадметаў музейнага фонду складае больш за 17000 адзінак захоўвання. Напрыканцы 2012 года была набыта неабходная аргтэхніка, а таксама ўстаноўлена праграма “АМС-5” (аўтаматызаваная музейная сістэма). Пачалася работа па занясенні музейных прадметаў у электронны каталог. З канца 2012 года мы працуем з Дзяржкаталогам Музейнага фонду Рэспублікі Беларусь.

Бягомльскі музей народнай славы на пастаяннай аснове прапануе наведвальнікам пазнавальныя заняткі для дзяцей, цікавыя экскурсіі, выставы, лекцыі, сустрэчы з ветэранамі. Добрай традыцыяй стала правядзенне свята пад назвай “Ноч у музеі”, якое прымеркавана да Міжнароднага дня музеяў. Гэта мерапрыемства штогод наведвае больш за 500 чалавек. Сёлета яно абяцае сваім гасцям шмат цікавых і захапляльных мерапрыемстваў.

У кастрычніку 2012 года на працягу трох дзён музей прэзентаваў свою экспазіцыю на Першым нацыянальным форуме “Музеі Беларусі ў Гродна”. З 2012 года мы маем сваю старонку ў глабальнай сетцы Інтэрнэт. Таксама наладжваем міжнародныя сувязі. У пачатку красавіка мемарыяльны комплекс “Шунеўка” наведалі прадстаўнікі дэлегацыі з горада Балві (Латвія).

Вось ужо на працягу 45 год Бягомльскі музей народнай славы плённа працуе для вас, паважаныя нашы наведвальнікі. На бягучы год мы запланавалі шмат цікавых мерапрыемстваў і выстаў. У нас ёсць чым ганарыцца, але на дасягнутым спыняцца не збіраемся.

Ларыса Карніцкая,
галоўны захавальнік фондаў музея.

Один комментарий для “Бегомльский музей народной славы бережёт память истории района

  • 04.04.2014 в 5:49 пп
    Permalink

    Я получила архивную справку из Национального архива республики Беларусь, что мой дед Степанов Иван Григорьевич был партизаном в партизанской бригаде \\»Железняк\\» действующей в Бегомльском районе Минской области в должностях: техник — энтиндант 2 ранга, командир отделения, 6 марта 1944 года погиб в бою у деревни Ст. Вольберовичи Бегомльского района, место захоронения деревня Витуничи, я связалась с директором школы, которая ухаживает за братской могилой, но на памятной плите расхождение в отчестве, помогите выяснить это мой дед или нет. Очень хочется знать и побывать на могиле, рассказать бабушке — вдове партизана, ей 95 лет. А так же дети моей школы ведут поисково-исследовательскую работу. Заранее благодарны, очень ждем ответа. С уважением директор МБОУ ДОД \\»ВУШ\\» г. Салавата Республики Башкортостан Воловикова Л.В. и группа детей \\»Поиск\\».

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *