Докшицкие школьники встретились с ветераном труда
Любоў Цярэнцьеўна Румчык, якую вы бачыце на здымку ў акружэнні школьнікаў, – педагог з 42-гадовым працоўным стажам. Выкладала дзецям геаграфію ў СШ №1 г. Докшыцы. Доўгі час ужо знаходзіцца на заслужаным адпачынку. Але сувязі са школай, былымі калегамі-настаўнікамі і вучнямі не губляе і сёння. І хоць ветэрану працы ўжо 86, у душы яна такая ж маладая, як і некалькі дзесяцігоддзяў назад. Дзеці, школа, прафесія – самае дарагое, чым было напоўнена яе жыццё, і пра гэта засталіся самыя прыемныя і цёплыя ўспаміны.
А таму, калі Л.Ц. Румчык запрашаюць у школу на розныя ўрачыстасці ў якасці ганаровага госця, яна з радасцю ідзе на сустрэчу. А нядаўна вучні СШ № 2 г. Докшыцы разам з намеснікам дырэктара па вучэбна-выхаваўчай рабоце Данатай Генрыхаўнай Лапатка самі наведаліся да Любові Цярэнцьеўны. І адбылася гэта сустрэча якраз у тыя дні, калі адзначалася важная гістарычная дата – 70-годдзе Сталінградскай бітвы. Яна да біяграфіі ветэрана педагагічнай працы таксама мае дачыненне.
Калі пачалася вайна, Люба 14-гадовай дзяўчынкай разам з бацькамі была эвакуіравана ў Арэнбургскую вобласць. Там жыла і вучылася ў школе аж да Перамогі. У 1942 годзе яна, вучаніца 8 класа, уступіла ў камсамол. Да сённяшняга часу захоўвае камсамольскі білет, які ў час размовы паказала школьнікам. Яны ж, у сваю чаргу, ёй – білет члена БРСМ. Любоў Цярэнцьеўна расказала хлопцам і дзяўчатам, як школа, дзе яна вучылася, шэфствавала над ваенным шпіталем у час вайны, а яна з аднакласнікамі былі шэфамі над асобнай палатай раненых байцоў. Дапамагалі даглядаць хворых, прыносілі падарункі, выступалі перад параненымі з канцэртамі.
У пасляваенныя гады, прыехаўшы ў Докшыцы, Л.Ц. Румчык некаторы час працавала ў школе важатай, затым у райкаме камсамола загадчыцай сектара ўліку. Была ўдзельніцай першага пасляваеннага рэспубліканскага агляду мастацкай самадзейнасці. Паступіла ў педінстытут і, паспяхова яго закончыўшы, стала выкладаць у школе.
Было чым падзяліцца і сённяшнім школьнікам. Яны з прыемнасцю паведамлялі пра свае карысныя справы, якімі займаюцца, знаходзячыся ў радах членаў РК БРСМ. У прыватнасці, расказалі пра тое, што з’яўляюцца валанцёрамі.
Хоць нямала дзесяцігоддзяў раздзяляюць юнацтва Любові Цярэнцьеўны і сённяшніх школьнікаў, але, як бачым, нямала ў іх агульных інтарэсаў. А значыць, сувязь пакаленняў моцная.
Каля гадзіны доўжылася гутарка былой настаўніцы і вучняў. Час праляцеў непрыкметна, і калі развітваліся, дзеці спыталі: “Можа вам, якаясьці дапамога патрэбна, то скажыце, мы прыйдзем і зробім, што трэба”.
Ужо потым Любоў Цярэнцьеўна, успамінаючы той выпадак, гаварыла: “Я тады жартам сказала, што дровы пашчапаць трэба. Не падумала, што вучні ўспрымуць гэта сур’ёзна. А яны прыйшлі і не адны, а з настаўнікам Мікалаем Уладзіміравічам Пранько і склалі мне ўсе пашчапаныя дровы. Вялікі дзякуй вам, мае юныя сябры і памочнікі. Дзякуй таксама настаўнікам, якія выхоўваюць маладое пакаленне на прыкладах гераічнага мінулага нашай краіны, вучаць памятаць нашу гісторыю, паважаць старэйшае пакаленне і прывіваюць навыкі да працы”.
Анна ЖОЎТКА.
На здымку: “Ніколі не пагаджуся з тымі, хто сцвярджае, быццам, наша моладзь не любіць працаваць”, – любуючыся спрытнай работай хлопцаў і дзяўчат, гаворыць Любоў Цярэнцьеўна Румчык.