Суботнік — пачатак вялікай работы па навядзенні чысціні на зямлі

Изображение 009

Ужо некалькі год запар з надыходам вясны жыхары ўсіх населеных пунктаў раёна актыўна бяруцца за работу па добраўпарадкаванні. Сёлетні год не выключэнне. Па-ранейшаму кожны чацвер, які з’яўляецца санітарным днём, будуць прыводзіцца ў парадак вытворчыя тэрыторыі, лесапаркавыя зоны, скверы, прыдарожныя палосы, берагі вадаёмаў, месцы масавага адпачынку людзей, могілкі, замацаваныя за прадпрыемствамі вёскі. Трэба будзе ліквідаваць несанкцыянаваныя сметнікі, вывезці бытавыя і будаўнічыя адходы, прадоўжыць работу па высяканні кустоўя.

Сёлетняя позняя вясна прымушае выкарыстоўваць кожны пагодлівы дзянёк. Прыемна бачыць, як некаторыя асобныя грамадзяне, калектывы некаторых прадпрыемстваў і ўстаноў, як напрыклад, ПМС, райаддзел міліцыі, раённы аддзел МНС, ПМК № 52, не чакаючы ўказанняў, пачалі абрэзку дрэў, ачыстку тратуараў, газонаў ад пяску і бытавога смецця. Невялікая праца ўзяць у рукі мятлу і падмесці частку тратуара, дваровай тэрыторыі ля шматкватэрнага дома, не чакаючы, пакуль гэта зробяць работнікі камунальнай службы. Яны адразу ўсюды паспець не ў стане і дапамагчы ім прыбраць гарадскія вуліцы, хаця б раз у год – абавязак кожнага, бо смецце, асабліва акуркі, пластык, поліэтыленавыя ўпакоўкі, якімі пасля зімы закладзены тратуары, газоны, выкідвае не хто іншы, а мы ўсе.

Изображение 052

А вось, калі самі гэта прыбяром, то ўжо не кінем у наступны раз і суседу не дазволім “страляць” з балкона акуркамі.

Але, займаючыся ўборкай, не трэба парушаць санітарныя правілы. У адпаведнасці з імі кантэйнеры для смецця, устаноўленыя ў населеных пунктах, прызначаны толькі для цвёрдых бытавых адходаў. Але ж некаторыя незаконапаслухмяныя грамадзяне цягнуць у скрынкі яловыя лапкі, якімі ўкрывалі на зіму кветкі, галінкі, а то і цэлыя сукі з дрэў, ніколькі не думаючы пра тое, якія нязручнасці гэтым самым яны прычыняюць работнікам камунальнай службы. Кантэйнеры ачышчаюцца аўтаматычна і выдаліць упіхнутыя туды сукі вельмі праблематычна. Іх можна спаліць у печцы ці на прысядзібным участку, толькі трэба памятаць, што вогнішча можна раскладваць не бліжэй, чым за 15 метраў ад будынка.

Сёння ў Беларусі праходзіць агульнарэспубліканскі суботнік, прымеркаваны да Года беражлівасці. На работы па навядзенні санітарнага парадку на зямлі, добраўпарадкаванні тэрыторый актыўна выйшлі працоўныя калектывы, школьнікі, моладзь нашага раёна. Тое, што будзе зроблена сёння – гэта толькі пачатак той вялікай работы, якую трэба зрабіць сёлета. Пройдзе зусім няшмат часу і наш горад заквітнее: на дрэвах з’явяцца першыя лісточкі, на клумбах – раннія кветкі. Але, любуючыся гэтым абуджэннем прыроды, трэба памятаць, што за ўсёй гэтай прыгажосцю стаіць карпатлівая праца, у першую чаргу, камунальнікаў. Тое, што Докшыцы – чысты, квітнеючы, яркі горад-сад — у многім іх заслуга. Але актыўны ўдзел у добраўпарадкаванні горада і раёна, у цэлым, павінен прыняць кожны яго жыхар. Родны горад, пасёлак, вёска, як і родны дом, патрабуюць увагі, клопату, падтрымкі і догляду з боку ўсіх жыхароў.

На працягу ўсяго сезона плануецца рэгулярна праводзіць рэйды па пытаннях навядзення парадку на зямлі з удзелам СМІ. Іх вынікі са станоўчымі і адмоўнымі фактамі будуць адлюстроўвацца на старонках раённай газеты і ў эфіры раённага радыё.

Тамара АЛЬШЭЎСКАЯ.

Фота А. Варанковіча.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *