Водны транспарт неабходна рэгістраваць

i

Хутка прыйдзе той час, калі наступяць спякотныя дзянькі. Ажывуць пляжы, па воднай гладзі забегаюць лодкі і водныя матацыклы. Каб судаўладальнікі падрыхтаваліся да сезона і не баяліся, што іх адпачынак можа быць сапсаваным, інспектар Чашніцкага ўчастка дзяржаўнай інспекцыі па маламерных суднах (ДІМС) Сяргей Скрабнеўскі нагадвае пра ўмовы эксплуатацыі і ўтрымання воднага транспарту.

– Сяргей Канстанцінавіч, у цяперашні час дзяржтэхагляд для суднаў адменены, аднак абавязкова праводзіцца іх рэгістрацыя. На падставе якога закона і які водны транспарт трэба рэгістраваць?

– Згодна з Пастановай Савета Міністраў № 812 ад 20 чэрвеня 2006 года са змяненнямі і дапаўненнямі, абавязковай рэгістрацыі падлягаюць маламерныя судны грузападымальнасцю 225 кілаграмаў і большай. Што датычыцца маторных лодак, то рэгістрацыі падлягаюць усе, незалежна ад грузападымальнасці і пасажыраўмяшчальнасці.

– Якія дакументы трэба прадстаўляць у вашу інспекцыю, каб зарэгістраваць судна?

– Абавязкова пашпарт, заяву, тэхнічны пашпарт на судна, калі яно завадской вытворчасці, квітанцыю аб аплаце дзяржрэгістрацыі. Уладальнікі суднаў, магутнасць якіх перавышае 5 к.с. (водныя матацыклы, катэры), абавязаны мець пасведчанне на права кіравання маторным суднам.

– Якім чынам адбываецца рэгістрацыя?

– Маламернаму судну прысвойваецца рэгістрацыйны нумар з 2-х літар і 4-х лічбаў. Уладальнік тэхнічнага сродку праходзіць інструктаж па мерах бяспекі на вадзе.

– Які парадак атрымання вадзіцельскага пасведчання судаўладальніка?

– Для атрымання вадзіцельскага пасведчання судаўладальнік павінен звярнуцца да інспектара ўчастка ДІМС з заявай, прадставіць 2 каляровыя фотаздымкі 3х4, медыцынскую даведку і квітанцыю аб аплаце курсаў падрыхтоўкі судаўладальніка. Потым, па меры зваротаў грамадзян, камплектуецца група з 10-15 чалавек. Для іх праводзяцца заняткі. Пасля заканчэння курсаў здаецца экзамен і выпускнікам выдаецца пасведчанне аб праходжанні курсавой падрыхтоўкі. Пасля гэтага рашэннем начальніка ДІМС Рэспублікі Беларусь ствараецца атэстацыйная камісія. Судаўладальнік здае дзяржэкзамен і, пры паспяховым выніку, атрымлівае пасведчанне на права кіравання маторным суднам.

– Хто ўпаўнаважаны правяраць дакументы ў судаўладальнікаў?

– Работнікі МУС, егеры і інспектары ДІМС.

– У мінулым годзе сярод уладальнікаў воднага транспарту былі ўстаноўлены парушальнікі?

– У мінулым сезоне да адміністрацыйнай адказнасці было прыцягнута 26 судаўладальнікаў. Многія з іх выходзілі на ваду без бартавога нумара на лодцы ці без ратавальных сродкаў. Хаця, трэба адзначыць, што большасць судаўладальнікаў добрасумленна выконвалі заканадаўства, своечасова праходзілі рэгістрацыю. Хочацца ім падзякаваць за гэта. У мінулым годзе ў пяці раёнах, што знаходзяцца пад ведамствам Чашніцкага ўчастка ДІМС, усяго было зарэгістравана больш за 300 маламерных суднаў грамадзян і больш за 25 – арганізацый участка.

– У якія дні можна звяртацца ў Чашніцкі ўчастак ДІМС для рэгістрацыі суднаў?

– 25 красавіка, 23 мая, 20 чэрвеня. Можна дамовіцца і пра асабісты дадатковы прыём, калі патэлефанаваць па нумарах: 511-08-19 (МТС) ці 8 (02133) 4-12-75 (па аўторках).

– Дзякую за размову.

Таццяна СТАДОЛЬНІК.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *