Хвароба палавіны
Штогод 7 красавіка ва ўсім свеце адзначаецца Дзень здароўя. Сусветная арганізацыя здароўя (САЗ) кожны год выбірае ключавую праблему і заклікае ўсіх людзей, незалежна ад узросту і сацыяльнай прыналежнасці, да правядзення мерапрыемстваў, якія падкрэсліваюць важнасць гэтай праблемы для добрага здароўя і самаадчування.
Сёлета Дзень здароўя прысвячаецца такой хваробе як артэрыяльная гіпертэнзія. У адпаведнасці са статыстыкай САЗ, у свеце кожны трэці чалавек пакутуе на гіпертэнзію, або хвароба ў яго толькі на стадыі развіцця. Колькасць людзей з гэтым захворваннем павялічваецца з узростам. Хворых ва ўзросце ад 50 да 60 год у пяць разоў больш, чым ва ўзросце ад 20 да 40 год, таму гіпертанія мае яшчэ назву “хвароба палавіны”. На працягу 2013 года САЗ будзе рашаць важныя пытанні па ажыццяўленні механізмаў барацьбы з дадзеным захворваннем.
Павышаны ціск – гэта непрыемна: “расколваецца” патыліца, цісне віскі, нудзіць. Адным словам, стан, шчыра кажучы, не рабочы. І так – вельмі часта, а то і кожны дзень. Гэта ўжо захворванне – гіпертанія. На жаль, многія гіпертэнзію і хваробай не лічаць. Падумаеш, ціск павышаны. Буду піць таблеткі, як суседка (знаёмая, сяброўка) і ўсё будзе добра. Да ўрача ісці часу няма, ды і што ён там новага скажа?
– Такія недаравальна бесклапотныя адносіны да свайго здароўя могуць закончыцца вельмі сумна, – гаворыць урач-тэрапеўт раённай паліклінікі Надзея Шырай. – Гіпертэнзія – гэта захворванне, пры якім адбываецца стабільнае павышэнне крывянога (артэрыяльнага) ціску, што вядзе да павелічэння нагрузкі на сэрца і сасуды і з’яўляецца фактарам рызыкі многіх хвароб сістэмы кровазвароту (інфаркт, інсульт, сардэчная недастатковасць, паражэнне нырак і многае іншае).
А ўсё пачынаецца задоўга да з’яўлення першых сімптомаў. У выніку стрэсаў, няправільнага харчавання ці прыёму лекавых прэпаратаў у чалавека перыядычна пачынае павышацца ціск. Павышаецца, але потым зніжаецца. Не страшна. Ва ўсякім разе, так звычайна думаюць. Пры павышэнні АЦ кроў цісне на сценкі сасудаў з такой сілай, што яны пачынаюць паступова разбурацца. Становяцца шурпатымі і на іх паверхні пачынаюць назапашвацца халестэрынавыя бляшкі. А дзе хоць невялікая бляшка – там узнікае салідны слой адкладаў. Прасвет сасудаў звужаецца, кроў праз іх праходзіць з цяжкасцю, і сэрцу нічога не застаецца, як працаваць мацней. І тут пачынаюцца праблемы – АЦ павышаецца ўсё часцей і, нарэшце, вам ставяць дыягназ – артэрыяльная гіпертэнзія. А далей сэрца працуе ўсё мацней, і да гіпертэнзіі далучаюцца такія дыягназы, як гіпертрафія левага жалудачка, тахікардыя, стэнакардыя. А далей – інфаркт, інсульт і праблемы з іншымі органамі.
У дарослага здаровага чалавека ў стане пакою нармальны крывяны ціск складае 130/85 мм рт.сл, пагранічны ціск – 130-139/85-89 мм рт.сл., высокі ціск – 140/90 мм рт.сл. Часовае павышэнне АЦ лічыцца нармальнай з’явай пры фізічнай нагрузцы і стрэсе. Пастаяннае павышэнне – указвае на гіпертэнзію. Каб даведацца, якім з’яўляецца ваш ціск, вымярайце яго на працягу двух тыдняў запар у адзін і той жа час, вынікі запісвайце. Калі некалькі разоў будзе вышэй за 140/90 мм рт.ст., то гэта відавочны сімптом гіпертэнзіі.
Яна сама не праходзіць, таму асноўнымі не медыкаментознымі спосабамі зніжэння ціску з’яўляюцца наступныя: навука супрацьстаяння стрэсавым сітуацыям (рэлаксацыйна-дыхальная гімнастыка, аўтатрэнінг); змяншэнне ўжывання паваранай солі да 4-5 грамаў у суткі (1 чайная лыжка без верху); зніжэнне лішняй масы цела; адмова ад алкаголю і тытуню; абмежаванне тлушчу, павелічэнне ў рацыёне агародніны, фруктаў, морапрадуктаў, адказ ад кафеіну; павелічэнне фізічнай актыўнасці (хуткая хадзьба на адлегласць 5-6 кіламетраў штодзённа або хаця б 3-4 разы ў тыдзень).
Калі гэтых мерапрыемстваў недастаткова, то назначаюцца лекавыя прэпараты. Іх падбор і дазіроўку праводзіць урач індывідуальна кожнаму пацыенту. Прыём лекавых сродкаў павінен быць рэгулярным, пастаянным на працягу ўсяго жыцця. Перапынак у лячэнні можа быць нават небяспечным. Самастойнае змяненне дозы лякарства, кратнасці прыёму, адмена прэпарата недапушчальны! Калі гіпертэнзія добра кантралюецца лекамі, то развіццё пашкоджанняў крывяных сасудаў запавольваецца.
Выконвайце рэкамендацыі доктара і рабіце ваша жыццё больш доўгім.
Тамара АЛЬШЭЎСКАЯ.
НА ЗДЫМКУ: урач-тэрапеўт Надзея Шырай прыём пацыенткі Васіліны Шылёнак з в. Варганы пачынае з замеру артэрыяльнага ціску.
Фота В. Чарвінскага.