В ОАО «Торгуны» Докшицкого района дневной намолот зерна составляет 1000 тонн
Шэрае неба было зацягнута воблакамі. Здавалася, што вось-вось пойдзе дождж. Ластаўкі лёталі над самым жытам і нібыта клікалі выглянуць сонейка: “Яшчэ трошкі, не трэба нам непагадзі”. Тут жа бусел прагульваўся на сваіх доўгіх нагах: кантраляваў тую работу, якая адбывалася на полі. А па збажыне ішлі камбайны. Хутчэй не ішлі, а беглі – спяшаліся дажаць, пакуль не пайшоў дождж.
Каля дарогі стаяў МАЗ, які чакаў сваёй чаргі падставіць кузаў пад спелае зерне. Яго вадзіцель Анатоль Трус паглядаў то на зацягнутае неба, то на поле:
– Павінны паспець скончыць гэты ўчастак. У аўторак надвор’е было добрае, сонца прыпякала. За дзень зрабіў 12 рэйсаў. Тон 100 перавёз. Жалі ячмень амаль да дзвюх гадзін ночы.
Два камбайнавыя экіпажы, якія працавалі на полі плошчай у 18 гектараў ля вёскі Вецяра, куды мы і пад’ехалі, не спяшаліся да нас. Камбайнеры Аляксандр Савульскі і Сяргей Ралавец адмахваліся: дайце завяршыць работу, тут жа кожная хвілінка каштоўная. Толькі калі да нас пад’ехаў намеснік старшыні ААТ “Таргуны” Уладзімір Новікаў, мужчыны спынілі тэхніку.
– На таргуноўскіх палях у гэтым годзе працуе 16 камбайнавых экіпажаў і 16 машын на адвозцы зерня, – расказваў Уладзімір Мяфодзьевіч. – Тэхнікі хапае. Новая сушылка ўжо ўключана ў работу. Толькі працуй. Ураджай добры ў гэтым годзе: у параўнанні з мінулым палегліцы амаль няма. Хоць і ішлі дажджы, але зерне не намокла: вільготнасць невысокая. На 31 ліпеня ў нас было ўбрана 1596 гектараў зерневых культур. Намалочана 3 996 тон зерня. За адзін толькі дзень намалот складае каля тысячы тон. Зараз – самая ўборка. Нельга марнаваць час.
Лідар уборачнай кампаніі Аляксандр Савульскі працуе ў гаспадарцы сёмы год. Тры гады таму атрымаў новы камбайн КЗС-12. На такім жа камбайне працуе і другі механізатар Сяргей Ралавец. Ён удзельнічае ў жніве ўжо трэці сезон. Памочнікаў камбайнераў у гэты час з імі не было – працавалі ў іншым месцы. Асноўная іх дапамога – раніцай, калі трэба падрыхтаваць тэхніку да выезду на поле.
Мужчыны трошкі адпачылі ў размове з намі і зноў падаліся да сваіх машын-волатаў. У добрых руках і тэхніка не падводзіць. Толькі працуй, зарабляй грошы.
І бусел-наглядчык рушыў за імі. Як гаспадар поля, ён важна ішоў за камбайнамі.
Яўгенія МАЛЕВІЧ.
Фота В. Чарвінскага.