В Докшицах не забыли про 90-летие БелТИЗ
У гэтым годзе грамадскае аб’яднанне “Беларускае таварыства інвалідаў па зроку” адзначае сваё 90-годдзе. У лістападзе 1924 года прайшоў першы арганізацыйны сход людзей з праблемамі зроку ў памяшканні Мінскага вучылішча, дзе быў прыняты статут арганізацыі. У той час галоўнымі задачамі таварыства былі ўлік яго членаў, а таксама працаўладкаванне ў спецыяльных арцелях і майстэрнях. У трыццатыя гады пачалі адчыняцца вучэбна-вытворчыя майстэрні, дамы працы. Вядома шмат прыкладаў гераізму людзей з праблемамі зроку ў гады вайны. Да канца 50-х гадоў было створана 16 вучэбна-вытворчых прадпрыемстваў. З гэтага ж часу пачынаюць актыўна праводзіцца спартыўныя спаборніцтвы і конкурсы мастацкай самадзейнасці для людзей з праблемамі зроку. Ствараюцца вытворчыя прадпрыемствы з улікам спецыфікі магчымасцей работнікаў. У 1991 годзе Беларускае таварыства інвалідаў па зроку ўступае ў склад Сусветнага і Еўрапейскага саюзаў невідушчых. У 1996 годзе каманда БелТІЗ упершыню прыняла ўдзел у летніх Параалімпійскіх гульнях у Атланце. Сёння ў рэспубліканскай структуры БелТІЗ 6 абласных і 142 пярвічныя арганізацыі. Прамысловыя прадпрыемствы ГА “БелТІЗ” выпускаюць электратэхнічную прадукцыю, фільтраэлементы для аўтатрактарнай прамысловасці, вырабы дрэваапрацоўкі і прадстаўляюць шырокі спіс спажывецкіх тавараў.
З нагоды юбілейнай даты раённая суполка таварыства інвалідаў зроку, якой кіруе Святлана Сяцко, арганізавала сяброўскую сустрэчу. На яе завітаў старшыня абласной арганізацыі БелТІЗ Канстанцін Ламчаноўскі. Канстанцін Канстанцінавіч сказаў колькі слоў пра гісторыю стварэння арганізацыі, а таксама надзённыя цяжкасці, з якімі сустракаецца чалавек з праблемамі зроку. Аб спецыфіцы і адметных уласных адчуваннях навучання невідушчых расказаў Яўген Ганчароў. Загадчыца аддзялення сацыяльнай адаптацыі і рэабілітацыі ТЦСАН Ларыса Войцік пазнаёміла з інфармацыяй пра сродкі рэабілітацыі інвалідаў па зроку, спосабы іх атрымання і тэрміны карыстання. Старшыня раённай арганізацыі “Беларускі Фонд Міру” В. Аніськовіч уручыла некалькім прысутным карысныя падарункі. Далей слова ўзяла Марыя Януш з Крулеўшчыны. Жанчына піша вершы, адзін з іх яна прысвяціла юбілею арганізацыі. Напрыканцы сустрэчы Канстанцін Ламчаноўскі ўручыў падзякі абласной арганізацыі Яўгену Ганчарову і Марыі Януш. На сустрэчу былі запрошаны таксама прадстаўнікі вакальнай групы аддзялення дзённага знаходжання пажылых людзей, якія парадавалі ўсіх душэўнымі спевамі.
Замест завяршальных слоў хочацца прывесці радкі Марыі Януш, якія гучалі не толькі трапна, але і ад душы.
Жыццё пражыць – не поле перайсці,
І ў полі тым, вядома, ты не воін,
Калі дарогу можаш не знайсці,
Бо свет вакол і цьмяны, і замглёны.
Такі жыццё прызначыла нам лёс,
Мы маем асаблівасці са зрокам,
Але спагаду, боль і горыч слёз
Мы адчуваем сэрцам – нібы вокам.
Адолець можна нам любы паход,
Калі мы разам, і адступіць змога,
І вось таму ўжо 90 год з БелТІЗам
Крочым мы адной дарогай.
Мы разам, каб пачуць і падтрымаць,
Каб зразумець надзённыя патрэбы,
Каб таленты народу адкрываць,
Духоўнага каб мець кавалак хлеба.
Мы будзем разам сёння і заўжды,
Бо гэта моц, надзея, душ яднанне,
А 90 – мудрасці гады,
БелТІЗу сёння наша віншаванне.
Тэкст і фота Наталлі НАВІЦКАЙ.