Докшицкие семьи поделились теплом своей души
“Сям’я замяняе ўсё. Таму, перад тым, як яе стварыць, падумайце, што вам даражэй: усё або сям’я”, – гаварыла вядомая Фаіна Ранеўская. І з гэтым нельга не пагадзіцца. Кожны з нас абавязаны імкнуцца да стварэння сямейнага духу, бо без яго цяжка жыць, развівацца, удасканальвацца.
З мэтай падтрымкі інстытута сям’і ў раёне прайшлі розныя мерапрыемствы. Работнікі культуры, напрыклад, наведалі некалькі докшыцкіх сем’яў, якія маюць вялікі вопыт сумеснага жыцця, багатыя сямейныя традыцыі таго, як жыць у згодзе і берагчы добрыя адносіны адзін да другога.
Пяцьдзесят восем гадоў пражылі душа ў душу Данута Сігізмундаўна і Генадзь Яўгеньевіч Шымановічы (на здымку разам з удзельнікамі акцыі).
Пазнаёміліся яны яшчэ ў дзяцінстве, вучыліся ў адной школе. Данута засталася ў ёй працаваць, паступіўшы завочна ў педінстытут. Больш за 40 гадоў аддала яна навучанню дзяцей рускай мове і літаратуры. Генадзь чатыры гады служыў у флоце, пасля чаго вярнуўся ў Докшыцы, дзе яму адразу прапанавалі месца дырэктара Дома культуры. Баяніст-самавучка і аматар алоўка і пэндзля ўмеў ствараць настрой людзям і дзяліцца з імі сваёй энергіяй. Паступіў завочна на мастацка-графічны факультэт і таксама перайшоў працаваць у школу. Лёс зноў звёў маладую настаўніцу і таленавітага хлопца – так нарадзілася сям’я.
Ганарацца Шымановічы дзвюма дочкамі, якія, як і бацькі, крочаць па настаўніцкай сцяжынцы. Цешацца ўнучкамі, у якіх усё наперадзе.
– Аднаму заўсёды цяжка, – гаворыць Данута Сігізмундаўна. – Толькі разам можна з лёгкасцю пераадолець любыя цяжкасці. Жыццё – яно такое: то ўзлёты, то падзенні. Але калі побач ёсць нехта, хто падтрымае, выслухае, дапаможа – з жыццёвымі перашкодамі справіцца лягчэй.
Тэкст і фота Яўгеніі МАЛЕВІЧ.