Докшицкий райагросервис поздравил с юбилеем своего работника Виталия Чернявского

5   Красавік сёлета выдаўся цёплы, сонечны. Мы пад’ехалі да фермы “Крыпулі” ААТ “Докшыцкі райаграсэрвіс” па пясчанай, але сухой дарозе. Першым, з кім давялося сустрэцца, была чорна-рыжа-белая кошка. Яна па-гаспадарску разумна паглядзела ў вочы і, здавалася, паклікала нас за сабой. Мы накіраваліся за ёй і праз хвіліну ўбачылі мужчыну, які віламі падкідваў салому. Віталій Мікалаевіч Чарняўскі – чалавек маладжавы, круглатвары, з хітраватым позіркам.
Дваццаць два гады працаваў ён у жывёлагадоўлі. Як прыехаў з Латвіі, дзе пасля арміі жыў больш чым 18 гадоў, так і пусціў карані на радзіме. Адразу ўладкаваўся ў калгас імя Якуба Коласа. Тагачасны старшыня Тадэвуш Альхімёнак спецыяльна для яго сям’і дом пабудаваў у Мацееўцах і жонка – карэнная рыжанка – пайшла працаваць даяркай, а Віталій – шафёрам. Ды 90-я гады былі ў многім складаныя, вось і давялося вадзіцелю стаць жывёлаводам. Спачатку пасвіў кароў, затым перайшоў у даглядчыкі.
– А што – праца любая пачэсная і ганаровая, – не то сцвярджае, не то апраўдвае свой выбар Чарняўскі. – Калі яе выконваць так як трэба, добрасумленна ставіцца да сваіх абавязкаў, то задавальненне атрымаеш. Я ўсе гады маладосці круціў руль машыны ў Рызе, стамляўся і зарабляў не тое, каб многа. Туліўся сям’ёй з двума дзецьмі ў аднапакаёвай кватэры. Думаеце, шмат адпачываў, весяліўся? Дарэмна. Праца, чатыры вуглы, думкі пра паляпшэнне жыллёвага становішча. А цяпер я – герой. Маю ўсё, што трэба. З Мацееўцаў перабраўся ў Крыпулі, на ўласным аўто аб’еду ўвесь свет, калі захачу. Сын з нявесткай у Віцебску жывуць, дарэчы, працуюць у абласным аграсэрвісе. Мы да іх ездзім, яны – да нас, у вёску. Увогуле, усё выдатна складваецца. Таму, што працуем, не лянуемся і дома, і ў таварыстве.
Юбілейная дата для даглядчыка бычкоў і загадчыка фермы ў адной асобе не прайшла неадзначанай. Прама на рабочае месца завіталі начальнік райсельгасхарчу Наталля Бортнік са старшынёй райкама прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу Іванам Грыцкевічам, дзе ўжо чакалі ў прыўзнятым настроі дырэктар ААТ “Докшыцкі райаграсэрвіс” са старшынёй прафкамітэта. Калі абмежавацца некалькімі сказамі, то ва ўрачыстай абстаноўцы віншавалі з 60-годдзем выдатнага працаўніка Віталія Чарняўскага. Былі ўручаны грамата ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама, памятныя і грашовыя падарункі. Шмат цёплых слоў пачуў у свой адрас юбіляр. Была выказана надзея на тое, што моцны ды ўвішны мужчына пенсійнага ўзросту яшчэ папрацуе на карысць таварыства і грамадства ў цэлым. Ды і кошка, прыгожая, трохкаляровая, якая не так даўно з’явілася тут, павінна прынесці шчасце (згодна з народным павер’ем), якое будзе заключацца не толькі ў павелічэнні прадукцыйнасці працы, але і выкананні іншых задумак, накшталт, адпачыць ды зноў вярнуцца на ферму.
Нэлі МІХАЛЕВІЧ.
НА ЗДЫМКУ: В.М. Чарняўскі.
Фота А. Канавалавай.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *