Докшицкий район присоединился к республиканской акции «Ребёнок — главный пассажир»
З 12 па 21 мая Дзяржаўтаінспекцыя правяла рэспубліканскую акцыю “Дзіця – галоўны пасажыр”. За чатыры месяцы бягучага года ў рэспубліцы загінулі 2 і атрымалі траўмы 40 дзяцей-пасажыраў. У нашай вобласці з 6 пацярпелых дзяцей – 2 пасажыры. Кожны год, асабліва ў цёплы перыяд, пры масавых перавозках дзяцей-пасажыраў назіраецца рост ДТЗ з іх удзелам.
Акурат да пачатку акцыі, 11 мая ў нашым раёне было зафіксавана ДТЗ з удзелам малалетняга пасажыра. У выніку здарэння дзіця атрымала цяжкія цялесныя пашкоджанні.
Дзяржаўтаінспекцыя раіць бацькам, якія не хочуць ці не могуць набыць аўтакрэсла, мець у транспартным сродку спецыяльную цвёрдую падушку, на якую садзіцца дзіця. У такім разе рамяні бяспекі будуць знаходзіцца не на ўзроўні шыі, і ахопяць цела так, каб у выпадку тармажэння яны не прычынілі траўмы дзіцяці. Сачыце за тым, каб рамень бяспекі размяшчаўся нізка на сцёгнах і як можна далей на плячы. Калі няма спецыяльнай падушкі, дзіцяці можна падкласці звычайную складзеную коўдру, галоўнае, каб гэтыя сродкі дазвалялі правільна яго замацаваць рамянямі бяспекі, і мелі жорсткую паверхню. У першую чаргу, пра бяспеку сваёй сям’і павінны думаць самі вадзіцелі.
А. Сташэвіч,
начальнік ДАІ РАУС.
Пра дзіцячыя крэслы
На працягу апошняга дзесяцігоддзя амаль ва ўсіх еўрапейскіх краінах стала абавязковым выкарыстанне “ўтрымліваючых прыстасаванняў” для дзяцей ростам ніжэй за 150 см. На практыцы найбольш распаўсюджаныя варыянты – гэта дзіцячае аўтакрэсла ці люлька. Галоўным пры выбары крэсла з’яўляецца не ўзрост, а вага малыша. Прадугледжана пяць груп спецыяльных дзіцячых падтрымліваючых прыстасаванняў.
Для самых маленькіх (да 10 кг) люлька мацуецца толькі на заднім сядзенні, а вось прыстасаванне для дзяцей з вагой да 13 кг можна размяшчаць і на пярэднім. Люлькі месцяць толькі тварам супраць ходу руху аўтамабіля. Да года пазваночнік немаўляці недастаткова моцны, галава непрапарцыянальна цяжкая ў суадносінах з целам і мышцы яшчэ недастаткова развітыя, каб супрацьстаяць удару спераду. Звычайна ва ўзросце, які адпавядае вазе 9-12 кг, дзіця ўжо можа сядзець, а гэта азначае, што падтрымка пазваночніка павінна быць асабліва моцнай. У крэслах гэтай групы галаву захоўвае падушка-падгалоўнік. Для маленькіх пасажыраў, якія ў дарозе любяць паспаць, у продажы ёсць дзіцячыя аўтакрэслы, нахіл якіх рэгулюецца з палажэння “седзячы” ў палажэнне “лежачы”.
Для дзяцей ад трох да сямі гадоў з вагой ад 15 да 25 кг выпускаюць крэслы, якія прадугледжваюць па меры росту дзіцяці пераход ад выкарыстання ўнутраных рамянёў крэсла да штатных аўтамабільных. Устанаўліваюцца крэслы толькі па ходу руху на заднім і пярэднім сядзеннях і замацоўваюцца базавымі рамянямі бяспекі. У далейшым, з ростам дзіця, спінку такога крэсла можна зняць, пакінуўшы толькі сядзенне.
Для дзяцей з вагой ад 22 да 36 кг прадугледжаны аўтакрэслы, у якіх дзіця разам з крэслам прышпільваюць ужо штатнымі аўтамабільнымі рамянямі. Сядзенне павінна мець мінімальную рухомасць. Найбольш бяспечнае месца для замацавання любога аўтакрэсла – гэта сярэдзіна задняга сядзення. Спераду дзіця пажадана перавозіць толькі ў выпадках крайняй неабходнасці. Калі ў машыне ёсць падушкі бяспекі, садзіць дзіця на пярэдняе сядзенне нельга. Спрацаваўшы, франтальная падушка бяспекі можа параніць дзіця. Клопат аб бяспецы малыша апраўдвае выдаткі для набыцця аўтакрэсла.
В. Самуль,
старшы інспектар аддзялення агітацыі і прапаганды ДАІ УУС аблвыканкама.