Рейд по благоустройству Докшиц
Тэма добраўпарадкавання гучыць, лічы, амаль у кожным нумары нашай газеты. На пасяджэннях органаў выканаўчай улады яе таксама не мінаюць. Пра тое, што чацвер – санітарны дзень, ведаюць у кожнай арганізацыі раёна. Рэйдавая група райвыканкама і зацікаўленых службаў рэгулярна робіць аб’езды тэрыторый сельскіх Саветаў з мэтай выяўлення і прыняцця мер па ліквідацыі чарговага прыкладу безгаспадарлівасці наследнікаў кінутых сядзіб, нахабнасці стваральнікаў несанкцыянаваных звалак і сметнікаў і інш. Таму падчас чарговага рэйду па горадзе спачатку падавалася, што пытанні навядзення парадку набілі жыхарам аскоміну, і яны знайшлі колькі часу для таго, каб развітацца з уласным смеццем раз і назаўжды. Хочацца думаць, што многія гараджане, падчысціўшы кватэры і панадворкі, аднеслі непатрэбнае ў камунгасаўскія машыну ці кантэйнер, а не ў бліжэйшы лясок, якім і аказалася тэрыторыя ўрочышча Чыстаполле. Машына рэйдавай групы ціхенька рухалася па лясной дарозе, абапал якой багата блішчэлі пакеты, бутэлькі, іншая упакоўка, бытавое смецце і ўсё тое, чаму ніяк не месца ў ляску. Навесці парадак будзе даручана Докшыцкаму лясніцтву. І, як заўжды, паўторыцца сітуацыя, калі смецяць адны, а прыбіраюць другія. Сорамна гараджанам? Спадзяёмся, што так. І выязджаем на дарожку, што праходзіць між гаспадарчымі пабудовамі жыхароў вул. Усходняй, акурат за інтэрнатам ПМС і хлебазавода, і бачым наступную карціну (здымак №1). Чыіх рук справа? Вядома, чалавечых.
Прывесці ў парадак каналізацыю забойнага цэха, што знаходзіцца ў аварыйным стане, у час аб’езду было даручана райста. А так (здымак №2) выглядаюць кінутыя карыстальнікамі ўчасткі зямлі ў мікрараёне былой сельгастэхнікі акурат на выездзе з горада. Землеўпарадкавальнай службе было даручана заняцца пытаннем ушчыльнення зямлі, якая адводзіцца насельніцтву. Разам з тым, большасць гарадскіх гаспадароў трымае свае панадворкі і надзелы зямлі пад сельскагаспадарчую прадукцыю ў належным стане. Тыя ж, хто не разумее, што рабіць гэта неабходна добраахвотна, без прымусу ўлады, прыезду рэйдавай групы ці службаў, якія надзелены паўнамоцтвамі даваць прадпісанні і састаўляць пратаколы, хутка іх дачакаюцца. А таму, можа танней (у матэрыяльным і маральным плане) для сябе ўсё ж пазбегнуць гэтай непрыемнай абодвум бакам сустрэчы?
Тэкст і фота Наталлі НАВІЦКАЙ.