Шесть детей в семье Каминских
Прычынай таму, што яна стала маці шасцярых дзяцей, Таццяна Камінская лічыць свой характар. Яна вельмі любіць дзяцей і сваіх, і чужых, лічыць іх самымі безабароннымі істотамі на свеце, якім заўсёды патрэбна дапамога. На яе думку, святы абавязак усіх бацькоў – любіць сваіх крывіначак, і тады ўсё будзе добра ў жыцці.
Калі яны пажаніліся з Сяргеем, у іх нарадзіўся сын Саша, потым праз пару год дачушка Наташа. У такім складзе жылі 12 год і раптам неспадзяваная цяжарнасць. Пра тое, каб пазбавіцца ад яе, ні Таццяна, ні Сяргей нават і падумаць не маглі. Усе прымалі ўдзел у прыняцці рашэння, нават дзеці. Яно было аднадушным – чакаем браціка, якога палюбілі яшчэ да нараджэння.
З’яўленне пяць год таму Мацвейкі падняло на новы віток жыццё сям’і Камінскіх. Сяргей Аляксандравіч купіў невялікую хатку. Потым, скарыстаўшы магчымасці шматдзетнай сям’і, узяў ільготны крэдыт і пачаў будаўніцтва. Зараз сям’я валодае домам у 130 квадратных метраў, агароджаным плотам з металапрофілю. У ім вялікая кухня, зала і некалькі дзіцячых пакояў. Справа ў тым, што Мацвейка як бы задаў старт на папаўненне сям’і. Праз год нарадзіўся Назар, яшчэ праз два – Сярожка, а зараз уцеха ўсіх маленькая трохмесячная Ксюша. Прыгажуня з прыгажунь, яна нагадвае маленькага анёлачка. Дзяўчынка ўтульна адчувае сябе на каленях у Наташы, якая адной рукой калыша сястрычку, а другой – дапамагае брацікам спраўляцца з мазаікай. А хлопчыкі, што тыя гномікі, абступяць малечу, асцярожненька гладзяць яе і гэтым выказваюць сваю вялікую пяшчоту і любоў. Для чужога вока карціна наколькі сентыментальная, настолькі і паказальная. Вось так і стаўшы дарослымі, гэтыя дзеці ніколі не будуць ведаць, што такое адзінота, калі нават у каго з іх, не дай бог, і не складзецца асабістае жыццё. Сяргею Аляксандравічу гэта вядома больш, чым каму. Ён сам са шматдзетнай сям’і і вельмі ўтульна адчувае сябе сярод пецярых братоў. Затое, якая радасць, калі Камінскія збіраюцца разам. Хутка такая магчымасць будзе на хрэзьбінах Ксюшы і меншых хлопчыкаў.
Калі дзяўчынка нарадзілася, самай шчаслівай пасля бацькоў, адчувала сябе Наташа. Кожны раз калі мама была цяжарнай, яна чакала сабе сястрычку. Зараз, як толькі прыбягае са школы, так бярэ на рукі дзяўчынку. Гэта маленькая мама некаму будзе цудоўнай жонкай. Усё ўмее рабіць, любіць гатаваць. Дарэчы, будзе паступаць вучыцца на кухара. Старэйшы Саша вучыцца ў Лепельскім ліцэі і ўжо зараз першы памочнік бацькі. Сяргей Аляксандравіч – гэта сапраўдны галава сям’і. Яна за ім, як кажуць, як за каменнай сцяной. Працуе лесніком у Прудніцкім лясніцтве і клапоціцца, каб у сям’і было ўсё неабходнае. Дарагіх гарнітураў і джыпаў у Камінскіх, канечне, няма, але ўсё неабходнае, у тым ліку, аўтамабіль, камп’ютар, дзіцячыя цацкі ёсць. Магчыма, не ядуць дзеткі кожны дзень ёгурт і яшчэ якую сучасную ежу, але яна ім і не трэба. Яны п’юць казінае малачко, ядуць тваражок з яго, яйкі і мяса дамашніх курэй, качак, бульбу і агуркі са свайго агарода, фрукты і ягады з саду і таму, магчыма, вельмі рэдка хварэюць. Камінскія апрацоўваюць 40 сотак прысядзібнага ўчастка, трымаюць поўны хлеў усялякай жывёлы і птушак. Але ў іх хапае часу і на ўпрыгожанне вялікага панадворка клумбай з кветкамі, рознымі вырабамі. Магчыма таму, што жывуць дружна, любяць адзін аднаго і стараюцца рабіць усё разам. На ўрачыстасць у раён, дзе ўручалі маме Таццяне ордэн Маці, яны таксама прыехалі ўсёй сям’ёй, толькі маленькую Ксюшку пакінулі з нянькай. Там мы іх і сфатаграфавалі: прыгожую, маладую шматдзетную маму, працаўніка-тату і іх удалых дзетак (на здымку).
Тамара АЛЬШЭЎСКАЯ.
Фота А. Канавалавай.