В Докшицком районе много семей, где родители и дети уважают друг-друга

3   Шчаслівыя сем’і, у якіх пануюць мір, згода, разуменне і павага адзін да аднаго. 

   Але не ўсе бацькі разумеюць, што яны павінны дарыць сваім дзецям разумную любоў, а не толькі смачную ежу і прыгожае адзенне, выконваць усе дзіцячыя капрызы. А дзеці абавязаны даглядаць і ўтрымліваць сваіх нямоглых бацькоў. Гэтыя адносіны паміж бацькамі і дзецьмі павінны грунтавацца на ўзаемапавазе і ўзаемаразуменні і толькі па добрай волі. Тады паняцці “павінны” і “абавязаны” не будуць успрымацца, як цяжкі гнёт, а дапамога будзе прапаноўвацца не па абавязках, а па закліку сэрца.

На вялікі жаль, наш час прынёс прыклады зусім іншых адносін да бацькоў. Ужо не дзіва, калі сын ці дачка ў п’яным угары падымаюць руку на тых, хто даў ім жыццё. Не адзінкавыя выпадкі калі, маючы дзяцей, нямоглыя бацькі больш спадзяюцца на дапамогу сацыяльных работнікаў і проста добрых людзей. Таму прыемна было даведацца, што ў Тумілавічах ёсць сям’я, дзе дочкі акружылі клопатам не толькі маці, але і родную цётку.

Надзея і Лідзія Сваток нарадзіліся ў засценку Маставуха. Ліда выйшла замуж за Кавалёва і пераехала ў Тумілавічы, а Надзя так і пражыла ўвесь век адна ў бацькавай хаце. Самымі жаданымі гасцямі заўсёды былі пляменнікі і пляменніцы – дзеці сястры і двух братоў. Пляменніца Каця і зараз успамінае, як любіла ласавацца каўбасамі цётачкі ды вяндлінай. А потым забалелі ў Надзеі Сцяпанаўны ногі, стала інвалідам. Але пляменніцы не кінулі ў бядзе. Забралі ў Тумілавічы. Зараз сёстры Надзя і Ліда, муж якой памёр раней, жывуць разам. Забягае да іх сацыяльны работнік, але ўся спадзёўка на Кацю. Яна прыязджае з суседняй вёскі Старына кожны дзень. Прывозіць лекі, прадукты. Ведае іх кулінарныя густы, стараецца чымсьці парадаваць. Сёлета на зіму яна забірала матулю да сябе, але Лідзія Сцяпанаўна хутка ўцякла. Сказала, што ў Тумілавічах ёй весялей, ды і Надзя сумуе адна. А так удзвюх, яны хоць рухаюцца з дапамогай мыліц ды кіёчкаў, але, бывае, пакуль дачка прыедзе, то і булёну сабе згатуюць.
Меншая дачка Лідзіі Сцяпанаўны жыве ў Барысаве, але кожнае лета раней з дзецьмі, а зараз і з унукамі наведваецца да маці. Сёлета плануе прыехаць на ўсё лета. Жонка палкоўніка не грэбуе змяніць гарадскі камфорт на прыбіральню на вуліцы, ваду ў калонцы, каб толькі яе маме было добра. “Шкада іх, – гавораць сёстры, – яны ж такія старэнькія і бездапаможныя. І мы такія станем, можа і нас дзеці не пакінуць.”
Магчыма, што і так. Ніхто не будзе аспрэчваць, што лепшае выхаванне – уласны прыклад.
   Капітан далёкага плавання Мікалай Баброўскі дома ў Мінску не бывае па некалькі месяцаў. А калі вяртаецца, то спяшаецца ў Докшыцы да матулі Марыі Іванаўны, а потым разам абавязкова едуць у Дзядкі. Там чакае любімага Колечку дзевяностапяцігадовая бабуля Зінаіда. Унук выкладае гасцінцы, але яе ўжо мала чым і здзівіш. Бабуля жыве, як кажуць, як у Хрыста за пазухай. Ужо больш за дзесятак год не было таго выхаднога дня, каб дочкі Тэрэса і Марыя не наведаліся да бацькоў. Асабліва дастаецца Марыі, бо жыве яна бліжэй. Затое, калі Тэрэса пайшла на пенсію і памёр бацька, жанчына з Гродна прыязджае да маці і бывае ў яе па тыднях. У кожны свой прыезд дочкі вязуць поўныя сумкі гасцінцаў. Бацькоўская хата іх намаганнямі ззяе чысцінёй, панадворак дагледжаны, а заўсёды прыбраная бабуля не нарадуецца на сваіх крывіначак, хаця, бывае, і пабурчыць для прыліку. Дзяцей, яна заўсёды лічыла, трэба трымаць у строгасці. Пакуль Тэрэса даглядае маці, Марыя гэтым часам песціць сваіх унукаў. Самы старэйшы ўжо вялікі хлопец, а раней не было тых канікулаў, каб яна не забірала яго з Мінска да сябе ў Докшыцы. Хаця сын Марыі Іванаўны – бацька хлопчыка, ужо меў да гэтага часу другую сям’ю. Прыклад, дастойны пераймання, толькі не ў кожнага хопіць душэўнага разумення яго паўтарыць.
   Для паўнаты тэмы нельга не расказаць яшчэ пра адну жанчыну. Ірына Сясіцкая з Докшыц амаль ад самага замужжа жыве са свекрывёй. Зараз бабулі за дзевяноста, больш за 20 год яна хварэе і ўвесь гэты час калі і рабіла што, то толькі хіба засцілала ложак у сваім пакоі. На нявестцы ўся праца па гаспадарцы, дзе да нядаўняга яшчэ была і карова. Адкуль бярэ Ірына Генадзьеўна сілы, каб даглядаць свякроў, у якой, дарэчы, ёсць і дочкі, гэта загадка жаночай душы. А трымаецца яна, здаецца, на любві і самаахвярнасці.
НА ЗДЫМКУ: сёстры Сваток.

Тамара АЛЬШЭЎСКАЯ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *