У въездных ворот Витебской области англичане построили корабль
У пачатку мая былі ў камандзіроўцы ў Бягомлі. Нашу ўвагу прыцягнула канструкцыя, што будавалася на тэрыторыі мясцовай школы-інтэрната. Спыніліся, каб даведацца, над чым завіхаюцца людзі. Калі да месца будоўлі заставалася некалькі метраў, стала чутна гаворка на англійскай мове, а з месца будоўлі да нас накіраваліся жанчына і мужчына. Імі аказаліся перакладчыца Аксана Губанава і валанцёр, ландшафтны дызайнер і аўтар праекта Сайман Даган.
– Што вы будуеце? – пытаем.
Сайман ажыўляецца і кажа:
– Карабель. Мы будуем карабель для мясцовых дзяцей. У Беларусь у якасці валанцёраў прыязджаем ужо на працягу 20-ці год. Спачатку выступалі ў дзіцячых установах з канцэртамі, бо музыка – гэта яшчэ адно наша захапленне. А потым давялося пагутарыць з педыятрамі і запытаць, якая б дапамога дзецям была найбольш карыснай. Нам сказалі, што здорава б было, каб для дзяцей з’явілася больш гульнявых пляцовак. Спачатку мы зрабілі некалькі пляцовак з металу, а потым захацелася падарыць дзецям штосьці адметнае і казачнае адначасова. Так мы пачалі будаваць караблі. Па ўсёй Беларусі іх хутка набярэцца тры дзясяткі. Спачатку мы выязджаем на месца, аглядаем тэрыторыю, плануем. Потым у Англіі я раблю праект і стараюся, каб кожны карабель адрозніваўся ад папярэдняга. Затым мы вяртаемся і пачынаем будаўніцтва. Тут ужо галоўным у нас з’яўляецца Шэйн Пінчар, бо ён інжынер, а яшчэ – наш асноўны пірат, – жартам заканчвае Сайман і паказвае ў той бок, дзе прыбівае дошку Шэйн.
На ўзвядзенне карабля-пляцоўкі ў сярэднім ідзе ад тыдня да двух. Англійскія валанцёры пад эгідай дзіцячых фондаў працуюць дружна і да цёмнага, прыпыняючыся толькі каб паабедаць. На будоўлі ім дапамагаюць некалькі валанцёраў з Беларусі. Дарэчы, усе караблі пабудаваны з мясцовай драўніны. Ёсць ужо і некаторыя традыцыі. Напрыклад, перад пачаткам будаўніцтва на адведзенае пад пляцоўку месца запрашаюць святара. Таму і ў Бягомль пачатак добрай справы блаславіў айцец Валерый Цімкоў. Назву караблю брытанцы прапануюць прыдумаць дзецям. Гэта судна назвалі “Брыз”. Пасля таго, як карабель пабудаваны, праводзіцца яго ўрачыстае адкрыццё. Ніводную з гэтых традыцый не абмінулі ў школе-інтэрнаце. Такім чынам карабель-падарунак адправіўся ў шчаслівае плаванне, дзе галоўныя камандзіры дзеці, напярэдадні Дня Перамогі. І ў дзень адкрыцця і ва ўсе наступныя “Брыз” (на здымку) пастаянна быў напоўнены дзецьмі. Хлопчыкі адчуваюць сябе на ім сапраўднымі мараплаўцамі – адзін стаіць ля штурвала, другі аддае даручэнні, трэці, прыклаўшы далонь да лба, нібы аглядае далячынь. Што можа быць больш прыемна, чым назіранне за вынікамі сваёй працы? Напэўна таму англічане вяртаюцца ў нашу краіну зноў і зноў, каб падарыць радасць і казку дзецям і самім застацца маральна задаволенымі.
Наталля НАВІЦКАЯ.
Фота В. Чарвінскага.