До свиданья школа. Здравствуй лето!

Копия IMG_3229     Для больш чым 89 тысяч дзевяцікласнікаў і 55 тысяч адзінаццацікласнікаў 31 мая ў Беларусі завяршыўся 2013/2014 навучальны год. У нашым раёне 263 вучні 9-х класаў і 153 вучні 11-х класаў у апошні дзень вясны развітваліся са школай. Хто назаўжды, а хто толькі на лета.
За чвэрць гадзіны да пачатку ўрачыстай лінейкі ў двары Крулеўшчынскай сярэдняй школы адчуваліся адначасовыя хваляванне і радасць. Хваляваліся адзінаццацікласнікі, а яшчэ больш іх бацькі, што папраўлялі стужкі “Выпускнік – 2014” на сваіх у адно імгненне пасталеўшых крывінках.

   Радасна дзяліліся планамі на лета тыя вучні, якім да заканчэння школы яшчэ далёка. Атмасферу душэўнасці трымалі і школьныя матывы, што гучалі з калонак. Але вось ужо вучні пастроіліся па класах, і свята апошняга званка пачалося. Завіталі на яго старшыня райвыканкама Алег Пінчук, начальнік аддзела адукацыі спорту і турызму райвыканкама Дзмітрый Парцянка.

Звяртаючыся да настаўнікаў, дзяцей і іх бацькоў, кіраўнік раёна зазначыў, што апошні званок – гэта наступны этап у жыцці для кожнага: і тых, хто перайшоў у наступны клас, і тых, хто скончыў школу. Гучалі шчырыя словы падзякі калектыву педагогаў, які працуе дзеля выхавання і адукацыі мясцовых школьнікаў. Вучням, якія вернуцца ў школу, Алег Леанідавіч пажадаў добра адпачыць і з новымі сіламі і задавальненнем пачаць навучальны год, а выпускнікам, самастойным грамадзянам краіны, зрабіць правільны выбар прафесіі, якая б надалей была па душы і даспадобы, і не забывацца на сваіх настаўнікаў і бацькоў.

Изображение 087    Пасля ўсіх віншавальных слоў вучняў чакаў яшчэ адзін сюрпрыз. З рук дырэктара школы яны атрымалі медалі, граматы, удзячнасці і падарункі за дасягненні, дзеля якіх вучыліся гэты год. Затым з віншаваннямі да выпускнікоў звярталіся першакласнікі. Адзінаццацікласнікі ж, аддзячыўшы малышам, узгадалі ўсіх сваіх настаўнікаў.

   Сімвалічным развітаннем са школай сталі выпушчаныя адзінаццацікласнікамі шары. Яны згуртавана ўзляцелі ў неба, а потым кожнага з іх вецер панёс у сваім накірунку. Прыкладна так і ў жыцці: адгучаць выпускныя балі, будзе здадзена тэсціраванне, і юнакі і дзяўчаты з усіх школ раёна раз’едуцца ў розныя гарады краіны, каб атрымаць прафесію і далейшыя ўрокі самастойнага, дарослага жыцця.

Наталля НАВІЦКАЯ.
НА ЗДЫМКАХ: выпускнікі першай гарадской школы; апошні званок — 2014 у Крулеўшчынскай СШ.
Фота А. Канавалавай, Н. Навіцкай,

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *