Докшицкий источник забот
Гэты артыкул нездарма мае парадкавы нумар. Справа ў тым, што ў мінулым годзе пад такой жа назвай ужо выходзілі дзве публікацыі (“Родныя вытокі” № 82 ад 16.10 і № 93 ад 23.11). Калі коратка, то гаворка ў іх вялася пра дарагую, як высветлілася, многім гараджанам крыніцу на перакрыжаванні завулка Падгорны з вуліцай Інтэрнацыянальнай.
Былы настаўнік, які зараз знаходзіцца на заслужаным адпачынку, Мікалай Ківа жыве амаль насупраць крыніцы і з году ў год п’е з яе ваду. Разам з іншымі гараджанамі, якія час ад часу ходзяць да яе, Мікалай Сяргеевіч адзначаў чысціню і смак крынічнай вады. Хацелася дакшычаніну, каб на гэта месца звярнулі ўвагу. Пэўны зачын на добраўпарадкаванне быў зроблены. А потым санэпідслужба па запыце рэдакцыі правяла аналіз крынічнай вады. Ён паказаў, што вада непрыгодная для піцця. Наш вышэйназваны чытач з гэтай высновай не быў згодны яшчэ ў мінулым годзе, і вось гэтай вясной ён ізноў прыйшоў у рэдакцыю з лістом, вытрымкі з якога друкуем:
“…Я нашел время и отдал воду на анализ в г. Минск и выяснилось, что вода хорошая, ее можно пить. Так спрашивается, кому верить? Санстанции, которая говорит, что вода непригодна и содержит большое количество железа, или анализу, где говорится, что в этой воде содержится железа в три раза меньше допустимых пределов.
Количество людей, которые берут эту воду, не уменьшается, а становится всё больше. Они понимают, какая это вода, была бы плохая — ее бы не брали.
…Хотелось, чтобы было уделено внимание и сбросам вод, в которые часто попадает мыльная вода. Стоки, не все правда, прямо направлены в сторону родника.
…Пишу с надеждой, что будут приняты меры по благоустройству, и мы с удовольствием и хорошим настроением будем пить чистую родниковую воду.”
Каб пацвердзіць ці абвергнуць кожнае з меркаванняў, рэдакцыя вырашыла правесці яшчэ адзін, незалежны аналіз. У дзень забору нашымі карэспандэнтамі вады для аналізу да крыніцы прыйшоў і М.С. Ківа (на здымку). Пажадаўшы шчаслівай дарогі, ён сказаў, што з надзеяй будзе чакаць выніку, хоць у яго станоўчасці не сумняваецца.
Докшыцкую ваду ў той жа дзень мы адвезлі ў лабараторыю ААТ “АкваКрышталь” г. Мінска. Праз тыдзень на адрас рэдакцыі быў дасланы адказ з вынікамі хіміка-фізічных іспытаў. Яны паказалі, што пах вады пры тэмпературы і 20, і 60 оС роўны 0 пры дапушчальных нормай не больш 2 балаў. Канцэнтрацыя каляровасці – 5,18 пры норме не больш за 20 град. Мутнасць – 0,22, норма ж дапускае не больш за 2,6 мг/дц куб, РН – 7,32 мг/дм куб. пры норме 6-9. Пергаментная акісляльнасць – 1,4 пры норме да 5 мг/дм куб. Нітрыты – 0,05, норма да 3,3 мг/дм куб. Нітраты – 4,4 пры норме да 45 мг/дм куб. Агульная жосткасць 5,74 пры норме да 7 моль/дм куб. і жалеза 0,14 пры норме да 0,3 мг/дм куб. Заключэнне, якое зрабілі спецыялісты названай лабараторыі, наступнае: выпрабаваная вада адпавядае патрабаванням СанПін 10-124РБ99 “Пітная вада. Гігіенічныя патрабаванні да якасці вады цэнтралізаваных сістэм пітнога водазабеспячэння. Кантроль якасці”.
Атрымліваецца, што правы быў Мікалай Сяргеевіч у сваіх высновах адносна якасці крынічнай вады.
Мясцовыя захавальнікі гісторыі сцвярджаюць, што вада з гэтай крыніцы цанілася даўней нездарма. Напрыклад, Расціслаў Пятровіч Лубачка расказвае, што ў 20-х — 30-х гадах мінулага стагоддзя крыху вышэй па вуліцы была панская піваварня. Належала яна Хаіму Гардону. Піва той піваварні было надзвычай якасным і цанілася далёка за межамі Докшыц. Прадавалі яго ў Варшаве і Лодзі. Піва разлівалася ў бутэлькі з цёмнага шкла. На этыкетцы была выява рака з двума кухалямі піва.
У канцы 50-х Расціслаў Пятровіч хадзіў у школу, якая таксама была побач з гэтым месцам. Хлапчуком ён часта бачыў рэшткі сцен і фундамента былой піваварні. Час пахаваў іх як і многае, але памяць пра гэты факт у гісторыі Докшыц засталася.
Якое гэта мае дачыненне да якасці вады? Самае непасрэднае. Справа ў тым, што для атрымання якаснага піва, у першую чаргу, патрэбна мяккая вада, беззаганная па сваім саставе. Гэта значыць, што пра якасць крынічнай вады ў гэтым месцы было вядома задоўга да нашага сённяшняга расследавання.
***
Жыхары амаль кожнай мясцовасці хочуць, каб яна славілася сваімі помнікамі гісторыі, цікавымі турыстычнымі месцамі і маршрутамі. Існуе сусветная практыка, калі граматныя маркетолагі і спецыялісты па сувязях з грамадскасцю, маючы звесткі пра нязначны факт з гісторыі мясцовасці, дапаўняюць яго легендай, прыпраўляюць усё рэкламай і дораць удзячным турыстам новы маршрут. Можа і да докшыцкай крыніцы з цягам часу будзе пракладзена такая турыстычная сцежка. Праўда, для гэтага яна павінна набыць больш прывабны выгляд. Па ўспамінах мясцовых жыхароў, у 60-х гадах у нізіне каля крыніцы было балоцістае месца. Сіламі насельніцтва яго падкапалі, пачысцілі і арганізавалі вадаём. Зробленая, выказваючыся сучаснай тэрміналогіяй, зона адпачынку мела належны выгляд і шмат прыхільнікаў пакупацца.
На сённяшні дзень пытанне добраўпарадкавання крыніцы застаецца адкрытым. Мы спадзяёмся, што тэма гэта будзе мець больш станоўчы працяг. Будзем сачыць за лёсам докшыцкай крыніцы разам.
Наталля Навіцкая.
Химический анализ вы сделали, а бактериологический?
Калі звярнуцца да папярэдніх публікацый па гэтай крыніцы, то стане бачна, што выснова аб непрыгоднасці вады для піцця рабілася на падставе вялікага ўтрымання ў ёй жалеза. Хімічны аналіз паказаў адваротнае. Матэрыял накіраваны на рэагаванне ў зацікаўленыя службы. Якія, мы спадзяёмся, зробяць бактэрыялагічны аналіз. Пра вынік гэтай справы рэдакцыя абавязкова паведаміць чытачам.