Как заросшие дворы угрожают кошелькам в Докшицком районе
Не толькі сметнікі і іншага кшталту гаспадарчая абыякавасць псуе выгляд многіх сядзіб. Скошаныя толькі на плошчы, агароджанай уласным плотам, прысядзібныя надзелы, межы ў палоне быльнягу, двары, што зараслі травой, не менш засмучаюць вока. Падтрыманне ў належным стане тэрыторыі ўласніка – гэта ўжо пытанне не ўласнай культуры – сёння гэта пытанне выканання закона.
Па інфармацыі начальніка аддзела жыллёва-камунальнай гаспадаркі райвыканкама Вадзіма Касцюка, пастановай Саўміна РБ ад 28 лістапада 2012 года № 1087 зацверджаны Правілы добраўпарадкавання і ўтрымання населеных пунктаў. За іх парушэнне КоАП прадугледжана адказнасць. Так, напрыклад, за загрувашчванне вуліц, плошчаў, двароў, іншых зямель агульнага карыстання будаўнічымі матэрыяламі і іншымі прадметамі накладваецца штраф: на фізічную асобу да 5 базавых велічынь, на індывідуальнага прадпрымальніка – ад 5 да 10, на юрыдычную асобу – ад 10 да 20 базавых велічынь. За парушэнне іншых правілаў добраўпарадкавання і ўтрымання населеных пунктаў можна папасціся на штраф для фізічных асоб да 25 базавых велічынь, індывідуальных прадпрымальнікаў – ад 10 да 50, юрыдычных асоб – ад 20 да 100 базавых велічынь.
На мінулым тыдні за неабкошаныя панадворкі на грамадзян райцэнтра было выдадзена 12 прадпісанняў. Пакуль гэта тэрміновае папярэджанне, але калі ўласнікі сядзіб не выправяць становішча, то няскошаная трава будзе каштаваць ім грошай.
Людская звычка прыбіраць толькі ў межах свайго плота становіцца ўсё менш распаўсюджанай. І ўсё ж у горадзе яшчэ можна сустрэць такія непрыглядныя карцінкі (здымак №1). Асобным пытаннем стаіць праблема нежылых, кінутых альбо тых, што яшчэ на стадыі будоўлі сядзіб, якія таксама трэба абкошваць (здымак №2). Наўмысна не ўказваем адрасы са спадзяваннем, што гаспадары пазнаюць свае панадворкі і навядуць на іх парадак. У адваротным выпадку няхай крыўдуюць самі на сябе, бо атрымаюць штраф за ўласную неахайнасць і безгаспадарчасць. Па словах Вадзіма Касцюка, час, які адводзіцца на тое, каб насельніцтва навяло парадак, можа быць ад некалькіх дзён, тыдня, да месяца, у залежнасці ад аб’ёму і відаў работ. Аддзел жыллёва-камунальнай гаспадаркі яшчэ раз звяртаецца да гараджан і жыхароў раёна з заклікам абкасіць двары і навесці элементарны парадак.
Бягучы год – год гасціннасці. І як бы не хацелася адваротнага – сустракаюць і фарміруюць першае меркаванне аб краіне, горадзе і асабліва вёскі па знешнім выглядзе людскіх сядзіб. Чаму б на ўласным прыкладзе не паказаць, што ў нас жывуць не толькі шчырыя і спагадлівыя, але і акуратныя, гаспадары?
Тэкст і фота Наталлі НАВІЦКАЙ.