Свою подготовку показали сандружины Докшицких организаций на районном соревновании
Ужо трэці год, як у нашым раёне адноўлена традыцыя правядзення спаборніцтваў сярод санітарных дружын арганізацый. Адзінаццаць каманд сабраліся ў мінулы чацвер на беразе гарадскога возера, каб паспаборнічаць у навыках правільна рэагаваць на надзвычайныя сітуацыі. Гэта дружыны камунгаса, РВЭСа, райста, Крулеўшчынскага склада захавання нафтапрадуктаў № 8, завода “Ветразь”, лясгаса, РВЭСа, ЦБП № 208 ААБ “Беларусбанк”, хлебазавода, райгаза, ПМК-52.
З прывітальным словам да каманд-удзельніц звярнуўся намеснік старшыні райвыканкама Аляксей Місачэнка і суддзя спаборніцтваў – галоўны ўрач ЦРБ Сяргей Кубар. Права ўзняць Дзяржаўны сцяг прадаставілі пераможцы аналагічных мінулагодніх спаборніцтваў – камандзе райгаза. Пасля жараб’ёўкі сандружыннікі накіраваліся да агароджаных палянак – чатырох этапаў конкурсу.
На першым трэба было прадэманстраваць не толькі ўкамплектаванасць каманды сродкамі для аказання першай дапамогі і лекамі, але і паказаць, ці могуць члены дружын выкарыстаць іх на практыцы.
Другі этап, па прызнанні многіх удзельнікаў, быў самым складаным і тычыўся работы санітарнай дружыны ў ачагу камбінаванага паражэння.
На трэцім этапе дэманстраваліся навыкі работы ў ачагу хімічнага паражэння, а на чацвёртым правяралася работа ў ачагу інфекцыйных захворванняў.
Ход спаборніцтваў кантралявалі медыкі, работнікі цэнтра гігіены і эпідэміялогіі, аддзела па надзвычайных сітуацыях, прадстаўнікі раённай арганізацыі “Чырвонага крыжа”. Да годнасці ўсіх каманд трэба адзначыць іх належны знешні выгляд: наяўнасць формы, шыльдаў з абазначэннем прадпрыемства і, самае галоўнае, наяўнасць уласных прыстасаванняў, агульнага набору лекаў і індывідуальных аптэчак для аказання дапамогі ў надзвычайных сітуацыях.
Журы, падводзячы вынікі, зазначыла, нядрэнны ўзровень падрыхтоўкі каманд і зараджэнне духу спаборніцтва на мерапрыемстве. Разам з тым, нягледзячы на высокія тэарэтычныя веды ўдзельнікаў, не ўсім хапала практычных навыкаў, што, у выпадку адсутнасці надзвычайных сітуацый, можа і добра. Агульнакамандны вынік такі: на трэцім месцы – сандружына Бягомльскага лясгаса, на другім – каманда райгаза, а першымі сталі дзяўчаты-дружынніцы з Беларусбанка (на здымку).
Прычым першае і другое месцы падзяліў толькі адзін штрафны бал. Лепшым камандзірам стаў Васілій Міхалевіч з каманды Крулеўшчынскага склада захавання нафтапрадуктаў № 8. Званне лепшай сандружынніцы атрымала Ірына Малашонак з каманды хлебазавода. Пераможцы былі ўзнагароджаны дыпломамі, падарункамі і правам прыняць удзел у наступным этапе спаборніцтваў.
Наталля НАВІЦКАЯ.
Фота В. Чарвінскага.