Молодые помощники в ОАО «Торгуны» Докшицкого района приводят урожай зерна в порядок
ААТ “Таргуны”, як вядома, сее зерневыя на 6280 гектарах. Гэта самая вялікая плошча ў раёне і ў структуры зерневых займае пятую частку. Уборку тут вядуць шаснаццаццю камбайнамі. Зжаць 200 гектараў за дзень для таргунянцаў — стабільная лічба. І не праблема справіцца з нажатым: ачысціць ад пустазелля, дасушыць. Толькі на цэнтральным зернетаку працуюць чатыры ачышчальна-сушыльныя комплексы. Усе на газавым ацяпленні. Дзве сушылкі магутнасцю 60 тон у гадзіну. Толькі сачы за работай, каб працэс ішоў якасна і без перапынку. Давяраюць гэтыя махіны маладым. Канечне, тым, хто прайшоў спецыяльную падрыхтоўку, прад’явіў, як кажуць, “корачку”. А вось у памочніках — маладыя людзі, якія жадаюць працаваць, быць карыснымі і, канечне ж, прыйшлі дзеля таго, каб зарабіць грошы, паспрабаваць сябе ў ролі аграрніка.
32 школьнікі, пачынаючы з 14-гадовага ўзросту, працуюць на зернетаку, даводзяць ураджай да ладу. Усе — члены ГА “БРСМ”, а значыць, актыўныя, ініцыятыўныя, старанныя. Шуфлі, рыдлёўкі, венікі — прылады іх працы. І калі запарка, паступае на захоўванне шмат зерня, то “палапаціць” ім даводзіцца нямала. Па словах агранома-аграхіміка Аляксея Саковіча, тут не пастаіш, не палянуешся. Добра, што работа арганізавана ў дзве змены, а значыць, не нашкодзіць здароўю маладому арганізму, а дасць загартоўку, вытрымку, навучыць працаваць.
Між тым, у размове з намі хлопцы і дзяўчаты на цяжкасці не скардзіліся. Непаседлівыя, гарэзлівыя, яны гаварылі пра тое, што працаваць лёгка і весела. Многія ўжо не першы год на ўборцы зерня. Іншыя, да прыкладу, Даша Ранкоўская, прыязджаюць з Докшыц. Шчыруюць на зернетаку браты Малюжанцы — Рома і Вова, стараюцца не адстаць ад хлапчукоў Дзіяна Малашонак, Хрысціна Іванова. Стомленыя і занятыя карыснай справай летам, яны ўвесь вучэбны час будуць успамінаць гэта як самую шчаслівую пару года.
Адным з членаў атрада з’яўляецца 16-гадовы Уладзімір Мікіцэвіч з Гліннага. Сёлета ён працуе непасрэдна на сушылцы – памочнікам аператара. Няўзброеным вокам бачна, з якім гонарам ён выконвае работу, што ўваходзіць у яго службовыя абавязкі. Юнак чысціць трубы і сеткі, замярае вільготнасць зерня спецыяльным прыборам…
– Да сёлетняга лета я працаваў у таварыстве рабочым: шуфляваў зерне, падмятаў у складах. І, скажу чэсна, марыў заняцца больш адказнай справай, – сціпла і сур’ёзна распавядае Уладзімір. – Сёлета падышоў да аператара сушыльнага комплексу Андрэя Карніловіча і папрасіўся, каб узяў да сябе ў экіпаж. Той пагадзіўся, кіраўніцтва сельгаспрадпрыемства не стала пярэчыць і аформіла мяне на гэту работу. Канечне, адчуваю павышаную адказнасць. І стома з’яўляецца ад працы за суткі. Аднак у параўнанні з задавальненнем – гэта нічога не варта. Праз год планую паступіць у БНТУ, а таму праца на сушылцы стане ступенькай у авалоданні прафесіяй, дапаможа набыць вытрымку і сілу.
Па словах першага сакратара раённага камітэта грамадскага аб’яднання “БРСМ” Таццяны Гайчук, такія атрады створаны ў КУСГП імя Чэрныша, ДП “АграСітцы”, КУП “Докшыцкі”, ААТ “Барсучанка”. Усе, хто пажадаў працаваць, атрымалі рабочыя месцы. А праца, як кажуць у народзе, нікога не скалечыла.
Нэлі БЯЛЯЎСКАЯ.
НА ЗДЫМКУ: (злева направа) у першым радзе: Рома Малюжанец, Даша Ранкоўская, Таццяна Гайчук (першы сакратар РКГА “БРСМ”), Дзіяна Малашонак, Хрысціна Іванова, Вова Малюжанец; у другім: Улад Трус, Аляксандр Малюжанец, Ігар Каралевіч, Іван Скурат, Улад Кавальскі, Аляксандр Наскідаеў.
Фота А. Варанковіча.