Фестиваль православной молодежи Полоцкой епархии прошёл в Докшицком районе

Напачатку жніўня адбылася адна значная падзея, якая падказала, што самы час узгадаць пра духоўнае выхаванне. Гэтай падзеяй стаў трохдзённы фестываль праваслаўнай моладзі Полацкай епархіі, дэвізам якога былі словы: “Пакуль мы маладыя”. На працягу гэтых дзён мясцовая моладзь і тая, што прыехала на фэст, пабывала на мерапрыемствах у Крулеўшчыне, Порплішчы і Докшыцах, дзе ёй не было часу сумаваць. Але аб усім па парадку.

IMG_2129Справа ў тым, што гэта ўжо трэцяя сустрэча праваслаўнай моладзі на тэрыторыі нашага раёна. Кожны год яе правядзенне ініцыюе айцец Віктар Гмір разам са сваімі памочнікамі — студэнтамі Аляксандрам Плыгаўкам і Дзмітрыем Мандруком, пры падтрымцы выканаўчай улады і прыхаджан.

Яшчэ напярэдадні фестывалю, у інтэрв’ю мясцоваму радыё, айцец Віктар Гмір гаварыў, што на сёлетняй сустрэчы будзе гучаць тэма 100-годдзя з пачатку Першай сусветнай вайны, якая стала прадвеснікам усяму далейшаму ходу гісторыі ХХ стагоддзя, у тым ліку і Другой сусветнай вайны. Не адступілі ад сваіх абяцанняў арганізатары і першы дзень злёту моладзі распачаўся з літургіі ў капліцы аграгарадка Крулеўшчына, якая месціцца на могілках. Тут ёсць сведчанні аб пахаваннях салдат Першай сусветнай вайны. Па яе заканчэнні моладзь і больш сталыя прыхаджане рушылі разам у хрэсны ход (на здымку) да чыгуначнага вакзала. У гэты час мы пагутарылі з моладдзю:

Яна (Паставы):
– Нас з Пастаў на злёце 9 чалавек. Гэта толькі пачатак фэсту, але мне ўжо вельмі падабаецца. Прыехалі мы ўчора, нас рассялілі ў дамы да прыхаджан, вечарам паспелі крыху пазнаёміцца з астатняй моладдзю. Усе мы ходзім у нядзельную школу, таму на такіх злётах, па запрашэнні Полацкай епархіі пабывалі ў многіх месцах. І тут, і на іншых праваслаўных фестывалях вельмі добрая сяброўская атмасфера, таму, калі запросяць, мы абавязкова прыедзем і ў наступным годзе.

Паліна (Крулеўшчына):
– Я была на двух папярэдніх злётах праваслаўнай моладзі. Гэта ўжо трэці, і мне хочацца прыходзіць сюды зноў і зноў. З кожным годам на такіх сустрэчах з’яўляецца штосьці новае. Тут асаблівая атмасфера, якую я пакуль больш нідзе не адчувала, людзі вядуць сябе па-іншаму, не так як у звычайным жыцці, з большай дабрынёй. Вельмі радасна сустракаць гасцей, якія ўжо прыязджаюць не першы раз і сталі нам калі не сябрамі, то добрымі знаёмымі.
За размовай хутка праляцеў час, а хрэсны ход між тым апынуўся на месцы прызначэння. “Памяць свяшчэнная” мела назву літаратурна-музычная кампазіцыя на пляцоўцы ля чыгуначнага вакзала. Глыбокай увагай аддзячылі ветэрану працы Я.Г. Малчанаву за цікавы расповед пра падзеі Першай сусветнай вайны ў тым ліку і на тэрыторыі Крулеўшчыны. Удзячнымі апладысментамі віталі дзеі на сцэне ўдзельнікі фестывалю, які меў працяг і далейшую насычанаю праграму.

IMG_2139Другі дзень злёту без перабольшання стаў падзеяй для раённага цэнтра. Распачаўся ён малебнам у Спаса-Пакроўскай царкве, затым удзельнікі злёту разам з духавенствам Докшыцкай акругі хрэсным ходам рушылі на бераг гарадскога возера. Па дарозе пачуўшы словы малітвы “Госпадзі Ісусе Хрысце сыне Божы, памілуй нас!”, якія гучна спявалі вернікі ў калоне, да яе далучаліся гараджане рознага ўзросту. І малітва, якая спачатку гучала крыху нястройна, паціху пачала набіраць сілу. Праз некалькі хвілін яе спяваў ужо вялікі хор людзей, аб’яднаных верай у Госпада.

– Як з кожным крокам мацнеў наш хор, так і мацнеем мы, калі звяртаемся да Веры, якая аб’ядноўвае людзей, – сказаў, адкрываючы праграму “Славім. Помнім. Ганарымся”, благачынны Георгій Мялешка. – Верыць, любіць і быць маладым, карыстацца ўсімі перавагамі гэтай квітнеючай пары можа кожны малады хрысціянін. Вера і Царква былі з людзьмі заўсёды, яны дапамагалі выстаяць, асабліва ў самыя складаныя моманты іх жыцця, якімі, у першую чаргу, былі войны.

З прывітальным словам да ўдзельнікаў злёту звярнулася таксама намеснік старшыні райвыканкама Валянціна Рандарэвіч.

Затым самадзейныя артысты з Крулеўшчыны, Докшыц і Пастаў, якія займаюцца ў нядзельных школах пры мясцовых храмах, паказалі канцэртна-тэатралізаваную праграму. З дапамогай музыкі, вершаў, пантамімы ім удалося ўзняць вечныя каштоўнасці: памяць пра самую кровапралітную вайну мінулага стагоддзя, ісціну Веры для веруючых і няверуючых, стойкасць маладых вернікаў перад спакусамі д’ябла ў выглядзе наркотыкаў, шалёных грошай, азартных гульняў і ўсяго іншага, што ачмурае чалавека, вядзе яго да гібелі. Вельмі кранулі душу выступленні Надзі Бардзянковай, Лізы Міхмель, Васілісы Гушчык, Сашы Плыгаўкі. Асобны паклон высокаму вакальнаму майстэрству факультатыўнай групы нядзельнай школы пры храме Мікалая Цудатворца з Пастаў.
Завяршылася праграма агульным выкананнем гімна расійскай праваслаўнай моладзі, якім стала песня, пакладзеная на вядомы верш М. Лермантава “Барадзіно”. Кіраваў імправізаваным хорам кіраўнік маладзёжнага аддзела Полацкай епархіі іерэй Ігар Чачуковіч. Вядомыя з дзяцінства словы падхапілі многія, і гімн радзіме, праваслаўнай веры, мужнасці абаронцаў Айчыны залунаў над прасторамі старадаўняй Бярэзіны, якая бачыла французскіх захопнікаў: іх бравае наступленне і ганебныя ўцекі з-пад Масквы. Хто на Русь прыйдзе з мячом, той ад яго і загіне.

* * *
У нашым грамадстве яшчэ існуе стэрэатып на тэму таго, што ў царкву ходзяць толькі бабулі. Мэта фестывалю – развенчванне гэтага міфу. Храм не толькі для прадстаўнікоў старэйшага пакалення – гэта месца для ўсіх узростаў. Падчас такіх злётаў становіцца зразумела, што сапраўдная праваслаўная моладзь – гэта не ціхоні, якія баяцца быць смелымі і актыўнымі і не ўмеюць кантактаваць з аднагодкамі (на здымку). Сёння можна быць паслухмяным у царкве і пры гэтым абсалютна вольна адчуваць сябе па за яе межамі, не парушаючы прынцыпаў хрысціянскай маралі. Не верыце? Прыедзьце ці прыйдзіце на мерапрыемства, якому прысвечаны артыкул і, можа быць, ваш погляд змене накірунак.

Наталля НАВІЦКАЯ і Тамара АЛЬШЭЎСКАЯ.

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *