Прораб ОАО «Торгуны» Докшицкого района Ярослав Петько — строитель для аграриев

Прараб Яраслаў Пяцько на рэканструкцыі фермы «Вецяра» ААТ «Таргуны»

Прараб Яраслаў Пяцько на рэканструкцыі фермы «Вецяра» ААТ «Таргуны»

Яго працоўная біяграфія ў ролі будаўніка пачалася ў далёкія 80-я гады ў Сургуце. Тады пасля арміі юнак з прафесіяй механіка накіраваўся на асваенне сібірскіх месцанараджэнняў нафты. Там прайшоў курсы майстроў і нейкі час ім працаваў. Аднак хутка кемліваму беларускаму хлопцу прапанавалі пасаду начальніка ўчастка. Той участак, па словах Яраслава Сяргеевіча Пяцько, нагадваў па аб’ёму нашу вобласць. А таму на яго рахунку кіламетры пракладзеных нафта-, вода- і газаправодаў, будаўніцтва помпавай і кампрэсарнай станцый, жылля… За высокія вытворчыя паказчыкі і належную якасць выкананых работ начальнік участка Я.С. Пяцько быў узнагароджаны Ганаровай граматай ВЦСПС і Савета міністраў СССР.

Атрымаў яе ў Крамлі, пазнаёміўся з лепшымі людзьмі Савецкага саюза. На ўрачыстаць уручэння паехаў у спецыяльна падабраным для гэтай мэты касцюме. Штаны ад яго і цяпер носіць Яраслаў. Якасць вытрымала дзесяцігоддзі, а памяць застанецца назаўсёды.

У 90-я гады, калі адбыліся пэўныя змены ў грамадстве, Яраслаў вяртаецца на радзіму — у вёску Рачныя. Не паспеў адпачыць у водпуску, як тагачасны намеснік старшыні калгаса “Зара камунізму” прыехаў да яго з прапановай пайсці ў калгас працаваць прарабам. Пяцько пагадзіўся адразу і за справу ўзяўся з тым жа маладым запалам і энтузіязмам, з якімі працаваў у Сібіры. Першай вялікай справай для калгаса, якая была зроблена пад кіраўніцтвам толькі прызначанага прараба, стала пераабсталяванне жывёлагадоўчага комплексу “Гліннае”. На месца стужак для прыёму і раздачы кармоў устанавілі кармавыя сталы. Работа была накіравана ў гэтым рэчышчы і далей: рамантавалі, пераабсталёўвалі жывёлагадоўчыя памяшканні. На рахунку будаўніка-аграрніка Пяцько першая ў рэспубліцы польская сушылка магутнасцю 30 тон у гадзіну.

Затым дзякуючы вопыту і настойлівасці прараба з Таргуноў была ўзведзена яшчэ адна сушылка, якая за гадзіну мае магчымасць давесці да патрэбнай кандыцыі 60 тон зерня! Пра важнасць гэтага аб’екта нядаўна нагадаў старшыня райвыканкама Алег Пінчук. Ён адзначаў, што таргунянцы вытрымалі канкурэнцыю і першымі ў вобласці паставілі фундамент пад ачышчальна-сушыльную гаспадарку, што дало права атрымаць у раён такую махіну.

Пытаюся, ці цяжка працаваць у сельгаспадарцы і чую ў адказ, што не менш адказна, чым у прамысловасці, і гэтак жа цікава. Асабліва падабаецца вясковаму прарабу ўзводзіць новыя аб’екты. З задавальненнем будаваў бы фермы: сучасныя, камп’ютарызаваныя. Пэўны ўклад унёс у будаўніцтва такой у Вецяры, а зараз працуе на рэканструкцыі старой. Да сярэдзіны верасня работы тут закончацца.
Што адрознівае будаўніка-аграрніка ад будаўніка ўвогуле? Тое, што выкананне работ падпарадкоўваецца, напрыклад, перыяду пастаноўкі жывёлы на стойлавае ўтрыманне альбо пачатку ўборкі зерневых. Іншы раз даводзіцца працаваць у рэжыме аўралу. Рабочы дзень расцягваецца да 10 гадзін. А застаецца задавальненне ад вынікаў працы. Будаўнік для аграрнай сферы – асаблівая прафесія. І няхай такой не значыцца на факультэтах у інстытуце ці каледжы, галоўнае, што ёсць людзі, якія з жаданнем працуюць дзеля дабрабыту і развіцця галін сельгасвытворчасці.

Нэлі МІХАЛЕВІЧ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *