Катя Зинькевич, выпускница Докшицкой СШ № 2 перешла на первую ступень своей новой жизни

Вось і верасень. Шапаціць за вокнамі лісцем, стукае дажджавымі кроплямі па лужах, усміхаецца рознакаляровымі ранцамі за плячамі вучняў. Праляцелі канікулы. Пакінулі толькі ўспаміны пра падарожжы, гульні, новыя знаёмствы. А школы ўжо прынялі сваіх сяброў – хлопчыкаў і дзяўчынак – такіх розных і такіх цікавых.

Школьнае жыццё – незабыўнае. Яно знаёміць нас з сусветам, вучыць жыць, вучыць вучыцца. Чалавек увесь час спасцігае нешта новае для сябе незалежна ад таго, які ў яго ўзрост. Адным з самых галоўных перыядаў у жыцці кожнага з’яўляецца заканчэнне школы і выбар далейшага шляху. І тут трэба самому вырашыць, куды павярнуць, што бліжэй да душы і на чым акцэнтаваць сваю ўвагу.

Вось так і Каця Зінькевіч, выпускніца Докшыцкай СШ № 2, якую вы бачыце на здымку, перайшла на першую прыступку свайго новага жыцця. Сёння яна – студэнтка юрыдычнага факультэта БДУ. Сваё важнае рашэнне скрупулёзна і старанна абдумвала, раілася з настаўнікамі і бацькамі.

Катя
Нарадзілася Каця ў Сітцах, праз некаторы час разам з бацькамі пераехала ў аграгарадок Параф’янава, дзе ў школе адвучылася восем гадоў. З першага класа – лепшая вучаніца. Спачатку на ўроках было проста цікава: новыя веды, настаўнікі, якія змаглі заахвоціць дзяўчынку жаданнем ведаць усё. З часам Кацярына зрабіла для сябе выснову, што школа дае ўсё, што спатрэбіцца ў далейшым, і таму яшчэ больш увагі стала надаваць вучобе. Бацькам не трэба было стаяць над ёй і нагадваць пра нявывучаныя ўрокі. Любімымі прадметамі сталі фізіка, матэматыка і інфарматыка. Калі перайшла ў Докшыцкую СШ № 2, то моцна пасябравала з настаўніцай матэматыкі Надзеяй Анатольеўнай Петрашкевіч. Любімы прадмет стаў выкладацца любімым настаўнікам. Самых вялікіх поспехаў дасягнула Каця ў грамадазнаўстве: у цэнтралізаваным тэсціраванні па гэтым прадмеце яна набрала 100 балаў! Разам з дзяўчынкай радаваўся такому выніку і яе настаўнік па прадмеце Аляксандр Сяргеевіч Манукоў. З самым вялікім агульным балам па раёне Каця падала дакументы на юрфак і стала першакурсніцай. Спецыяльнасць “правазнаўства”, якую яна выбрала, была ў гэтым годзе адной з самых папулярных на факультэце.

Акрамя вялікай цягі да ведаў, дзяўчынка не расстаецца з кнігамі.

– Чытаць мяне заахвоцілі яшчэ дзядуля з бабуляй. Можа таму і вучыцца люблю, бо з кніг даведвалася пра новае, а потым шукала дадатковую інфармацыю пра гэта. Вельмі люблю вершы. Калі дрэнны настрой, то рыфмаванымі радкамі настройваюся на пазітыўны лад.

Каці няма ў сацсетках, бо “он-лайн”-адносінам яна аддае перавагу сустрэчам з сябрамі. Сумленнасць, дабрыня і любоў да бліжняга – вось галоўныя рысы характару Каці Зінькевіч, дзяўчынкі, у якой усё наперадзе.

Тэкст і фота Яўгеніі МАЛЕВІЧ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *