В Докшицах при помощи платёжной карточки можно осуществлять разные операции

“Беларусбанк” мае даволі разгалінаваную інфраструктуру. Калі казаць прасцей, аддзяленні з зялёным лагатыпам адкрыты ва ўсіх рэгіёнах краіны. У апошні час гэта фінансавая ўстанова праводзіць сур’ёзную работу дзеля таго, каб прывесці ўсе аддзяленні да адзінага фармату і стандарту. Акрамя гэтага, банкіры робяць стаўку і на тры складаемыя поспеху: высокую якасць, даступнасць і арыентацыю на кліента.

IMG_4727

Многія наведвальнікі ЦБУ № 209 філіяла № 216 ААТ “ААБ Беларусбанк” у райцэнтры звярнулі ўвагу на тое, што на некаторых касах гэтай фінансавай установы з’явіліся аб’явы аб тым, што ў іх не прымаюцца плацяжы за мабільную сувязь і Інтэрнэт. Прапаноўваецца здзейсніць іх самастойна рознымі даступнымі спосабамі. Ёсць у Беларусбанку і іншыя новаўвядзенні. Падрабязней пра іх мы пагутарылі з намеснікам дырэктара ўстановы Ірынай Малюжанец.

– Ірына Рыгораўна, калі ўжо ўзгадалі пра плацяжы за мабільную сувязь і Інтэрнэт, з гэтага і пачнём.

– З лістапада мінулага года пачаўся паэтапны вывад з аперацыйных вокнаў гэтых плацяжоў спачатку за наяўныя грошы, а потым і праз плацежныя карткі. Такая практыка дзейнічае ў аддзяленнях нашага банка па ўсёй краіне. Яе асноўная мэта – зменшыць чэргі і максімальна спрасціць працэс аплаты для кліента. Аплаціць паслугі мабільнай сувязі, інтэрнэт-правайдэраў і іншыя можна праз М-Банкінг у 4 банкаматах, 8 інфакіёсках, сярод якіх адзін з функцыяй прыёму наяўных грошай устаноўлены ў нашым аддзяленні ў Докшыцах. Калі ў кліента ўзнікаюць цяжкасці з аплатай, можна скарыстацца парадай кансультанта, які працуе ў зале. Ёсць у нас і іншыя новаўвядзенні. Першае аперацыйнае акно банка стала экспрэс-касай. Выдалены пэўныя аперацыі, напрыклад, дэпазітныя, і дачакацца сваёй чаргі кліент можа значна хутчэй. Трэцяе аперацыйнае акно зараз працуе толькі з плацежнымі карткамі.

– Раскажыце пра адкрытае працоўнае месца, у чым сэнс гэтага новаўвядзення?

– Давайце спачатку паразважаем. Згадзіцеся, значна больш прыемна, калі вы прыйшлі, скажам, адкрыць рахунак ці заплаціць паслугі і можаце здзейсніць гэта не праз таўшчэзнае шкло і агароджаную касу, а непасрэдна седзячы насупраць работніка банка. Такім чынам можна дадаткова штосьці ўдакладніць, падрабязней распытацца пра незразумелае, хутчэй знайсці правільнае фінансавае рашэнне. Гэта і стала падставай для стварэння адкрытага рабочага месца. Такое рабочае месца ёсць у Бягомльскім аддзяленні. Хутка запрацуе і ў Докшыцах. Адна ўмова – ўсе аперацыі здзяйсняюцца з дапамогай плацежнай карткі.

– Да таго, што з дапамогай М-Банкінга можна разлічыцца за паслугі, ужо прызвычаліся многія вашы кліенты, а што банк можа прапанаваць для аматараў такога кшталту паслуг?

– Існуе катэгорыя кліентаў, якія любяць дакладна арганізаваць свой час. Яны імкнуцца ў тым ліку звесці да мінімуму паходы ў банк. Для тых, хто хоча кіраваць сваімі зберажэннямі не выходзячы з дому 24 гадзіны ў суткі, мы прапаноўваем пры дапамозе плацежнай карткі нашага банка магчымасць адкрыць рахунак праз сетку Інтэрнэт. Каб у кліентаў быў стымул праводзіць безнаяўныя разлікі, “Беларусбанкам” распрацавана праграма лаяльнасці. У межах яе існуе шэраг бонусаў: афармленне кліенту карткі са скідкай, выплата ўзнагароджання, якое вызначаецца ад сумы сродкаў безнаяўных разлікаў і іншыя.

– А што з крэдытаваннем, якія існуюць прапановы для жадаючых атрымаць пазыку на плацежную картку?

– Такіх прапаноў некалькі. На спажывецкія патрэбы тэрмінам да 5 гадоў з адкрыццём крэдытнай плацежнай карткі пад паручыцельства 2-х фізічных асоб, крэдытная картка без парукі, але пад страхаванне рызыкі невяртання. Сярод навінак – крэдытная картка “Да навучальнага года”. Яе могуць атрымаць тэрмінам да года і памерам да 30 базавых велічынь малазабяспечаныя грамадзяне. Для аплаты экстракарпаральнай працэдуры, банк прапаноўвае крэдыт памерам да 300 базавых велічынь. Таксама можна адкрыць узнаўляемую міжнародную картку ў межах крэдыту “Праверана часам”. Праграмы лаяльнасці распрацаваны і для тых, хто мае добрую крэдытную гісторыю і прытрымліваецца дысцыпліны пагашэння плацяжоў. Сярод бонусаў прадугледжваюцца зніжэнне стаўкі па крэдытах, устанаўленне льготнага перыяду пагашэння і інш. Увогуле ж, я лічу, што за безнаяўнымі разлікамі будучыня, бо гэта не толькі хутка, але і зручна. І мы, у сваю чаргу, пастараемся зрабіць многае, каб нашы кліенты згадзіліся з гэтай высновай.

Гутарыла Наталля НАВІЦКАЯ.
НА ЗДЫМКУ: У “Беларусбанку” заўжды можна атрымаць кансультацыю па карыстанні інфакіёскам.
Фота В. Чарвінскага.

Шэсць цікавых фактаў пра“Беларусбанк”

1.Інфакіёскі “Беларусбанка” працуюць на трох АЗС (у Бягомлі на 101 км, у Докшыцах на АЗС № 64, што побач з аб’язной дарогай, і ў Крулеўшчыне).
2.139 рабочых месцаў у арганізацыях гандлю і сэрвісу маюць абсталяванне “Беларусбанка” для разліку плацежнымі карткамі.
3. Калі вы хочаце зрабіць арыгінальны і практычны падарунак на вяселле, юбілей ці ў выпадку іншай нагоды, у “Беларусбанку” можна хутка аформіць плацежную картку-падарунак, на якую будзе залічана пажаданая кліентам сума.
4. У “Беларусбанку” можна набыць зліткі золата рознай вагі: 1,5, 10, 20 грамаў і г.д. Гэта і шыкоўны падарунак, і добрая інвестыцыя.
5. Дзеля павышэння дзіцячай фінансавай граматнасці Докшыцкі філіял арганізаваў конкурс дзіцячых малюнкаў на тэму банкаўскай дзейнасці. Усе работы былі выстаўлены ў фае банка. Падчас школьных лінеек з нагоды 1 верасня пераможцы атрымалі падарункі.
6. “Беларусбанк” пастаянна стымулюе разлікі плацежнымі карткамі сярод работнікаў розных арганізацый. Пераможцы атрымліваюць грашовыя ўзнагароды. Не так даўно іх вылучалі сярод работнікаў сферы адукацыі.

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *