В субботу во время вечерней литургии в костёле имени Божией Матери Остробрамской в деревне Берёзовка Докшицкого района отмечали праздник урожая
Менавіта так назваў касцёл імя Маці Божай Вострабрамскай і тэрыторыю вакол яго біскуп Віцебскай дыяцэзіі Алег Буткевіч. У суботу падчас вячэрняй літургіі ў касцёле адзначалі свята Ураджаю. Па каталіцкаму календару яно значылася як Падзяка Пану Богу за плады зямлі нашай. У святочным убранні, яшчэ прыгажэй і велічней выглядаў касцёл у вёсцы Бярозаўка. Некалі вялікі населены пункт драбнее на вачах, аднак надае сілу жыцця менавіта касцёл і пробашч парафіі ксёндз Марэк Пасют, які аб’ядноўвае хрысціян дзвюх канфесій. Сюды на свята ўраджаю сабраліся амаль усе вяскоўцы, а таксама госці з Крыпуль, Гняздзілава, Докшыц. Цярпліва ў малітвах чакалі Эксцэленцыю з Віцебска, які па меры сваёй занятасці крыху затрымліваўся, але ўсё роўна прыехаў на сустрэчу з парафіянамі. Ён звярнуўся да прысутных са словамі падзякі Богу за ўсё тое, што мае сучасны чалавек. За ўзведзены на месцы старой калгаснай канторы Божы дом, за яднанне людзей вакол яго, за супольную малітву і супольную працу на агульную карысць і кожнага па-асобку. У тым, што ўраджай буракоў, капусты, агуркоў, памідораў, бульбы, яблыкаў вырас багаты, адчуваецца рука Усемагутнага Бога і старанне тых, хто працаваў з рыдлёўкай і матыкай, хто ўпрыгожваў гэтымі пладамі касцёл. На самым бачным месцы побач з алтаром ззяў золатам, нібы сонца, прыгажун сланечнік, і святло яго лілося з неба. Уверсе, у аздабленні галінак вінаграду, цешылася на абразе Маці Марыя. На падлозе, выкладзенай пліткай, на паліцах ляжалі гарбузы і кабачкі, грушы і яблыкі… Увысь паднімаліся песні. Разам з хорам спявалі ўсе прысутныя “Малюся за цябе, Беларусь…”
Маліліся за прысутных у храме, дзяцей і хворых, за сем’і і згоду ў іх, за мір на ўсім свеце і ўменне ўсе пытанні вырашаць мірным шляхам. Маліліся за ўрад наш і кіраўніцтва сельгаспрадпрыемства, сельвыканкама, якія выдзелілі пад касцёл частку зямлі і старога калгаснага сада. Мікалай Шульгат з ААТ “Докшыцкі райаграсэрвіс” падзякаваў за малітву і сказаў, што сёлета акцыянернае таварыства атрымала лепшы ў раёне ўраджай збожжавых. Бярозаўскія землі сталі ў гэтым кірунку рэкардсменамі, і ў гэтым ён бачыць разам са стараннямі членаў таварыства Божую ласку.
Пасля Эўхарыстыі (з грэчаскага “ўдзячнасць”) з касцёлу свята перанеслася на двор. Там спявалі мясцовыя артысты, а ў паветры разносіўся водар юшкі, шмальцу, салёных агуркоў. Брат Войтэк – непераўзыдзены шэф-повар – прыгатаваў дамашнюю лапшу і разам з булёнам і зеленевам частаваў гасцей.
Тэкст і фота Нэлі БЯЛЯЎСКАЙ.