Детские и школьные годы лучшего участкового минской милиции прошли в Докшицком районе
Шматлікія граматы адміністрацыі Цэнтральнага раёна г. Мінска, Ганаровыя граматы і падзякі МУС Рэспублікі Беларусь і ГУУС Мінгарвыканкама, а, галоўнае, давер і ўдзячнасць грамадзян, якія пражываюць на адміністрацыйным участку — вось адны з нямногіх заслуг участковага інспектара міліцыі Цэнтральнага РУУС г. Мінска капітана міліцыі Вячаслава Крэера.
Дзіцячыя і школьныя гады Вячаслава прайшлі ў Докшыцкім раёне. Пасля заканчэння сярэдняй школы імя Кірава Вячаслаў паступіў у Мінскі дзяржаўны тэхналагічны каледж, закончыўшы які, быў прызваны на вайсковую службу. У войску адказнага і перспектыўнага маладога чалавека заўважылі і прызначылі камандзірам аддзялення. Вячаслаў актыўна займаўся спортам і за час службы атрымаў 2 юнацкія спартыўныя разрады па бегу на 3 і 5 кіламетраў. Пасля дэмабілізацыі ён прыехаў у г. Мiнск i ўладкаваўся на працу ў УП «ЖЭС № 13» ЖРЭА Цэнтральнага раёна.
У 2009 годзе адно здарэнне цалкам змяніла жыццё Вячаслава. Летнім днём ён, ідучы ў краму, убачыў маладога чалавека гадоў 25-ці, які сядзеў каля веласіпеда. Людзі праходзілі міма, малады чалавек не звяртаў на іх увагі, аднак Вячаславу яго паводзіны падаліся падазронымі і ён паклікаў хлопца, той, спалохаўшыся, уцёк. Падышоўшы бліжэй, Вячаслаў убачыў перарэзаны трос, якім веласіпед быў прычэплены да апоры. А праз некалькі хвілін з крамы з пакупкамі выйшаў уладальнік веласіпеда. Даведаўшыся пра здарэнне, ён доўга дзякаваў юнаку. Менавіта пасля гэтага выпадку Вячаслаў вырашыў дапамагаць людзям і стаць супрацоўнікам міліцыі, тым больш, што ўчастковы інспектар міліцыі Аляксандр Шкадун, які абслугоўваў участак, дзе працаваў Вячаслаў, даўно ўгаворваў яго паспрабаваць свае сілы. Так Слава стаў участковым інспектарам міліцыі, а Аляксандр Шкадун — яго настаўнікам і напарнікам.
Новая справа вельмі падабаецца Вячаславу. Як лічыць ён сам, участковы — гэта маленькае раённае ўпраўленне на сваім участку. Не сакрэт, што па рабоце ўчастковых інспектараў людзі нярэдка ацэньваюць у цэлым дзейнасць міліцыі. Таму на гэтай службе неабходныя такія якасці ў рабоце, як ветлівасць, патрабавальнасць да сябе, разважлівасць, уменне выслухаць і, вядома ж, зрабіць усё магчымае, каб аказаць дапамогу тым, хто за ёй звярнуўся. Акрамя таго, асноўны акцэнт у працы ўчастковых накіраваны на прафілактыку, выяўленне і спыненне правапарушэнняў і злачынстваў, п’янства і алкагалізму, гвалту ў сям’і. Бо ўсім вядома, што лепш праблему папярэдзіць, чым потым спрабаваць яе вырашыць.
За час службы шмат чаго адбылося на ўчастку ў Вячаслава. Але асабліва запомніўся яму наступны выпадак. «Гэта было некалькі гадоў таму, — успамінае ён, — мы з напарнікам абследавалі свой адміністрацыйны ўчастак. Была зіма, мароз -25 градусаў, на гадзінніку дзевяць вечара. І вось, праходзячы недалёка ад аднаго з дамоў, убачылі, што на лаўцы стаяць тэлевізар і відэамагнітафон. Гэта падалося падазроным, і мы вырашылі высветліць, у чым справа. Падышоўшы бліжэй, убачылі, што лёгка апрануты мужчына бегае каля пад’езда. Не інакш, як кватэрны злодзей, трэба затрымаць. Не паспелі так падумаць, як з аднаго з балконаў, размешчаных на верхніх паверхах, на зямлю пачала падаць верхняя вопратка, шкарпэткі, ніжняя бялізна, а таксама раздаваліся крыкі. І тут мужчына расказаў нам, што жонка знайшла яго ў абдымках іншай жанчыны, пачала скандаліць і выгнала з кватэры на мароз, а ісці яму няма куды. Мы падняліся па лесвіцы на паверх, дзе пражываў выгнаны муж, каб пагаварыць з яго жонкай. Я пагрукаў у дзверы, мужчына стаяў ззаду за мной. І вось адчыняюцца дзверы, а на парозе жонка лавеласа … з сякерай і з крыкам: «Дык ты, нягоднік, яшчэ і міліцыю прывёў!», замахваецца сякерай на мужа і спрабуе яго ўдарыць. Сякера праносіцца прама ў мяне над галавой. Я паспяваю адскочыць убок, вырваць у жанчыны сякеру, штурхнуць яе ў кватэру і зачыніць дзверы. Далей буяніць яна прадаўжала ў кватэры. Праз некаторы час мы з напарнікам затрымалі кабету і даставілі ў райаддзел. Мужчына ж, ледзь жывы ад страху, не мог паверыць, што яго ледзь не забіла ўласная жонка, і доўга дзякаваў за выратаванне. Самае дзіўнае ў гэтай гісторыі тое, што пасля гэтага выпадку муж і жонка памірыліся і зараз жывуць «душа ў душу». Часта сустракаю іх на ўчастку, заўсёды вітаюцца і ўзгадваюць, як лёс выратаваў іх сям’ю ад няшчасця”.
Непасрэдны начальнік Вячаслава Крэера Андрэй Марозаў адзначае: «Вячаслаў у ліку самых вопытных участковых у нашым раёне і абслугоўвае адзін з самых складаных участкаў. Мае высокія паказчыкі ў рабоце па ўсіх напрамках. За маладымі супрацоўнікамі мы ў якасці настаўніка стараемся замацоўваць менавіта Вячаслава. Яго вопыт, веды і цудоўныя асабістыя якасці дазваляюць хутка навучыць маладых супрацоўнікаў асновам працы ўчастковых інспектараў. Вячаслава вельмі паважаюць і шануюць не толькі калегі па працы, але і кіраўніцтва. Хацелася б выказаць асаблівую падзяку яго маці Але Аляксандраўне, якая выхавала свайго сына прыстойным чалавекам, пажадаць ёй моцнага здароўя і доўгіх гадоў жыцця».
Таццяна АБОЗНАЯ, прэс-афіцэр Цэнтральнага РУУС г. Мінска.