Коллектив Докшицкой районной газеты посетил резиденцию Радзивиллов
Рэдакцыйным калектывам наведалі жамчужыны беларускай гісторыі – палацы ў Міры і Нясвіжы. Паездка, якую падрыхтаваў наш прафарганізатар, перасягнула ўсе спадзяванні. Але галоўным яе здабыткам было не тое, што зносіны ў нефармальнай абстаноўцы намнога лепш аб’ядноўваюць калектыў, чым у працоўнай. І нават не тое, што любы адпачынак у журналістаў – гэта імправізаваны паэтычны капуснік з жартаў, гумару і феерыі смеху. Ужо каторы дзень мы жывём натхненнем ад убачанай велічы і прыгажосці. І ад таго, што знаходзіцца яна не дзе-небудзь “за бугром”, а ў нашай роднай, сціплай Беларусі.
Тыя, каму сёння 45 год і старэйшыя, гісторыю краіны ў школе вывучалі без Вялікага Княства Літоўскага. Сённяшняму пакаленню дзіўна пра гэта чуць, але так было. Трыста найбольш важкіх і яркіх год з гісторыі народа былі свядома забыты. Не з рукі было тагачаснай уладзе расказваць беларусам пра іх былую магутную дзяржаву, дзе галоўны дзяржаўны дакумент, які стаў узорам законаў для еўрапейскіх краін ранняга Сярэднявечча, быў напісаны на беларускай мове. Для савецкіх беларусаў гісторыя радзімы пачыналася з 1917 года. Да гэтага часу ва ўяўленні існаваў толькі змардаваны беларус з верша Някрасава “Железная дорога”, які няўдала змагаўся з прыгнятальнікамі. Так, была беднасць, дарэчы, як і ўсюды ў свеце, быў прыгнёт і эксплуататары “смакталі” кроў з сялян. Але ж было і багацце, прыгажосць, адукаванасць, жылі мастацтва і літаратура, гучала музыка, і ліцвінская зямля, як і іншыя, дарыла свету геніяў. Цэнтрамі прагрэсу былі ўсё ж такі палацы, а не хаціны. Магутны магнацкі род Радзівілаў, які сталіцай сваіх шматлікіх уладанняў лічыў Нясвіж (у 15-16 стагоддзях яму належалі і землі на Докшыччыне), упрыгожыў свет і сваю радзіму дзяржаўнымі дзеячамі і палкаводцамі, епіскапамі і мецэнатамі. Міхал Казімір па мянушцы Рыбанька заснаваў у Нясвіжы друкарню, яго жонка Уршуля напісала 16 драматычных твораў і оперных лібрэта для Нясвіжскага тэатра. Магдалена Радзівіл была дзеячкай беларускага культурнага руху, а Януш Францішак Радзівіл – агентам НКУС у нацысцкай Германіі. Разам з Вольгай Чэхавай ён павінен быў аказаць дапамогу ў арганізацыі забойства Гітлера. Не ўдалося, тым не менш гітлераўцы адправілі яго разам з жонкай у Маабіт. Цудам князь з княгіняй засталіся жывымі. Зараз нашчадкі роду жывуць у многіх краінах свету, няма іх толькі на радзіме. Але некаторыя з іх праяўляюць патрыятызм і, забыўшыся пра крыўды, наязджаюць час ад часу ў Нясвіж. Былі тут дачка перадапошняга ардыната Нясвіжа Альбрэхта Радзівіла Эльжбета, якая ў свой час жыла ў палацы, а таксама ўнучка апошняга ардыната Нясвіжа Лявона Радзівіла Дзіяна. Бываў на радзіме продкаў і самы вядомы з сучасных Радзівілаў – буйны фінансіст Мацей.
Несумненна, што толькі ў незалежнай Беларусі магчыма было вяртанне грамадству гістарычнай спадчыны ў выглядзе палаца-крэпасці ў Міры і палаца-паркавага ансамбля ў Нясвіжы, якія ўнесены ў спіс Сусветнай спадчыны ЮНЭСКА. Сродкі ўкладзены велізарныя, бо Мір у савецкія часы ляжаў практычна ў руінах, а Нясвіж унутры быў перабудаваны пад санаторый. Яшчэ складаней было з вяртаннем аўтэнтычных рэчаў. Сёння ёсць што паглядзець і ёсць чым ганарыцца. Наведаць гэтыя мясціны, каб убачыць, зразумець нашу гісторыю, дакрануцца да яе – доўг кожнага свядомага беларуса.
НА ЗДЫМКУ: «роднавытокаўцы» ў Нясвіжы.