В Докшицком районе лауреат первой премии районного конкурса «Учитель года — 2014» Алла Балашко «развивает» малышей детского сада с помощью искусства театра
Дзіцячыя садкі – першыя ўстановы, куды трапляе маленькі чалавечак, упершыню адарваўшыся ад мамы, ад дома. Стрэс ад гэтага атрымлівае кожны. І тым не менш карысць знаходжання малышоў у дашкольных установах сёння не будзе аспрэчваць ніхто. Армія спецыялістаў у садках з дапамогай розных методык працуе над фізічным і псіхалагічным развіццём дзяцей. Лаўрэат першай прэміі ў намінацыі “Дашкольнае выхаванне” раённага конкурсу “Настаўнік года – 2014” Ала Балашка “развівае” сваіх малышоў з дапамогай мастацтва тэатра. Яна выхоўвае дзетак ад 2 да 4-х гадоў. Па словах педагога, у такім узросце навакольны свет лепш успрымаецца праз гульню, а лялькі – лепшыя сябры, якім можна даверыць усё. Вось і стварыла для гэтых мэт Ала Станіславаўна некалькі тэатраў. Напрыклад, пальчыкавы, які служыць для развіцця дробнай маторыкі. Гэта, калі дзеці апранаюць на пальчыкі спецыяльных лялек і самі выступаюць у ролі акцёраў. У час заняткаў педагог выкарыстоўвае шмат літаратурнага матэрыялу. Вельмі цікава аформлена памяшканне групы. Яно таксама працуе на прадметна-развіваючае навучанне. Для падобнай работы патрэбна, канечне, шмат цацак, развіваючых гульняў і іншага матэрыялу. Усё гэта Параф’янаўскі дзіцячы садок-яслі № 1 мае ў дастатковай колькасці, бо калектыў зацікаўлены ў канчатковым выніку сваёй працы. Набываюць неабходнае за ўласна заробленыя грошы ад здачы яблыкаў, працы платных гурткоў. Загадчыца садка Вольга Ільіч – чалавек турботны, не любіць застою і таптання на месцы. Не жыве спакойна сама і не дае заспакойвацца на дасягнутым падначаленым. Таму не дзіўна, што ў калектыве “вырас” такі спецыяліст, як Балашка.
У яе прафесійнай скарбонцы 25 год педагагічнага стажу. І на працягу ўсяго гэтага часу для спецыяліста былі ўласцівы фантазія, любоў да творчасці і імкненне да пастаяннага ўдасканалення. Крыху раней Ала Станіславаўна абагульніла вопыт па адраджэнні народных традыцый і плённа працавала ў гэтым кірунку. З гэтымі напрацоўкамі пацвердзіла сёлета сваю вышэйшую катэгорыю, якую атрымала ў 2006 годзе. Зараз багатым напрацаваным вопытам яна з задавальненнем дзеліцца з калегамі: кіруе раённым метадычным аб’яднаннем “Выхавацелі рознаўзроставых груп”.
Для настаўніка і выхавацеля таксама вельмі важна не толькі разумець дзяцей, але і ўмець наладжваць адносіны з іх бацькамі. Са “сваімі” Ала Станіславаўна сябруе. Яна для большасці з іх з’яўляецца вялікім аўтарытэтам, бо некаторых саміх памятае маленькімі дзецьмі. Бацькі безадгаворачна выконваюць яе парады, указанні і просьбы, бо ведаюць, што гэты адкрыты, добразычлівы чалавек усё робіць толькі на карысць дзецям.
Старэйшае пакаленне яшчэ добра памятае выхавацельку Марыю Вікенцьеўну Салавей. У яе, сваёй маці, шмат чаму, у тым ліку і любві да прафесіі педагога, вучылася ў свой час Ала. Зараз яна часам жартуе, што, маўляў, выпрацавала ўжо сябе ў садку, пара якой іншай справай заняцца. Больш спакойнай і менш адказнай. Такія думкі бываюць увечары, і яны характэрны для ўсіх, хто не проста працуе, а аддае ўсяго сябе без астатку рабоце, сям’і, захапленню. Але наступае раніца, і ногі зноў вядуць туды, дзе адбылося станаўленне, сталенне і прызнанне. А развітанне на самой справе даволі складаны і балючы працэс. Хоць ён і непазбежны, але няхай наступіць, як мага пазней.
Тамара АЛЬШЭЎСКАЯ.
НА ЗДЫМКУ: А.С. Балашка са сваімі выхаванцамі.
Фота А. Варанковіча.