О пользе прививок задумались в Докшицком районе
Восень і зіма – перыяд уздыму вострых рэспіраторных інфекцый, асабліва грыпу. Адзіны надзейны і бяспечны спосаб пазбегнуць яго – вакцынацыя, сцвярджаюць спецыялісты. Насельніцтва вагаецца і задае сабе пытанне: “Ці трэба рабіць прышчэпку ад грыпу?” На гэта пытанне адказвае сёння раённы тэрапеўт Зінаіда Аксновіч.
– Штогод з наступленнем халадоў нас наведвае стары знаёмы грып. Інфекцыйная хвароба, якую выклікаюць вірусы грыпу А і В, – гаворыць Зінаіда Пятроўна. – На грып хварэюць усе слаі насельніцтва, але па цяжкасці ён працякае ва ўсіх па-рознаму. У дзяцей і пажылых людзей грып можа працякаць у цяжкай, небяспечнай форме. Менавіта ў гэтай катэгорыі назіраецца найбольш высокая рызыка развіцця ўскладненняў, звязаных з таксічным уздзеяннем віруса на нервовую, сардэчна-сасудзістую сістэмы. Грып выклікае абвастрэнне хранічных хвароб або правакуе пнеўманію, менінгоэнцыфаліты, ацёк лёгкіх і іншыя хваробы.
– Заразіцца на грып можна лёгка?
– Вельмі лёгка. Вірус хваробы ад чалавека да чалавека перадаецца непрыкметна: пры размове, кашлі, чханні. Заразіцца можна на рабоце, у транспарце, у школе і дзіцячым садку, а потым перадаць хваробу сваім блізкім. Бывае, што чалавек пераносіць грып у “сцёртай” форме, гэта значыць, вядзе актыўны лад жыцця і паспявае заразіць іншых.
У тых, хто перахварэў, фарміруецца імунітэт, але толькі да таго штаму віруса, на які хварэў. Вакцынацыя дазваляе сфарміраваць імунітэт да ўсіх штамаў, актуальных для наступаючага эпідсезона і сфарміраваць імунную праслойку сярод насельніцтва. Гэта значыць, максімальна павялічыць колькасць людзей, якія маюць устойлівасць да віруса, і тым самым, знізіць захворваемасць як сярод прышчэпленых, так і тых, хто не рабіў прышчэпку. Таму штогадовая вакцынацыя супраць грыпу – адзіны эфектыўны сродак абароны ад захворвання.
– Каму прышчэплівацца трэба ў першую чаргу?
– Работнікам з высокай рызыкай захворвання. Гэта — працаўнікі сферы абслугоўвання, медработнікі, супрацоўнікі вучэбных устаноў. А таксама дзеці, школьнікі, студэнты, ваеннаслужачыя. Рэкамендую зрабіць прышчэпкі ўсім, каму за 60 год, і людзям з хранічнымі захворваннямі лёгкіх і сэрца, нырак, парушэннямі ў абмену рэчываў, хворым на цукровы дыябет, гепатыт, тым, хто часта хварэе на ВРЗ, ЛОР-захворванні, асобам з імунадэфіцытным станам.
Прышчэпліваем вакцынай флюваксін, якая не ўтрымлівае жывога віруса і не выклікае захворванні, а стымулюе выпрацоўку антыцел супраць грыпу. З пачатку вакцынізацыі прышчэпку зрабілі ўжо каля 700 чалавек. Жадаючыя зрабіць гэту працэдуру могуць звяртацца ў раённую паліклініку, кабінет № 20 з 10.00 да 16.00, перапынак з 12.00 да 14.00. У суботу кабінет працуе з 9.00 да 14.00.