Образованный фармацевт работает в Докшицком районе

У рэдакцыю звярнуўся жыхар Заборцаў Юрый Віктаравіч Паўловіч і ўсхвалявана паведаў пра выпадак, які здарыўся з ім у райцэнтры. Пажылы чалавек, які год таму перанёс інсульт і прыехаў на сваім аўто ў Докшыцы, раптоўна адчуў сябе кепска. Доўга не вагаючыся, паціснуў у аптэку, што па вуліцы Ленінскай у будынку раённага вузла паштовай сувязі. Фармацэўт Ала Галушка пасадзіла яго на банкетку і адразу змерыла крывяны ціск (добра, што якраз быў свой танометр). Затым прапанавала таблетку, каплі… Мужчыну стала лепш і ён, вярнуўшыся дамоў, патэлефанаваў у рэдакцыю, каб расказаць пра чалавечнасць фармацэўта і выказаць удзячнасць за аказаную медыцынскую дапамогу.

001
Мы сустрэліся з Алай на яе рабочым месцы. Пагутарыць у спакойнай абстаноўцы не давялося. Людзі ішлі адзін за другім. Адны дакладна ведалі, што ім патрэбна, другія – прасілі параду, каб пазбавіцца ад якойсьці немачы, накшталт, чым памазаць герпес, што выпіць супраць дыярэі.

Ала Васільеўна ўсміхаецца і тлумачыць, што ў іншых выпадках дакладна ведае спосаб лячэння, але бывае, што без назначэння ўрача дапамагчы хвораму не можа. Медвучылішча, што скончыла пасля школы ў Магілёве, дало веды па аказанні першай медыцынскай дапамогі, навучыла разбірацца ў хімічным складзе лекаў, а яшчэ – быць спагадлівай і чулай. Не зважаючы на тое, што паток людзей не заканчваецца і ногі напрыканцы рабочага дня гудзяць як электрычныя слупы, яна заўсёды ўважліва ставіцца да патрэб людзей, аўтаматычна і хутка падае патрэбны медыцынскі тавар.

– Вось мне выказалі ўдзячнасць, быццам я зрабіла штосьці незвычайнае, немагчымае, – разважае Ала Васільеўна. – А як інакш я магла паступіць, калі чалавеку дрэнна? Хаця не заўсёды ды і не ўсе імкнуцца рабіць дабро. Вось нядаўні прыклад. Ля шклянога акенца аптэкі з’явіўся прыгожы мужчына сярэдняга ўзросту. Чыста паголены, прыбраны. Папрасіў лекі для сваёй матулі. Пакуль я падавала іх, паспела падумаць: бываюць такія годныя мужчыны — статныя, адказныя за бацькоў… Але ў касе не аказалася патрэбнай купюры на рэшту і я папрасіла яго альбо размяняць сваю на пошце (тут жа побач), альбо купіць яшчэ адну пласцінку валідолу. Чулі б вы, што мне давялося пачуць пасля прапановы. Колькі злосці, непавагі лінуў на мяне раз’юшаны “прыгожы” мужчына. Якой падманлівай бывае знешнасць! А добрым і спагадлівым трэба быць кожнаму ў любой сітуацыі і розным настроі.

– У працоўнай кнізе Алы Галушка толькі два запісы, – гаворыць загадчыца цэнтральнай аптэкі Таццяна Гуц. – Пасля медвучылішча была размеркавана ў Заслаўль, а з 1988 года перабралася ў Докшыцы, на радзіму. Доўгі час рэцэптарыла ў цэнтральнай, зараз з’яўляецца загадчыцай аптэкі пятай катэгорыі. Працуе разам з Галінай Буглак. Папрокаў у іх адрас з нашага боку не бывае.

– З Галінай Сяргееўнай працаваць лёгка і добра, – засяроджвае ўвагу Галушка. – Мы дапаўняем адна другую. Я менш рухавая, трымаю ў парадку дакументацыю. У Галіны ўсё ў руках гарыць.

Нэлі БЯЛЯЎСКАЯ.

НА ЗДЫМКУ: фармацэўт Ала Галушка.
Фота В. Чарвінскага.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *