Работники культуры Докшицкого района получили поздравления в свой ​​профессиональный праздник

Работнікі культуры – гэта чараўнікі, якія ўмеюць зрабіць так, што “глядач заспявае, заплача, засмяецца”, гледзячы на дзеянне, якое адбываецца на сцэне. Гэта талент, які “важней усіх падручнікаў”, і ім спаўна валодаюць тыя, хто ў мінулую нядзелю адзначыў сваё прафесійнае свята.

У кінаканцэртнай зале “Іскра” сабраліся работнікі дамоў культуры і клубаў, школ мастацтваў, бібліятэк і музеяў, каб атрымаць словы падзякі за тое, што дзякуючы ім дзеці і дарослыя дакранаюцца да незвычайнага свету мастацтва і кнігі, знаёмяцца з таямніцамі музыкі, танца, тэатра і жывапісу.

Работнікаў культуры з прафесійным святам павіншавала намеснік старшыні райвыканкама В.Ю. Рандарэвіч. Яна ўручыла Ганаровую грамату раённага выканаўчага камітэта загадчыцы аддзела традыцыйнай культуры і аматарскай творчасці І.І. Сварцэвіч.

Цырымонію ўзнагароджання прадоўжыла старшыня Віцебскай абласной прафсаюзнай арганізацыі работнікаў культуры А.А. Сабірава, якая выказала словы ўдзячнасці работнікам культурнай галіны за працу і ўручыла Граматы ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі аблвыканкама кіраўніку клуба пчаляроў і аматараў мёду “Залатая пчолка” М.І. Радзюку, кіраўніку ансамбля Бягомльскай ДШМ “Сакавіца” А.У. Шаркевіч, касцюмеру ГЦК Н.М. Пузаковай, бухгалтару Л.С. Суднік, спецыялісту па кадрах А.Ч. Грыневіч, сакратару Цэнтра традыцыйнай культуры і народнай творчасці В.У. Валіцкай, прыбіральшчыцы Бягомльскай ДШМ С.А. Рагуновіч.

Віншавальныя словы прысутным было прыемна пачуць ад начальніка аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама І.М. Журомскай. Яна ўручыла таксама Граматы аддзела мастацкаму кіраўніку ГЦК А.А. Чысцяковай (на здымку), метадысту-майстру раённага Дома рамёстваў А.Г. Таляронак, загадчыцы Парплішчанскага СДК А.М. Камінскай, настаўніку па класу харэаграфіі Докшыцкай ДШМ С.П. Яцына, бібліятэкару Таргуноўскай сельскай бібліятэкі Н.А. Каралевіч.

DSC00013

Як заўсёды, вялікі інтарэс выклікала інтрыга ўручэння прэміі “Іскра” лепшым работнікам культуры, якія самі “гараць” на працы і ўмеюць зацікавіць іншых.

У намінацыі “Мудрае. Добрае. Вечнае” ўладальніцай статуэткі стала бібліятэкар дзіцячай раённай бібліятэкі Алеся Уладзімірава. “Ствараць святочны настрой” лепш за ўсіх сваіх калег умее загадчыца Сітцаўскага СДК Яўгенія Кішыла. Пераможцам у намінацыі “Музыкі чароўная сіла” стала настаўніца тэарэтычных дысцыплін Докшыцкай ДШМ Вольга Жалткевіч. За прэмію ў намінацыі “Прарыў года” змагаліся маладыя спецыялісты. Уладальніцай статуэткі стала настаўніца тэарэтычных дысцыплін Крулеўшчынскай ДШМ Марына Лернатовіч. Сваю хвіліну славы атрымалі і ўдзельнікі мастацкай самадзейнасці. Першы намеснік старшыні райста Таццяна Каляга адкрыла запаветны канверт з прозвішчам пераможцы і ўручыла статуэтку артысту народнага тэатра, салісту народнага ансамбля народнай песні “Раніца” Віктару Стадольніку. Прэмію ў намінацыі “Работа клапатлівая, але прыемная” атрымала касцюмер ГЦК Наталля Пузакова.

Шчаслівыя хвіліны прафесійнага свята з сённяшнімі працаўнікамі раздзялілі ветэраны культуры. Маладыя спецыялісты паўдзельнічалі ў гумарыстычнай “тэлепраграме” “Пра іх гавораць”.

Музычныя віншаванні работнікі культуры атрымалі ад самадзейных артыстаў сістэмы адукацыі раёна.

Завяршыла свята калектыўнае выкананне гімна культработнікаў.

Тэкст і фота Тамары АЛЬШЭЎСКАЙ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *