Счастливая мамочка троих сыновей живет в Докшицком районе

IMG_5971Вольга Бязверкава – шчаслівая матуля трох сыноў. Хлопчыкі – гэта яе радасць і мацярынскі гонар. Яны працавітыя, паслухмяныя, добра вучацца ў школе і, па словах дырэктара П.Б. Кацэйкі, ніколі не дастаўляюць настаўнікам турбот. Старэйшага Валодзю гэтак жа хваляць у Маладзечанскім політэхнічным каледжы, дзе ён зараз вучыцца. Асаблівых сакрэтаў падобнага выхавання сыноў, акрамя асабістага прыкладу бацькоў, Вольга Антонаўна не ведае. І, шчыра кажучы, крыху дзівіцца, калі некаторыя жанчыны пачынаюць спачуваць, як, маўляў, ёй цяжка адной працаваць, весці хатнюю гаспадарку. А што б яны сказалі, каб даведаліся, што ў сям’і, акрамя дзяцей і мужа, жыве яшчэ 90-гадовы дзядуля? З родным сынам стары чалавек не змог знайсці агульнай мовы. Даведалася пра яго сумнае жыццё ўнучка і забрала з дзядзькавай сям’і да сябе. Цеплыні і душэўнасці ў Вольгі хапае на ўсіх сваіх мужчын. А яны яе абагаўляюць і шануюць. Муж дорыць падарункі, а старэйшы сын віншуе матулю з любым святам па мабільным тэлефоне ў тры мінуты першага і толькі тады кладзецца спаць.

Першага сыночка яна нарадзіла ў 17 год. Не было ў іх з мужам тады ні кала, ні двара, ні дыпломаў. Суседкі сціскалі вусны і асуджана ківалі галавой, маўляў, маладая ды ранняя. Што б яны сказалі зараз, каб убачылі, як жывуць Бязверкавы? Вовачку было толькі тры гады, як яны следам за бацькамі Вольгі напачатку 90-х гадоў пераехалі ў Валкалату. Перад гэтым, праўда, перш спыніліся ў Смаленску, на радзіме мужа, але ўсё ж такі перавагу надалі Беларусі. У нашым раёне карані маці Вольгі. Уладзіслаў пайшоў працаваць вадзіцелем, а жонцы знайшлася работа ў канторы калгаса. Гаспадарка выдзеліла ім асобны дом. З вяскоўцамі Бязверкавы сышліся хутка. Працавітых людзей тут паважаюць, а ў іх жывёлы поўны хлеў, а панадворак “акупіравалі” гусі, качкі, куры. Птушкі – захапленне гаспадара і разводзіць ён іх не так на мяса, як для душы. З вадзіцеля, безумоўна, атрымаўся б добры арнітолаг.

Спакойнае жыццё і ўпэўненасць у будучым паспрыяла нараджэнню другога дзіця. Тата з нецярпеннем чакаў дачушку, медыкі таксама, а нарадзіўся хлопчык Жэня. Стаць шматдзетнымі бацькамі Бязверкавы, канечне, не планавалі. Але адважыцца на перарыванне цяжарнасці Вольга не рашылася і нават не думала пра гэта. Зараз шасцігадовага Сярожку яна лічыць падарункам божым. Старэйшыя, нават сямікласнік Яўген, ад бацькоў ужо далей, самастойнымі растуць хлопцы. А меншы са сваімі пытаннямі і расказамі цэлы вечар звініць як званочак, не дае сумаваць тату з маці.

Абавязкі па доме размеркаваны на ўсіх членах сям’і, кожнаму работа па сіле. Дзеці ўмеюць рабіць усё: накарміць жывёлу, прыбраць у доме, згатаваць ежу. Неяк у суботу павёз бацька маці на дзень завочніка ва ўніверсітэт, а калі вярнуліся, то Вользе заставалася толькі падаіць карову. Усё астатняе зрабілі хлопцы, нават агарод абаралі. Вось такія руплівыя, гаспадарлівыя трапяцца некаму зяці.

Гаворачы пра ўніверсітэт, ніколькі не памыліліся. Вольга Антонаўна, якая зараз працуе спецыялістам па аперацыйна-касавай рабоце ў Валкалацкім аддзяленні № 133 ЦБУ № 209 г. Докшыцы ААТ “ААБ “Беларусбанк”, завочна вучыцца ў Полацкім дзяржуніверсітэце. Вось так, у 34 гады яна практычна ўжо выканала жыццёвую праграму: адбылася як сапраўдная маці, руплівая гаспадыня, любячая жонка, адукаваны спецыяліст. На прыкладзе Вольгі Бязверкавай поўнае фіяска пацярпелі тыя, хто спачатку, у адпаведнасці з планам, атрымліваюць дыплом, потым выходзяць замуж, затым будуюць дом, набываюць аўтамабіль і толькі тады наступае чарга з’явіцца на свет дзіцяці. А яго бывае ўжо і Бог не дае.

Тамара АЛЬШЭЎСКАЯ.
НА ЗДЫМКУ: матуля Вольга Бязверкава са сваімі сыночкамі Сярожам і Яўгенам.
Фота В. Чарвінскага.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *