Семья Максимовичей из деревни Витуничи Докшицкого района вместе в заботах и радости

IMG_6057Больш чым 44 гады жывуць душа ў душу Валерый і Валянціна Максімовічы. А аб’ядналіся ў сям’ю пасля двух месяцаў знаёмства. Валянціна з Глыбоччыны прыехала па размеркаванні ў Вітунічы на работу аграномам. Валерый пасля арміі крыху працаваў у Ленінградзе, а затым вярнуўся на радзіму. Пазнаёміліся маладыя людзі і не сталі сумнявацца ў сваіх пачуццях: заключылі шлюб. Далей было звычайнае сямейнае жыццё: у клопатах, праблемах, радасцях. На свет нарадзілі трох сыноў, якія непрыкметна выраслі, пажаніліся, абсыпалі бацькоў унукамі…

Дом Максімовічаў у Вітунічах стаіць крыху наводшыбе, на старой Партызанскай вуліцы. Сюды перасяліліся гаспадары 13 гадоў таму. Валянціна Андрэеўна за гэта вельмі ўдзячна былому дырэктару саўгаса Валянціну Шчарбакову, у падпарадкаванні якога працавала доўгі час. Менавіта былы кіраўнік настоіў на тым, каб яго галоўны аграном пераехала ў дом з усімі выгодамі, дзе і каналізацыя ёсць, і вадзяное ацяпленне. Праца ў сельскай гаспадарцы і без таго складаная, каб не мець магчымасці, вярнуўшыся пасля яе, адпачыць…

Валянціна Андрэеўна нагадвае час, калі лета адчувала толькі па тым, што ішла касавіца траў, жніво… Дарэчы, на бедных вітуніцкіх землях зерневыя радзілі нядрэнна. 25 цэнтнераў з гектара бралі стабільна. Неяк намалацілі ў агульным аб’ёме 5 тысяч тон збажыны, што стала рэкордным вынікам. Цяпер з настальгіяй успамінаюцца тыя клапатлівыя гады. На пенсіі жыццё ідзе больш размерана і спакойна. Ёсць час паразважаць, зрабіць штосьці для душы прыемнае. А гэта – не абавязкова, напрыклад, збіраць гербарый, вышываць, бязмерна чытаць кнігі… Максімовічы з радасцю працуюць на прысядзібным участку. Вось, нарэшце, і малады сад разбілі. Там, дзе некалі быў агарод, пасадзілі саджанцы перспектыўных яблынь і груш, чарнасліву і чарэшні… Немалую плошчу зямлі адводзяць пад бульбу. Сёлета, да прыкладу, ля Асінавіка сабралі 100 мяшкоў, у той час, як іншыя гаспадары з такога ж надзелу мелі мяшкоў 10. “Усё патрабуе догляду”, — кажа былы аграном. Не ў адзіночным экзэмпляры ў Максімовічаў і дамашняя жыўнасць.

Па дарозе дамоў мы гаварылі не пра тое, якія гаспадарлівыя Максімовічы, а пра іх унутраны свет. Бачна, што жывуць яны між сабой у ладзе і згодзе. Урэшце, і ў каханні. І пра гэта не трэба было гаварыць. Варта бачыць, якой пяшчотай ахіляе жонку муж, з якой цеплынёй і адданасцю глядзіць яму ў вочы жонка. Трэба сумець пражыць разам не адзін дзясятак гадоў і не згубіць самае дарагое і каштоўнае. Вось бы так усім!

Нэлі БЯЛЯЎСКАЯ.
НА ЗДЫМКУ: ля альтанкі, дзе збіраецца ўся дружная і вялікая сям’я, яе аснова — Валянціна і Валерый Максімовічы.
Фота В. Чарвінскага.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *