“Стань заметным в темноте!”
Пад такой назвай у краіне з 6 па 19 кастрычніка праходзіць рэспубліканская акцыя. У яе рамках супрацоўнікі Дзяржаўтаінспекцыі Віцебшчыны праводзяць маніторынг аснашчанасці ўладальнікаў гужавых павозак святлоадбівальнымі элементамі. Адным з першых у графіку мерапрыемстваў стаў Воранаўскі сельсавет Віцебскага раёна. Інспектары праверылі абсталяванне павозак святлоадбівальнікамі, а таксама дапамаглі ўладальнікам гужавога транспарту ўстанавіць спецыяльныя ўстаўкі ў адпаведнасці з патрабаваннямі Правілаў дарожнага руху.
Згодна з ПДР, гужавая павозка павінна быць абсталявана спераду святлоадбівальнікамі белага колеру, ззаду – чырвонага. У час руху па дарогах у цёмны час сутак або ва ўмовах недастатковай бачнасці на гужавой павозцы дадаткова павінны быць устаноўлены ліхтары: белага колеру – спераду, чырвонага – ззаду.
У адпаведнасці з Кодэксам аб адміністрацыйнай адказнасці, за парушэнне Правілаў дарожнага руху вадзіцелі гужавых павозак нясуць адказнасць у выглядзе штрафу ў памеры ад 1 да 3 базавых велічынь (150 – 450 тысяч рублёў). Калі вадзіцель знаходзіцца ў нецвярозым стане, штраф павялічваецца ад 3 да 5 базавых велічынь (450 – 750 тысяч рублёў).
Возчык гужавой павозкі такі ж удзельнік дарожнага руху, як і любы вадзіцель або пешаход. Для кіравання гэтым відам транспарту не патрабуецца вадзіцельскага пасведчання, здачы экзаменаў па Правілах дарожнага руху, аднак гэта не вызваляе возчыкаў ад захоўвання асноўных патрабаванняў Правіл. Пры не вельмі вялікай колькасці гужавых павозак і невысокай хуткасці руху гэтых транспартных сродкаў ДТЗ з іх удзелам адбываюцца даволі часта і цяжкасць наступстваў іх высокая.
Так, у гэтым годзе аварыі з удзелам гужавых транспартных сродкаў і аўтамабіляў адбыліся ў Аршанскім, Шаркаўшчынскім і Сенненскім раёнах. Ва ўсіх выпадках ёсць пацярпелыя, у двух з іх возчыкі загінулі на месцы здарэння. 6 кастрычніка каля 19 гадзін 39-гадовы жыхар г. Віцебска, кіруючы аўтамашынай “ДЭУ-Нексія” на аўтадарозе Віцебск – Сянно паблізу вёскі Савінічы здзейсніў наезд на гужавую павозку, якая рухалася ў спадарожным напрамку пад упраўленнем 61-гадовага вясковага жыхара. У выніку аварыі возчык атрымаў цяжкія цялесныя пашкоджанні, ад якіх памёр на месцы здарэння.
У большасці падобныя здарэнні адбываюцца менавіта ў цёмны час сутак. Пры неспрыяльных умовах надвор’я, кароткай працягласці светлавога дня “цёмны” гужавы транспарт на праезнай частцы з’яўляецца вельмі небяспечным і пры сустрэчным раз’ездзе аўтамабіляў пазбегнуць наезду на павозку практычна немагчыма.
Супрацоўнікамі Дзяржаўтаінспекцыі прымяняюцца розныя меры пераканання ўладальнікаў гужавога транспарту аб неабходнасці яго абсталявання святлоадбівальнымі элементамі і выкарыстанні святлоадбівальных камізэлек. Аднак кожны ўдзельнік руху павінен сам думаць аб сваім жыцці, даражыць ім і бяспекай. Інакш сумная статыстыка па-ранейшаму будзе працягваць свой адлік.