Старейшина деревни Береснёвка Докшицкого района держит всё под контролем
– Старэйшына ў вёсцы – што гаспадар у доме, – зазначыла неяк кіраўнік справамі Бягомльскага сельвыканкама Людміла Дашыневіч, – таму і запрашаем на гэту пасаду людзей гаспадарлівых, нераўнадушных да спраў грамадскіх. Валянціна Бацэка з Бераснёўкі якраз такой старэйшынай і будзе.
Калі былі на Бягомльшчыне, вырашылі завітаць у некалі цэнтральную вёску былога калгаса імя Гастэлы для таго, каб пазнаёміцца, але не з Валянцінай Іванаўнай, бо пра яе не раз пісала наша газета, як пра лепшага жывёлавода гаспадаркі. Хацелася даведацца, як адчувае яна сябе ў новай ролі. Было праваслаўнае свята, таму жанчыну заспелі дома за праглядам тэлеперадачы. Нам, можна сказаць, пашанцавала. Хоць здароўе ўжо і не першы сорт (па словах самой кабеты), яна ўсё роўна ўся ў справах. З раніцы ідзе на ФАП, дзе яшчэ працуе санітаркай. Калі вяртаецца дадому, разам праводзіць і “інспектарскую” праверку вясковай гаспадаркі. У двух панадворках заўважыла толькі што прывезеныя дровы. Вельмі аператыўна адрэагавалі на яе званок у Прудніцкім лясніцтве, хаця з ляснічым Сяргеем Аўрыцэвічам у іх заўсёды поўнае ўзаемаразуменне. Добры хлопец, ведае, што пажылым людзям хочацца як мага хутчэй набыць паліва. Яны непакояцца, што трэба ж яшчэ наняць рабочых, каб тыя дровы спарадкаваць. Засталіся яшчэ тры гаспадары і пытанне з палівам на зіму будзе закрыта. Яно зараз, бадай, самае галоўнае. З ўсімі астатнімі, па словах старэйшыны, у Бераснёўцы поўны парадак.
– У краме тавараў хапае. Якіх няма, можна заказаць, – паведамляе Валянціна Іванаўна. – Мне, напрыклад, прывезлі прама на панадворак шыферу на дах. Сацработнікі ўсе добрыя. Без іх вельмі б складана прыйшлося старым людзям, асабліва адзінокім. Аўтобус ходзіць усе дні, акрамя аўторка і чацвярга. Дарогі зімой чысцяць своечасова, а летам – грэйдзіруюць. Тэлефонная сувязь працуе без збояў, пошта наогул выдатна. Тэлевізар бярэ 8 каналаў, ёсць Інтэрнэт. Чакаем больш хуткаснага. Самая вялікая радасць – у нас зноў пасля трохгадовага перапынку працуе ФАП. Фельчар Таццяна Савіцкая маладая, але ўважлівая і да людзей добразычлівая. Дзякуй вялікае за гэты падарунак кіраўніцтву аховы здароўя раёна.
Вось і атрымліваецца, што акрамя паліва і перагарэўшых вулічных ліхтароў, мне і турбавацца няма пра што. Яшчэ некалькі год таму набыццё кармоў для кароў было актуальным, а зараз і статка ў вёсцы ўжо няма. Не стала гаспадаркі і край апусцеў. Дамы стаяць без гаспадароў. Можа б хто з гаротных украінцаў да нас пераехаў ды жыў?
Хоць і невялікія абавязкі старэйшыны, але і іх мне ўжо цяжка выконваць. Пэўна адмаўляцца буду.
Так песімістычна закончыла свой аповед Валянціна Іванаўна, але мы гэтаму надта не паверылі. Не такі яна чалавек. Заўсёды ж была актывісткай, выступала на сходах, “рэзала” праўду-матку, змагалася за справядлівасць. Нездарма ж была ў свой час дэпутатам раённага Савета. Узрост, канечне, дае пра сябе ведаць, але жанчына, якая адна падымала дзяцей, не дзяліла работу на мужчынскую і жаночую, з усёй спраўлялася сама, і зараз не можа сядзець без справы. Дарэчы, вокны ў летнюю кухню ўставіла сама, плот загарадзіла таксама. Зараз плануе замяніць дах. Вось таму і ў вёсцы, як і ў хаце, у Валянціны Бацэка поўны парадак.
НА ЗДЫМКУ: В.І. Бацэка ля любімай каліны.
Тамара Альшэўская
Вячаслаў Чарвінскі (фота).